Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень вышыванай «Пагоні»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Светлана Калинкина назвала свой допіс у фэйсбуку «канфлікт пакаленьняў».

Гаворка пра журналістаў Алеся Залеўскага і Любоў Лунёву. У 1994 Алесь хадзіў у школу, а Любоў выкладала ў БДУ: «Алесь Залеўскі, які днямі атрымаў шэсьць мільёнаў штрафу за сваю работу (слонімскія ўлады пакаралі за працу журналістам – С.К.), выказаўся ў тым сэнсе, што ўсё роўна цікава працаваць – час пераменаў. – Якіх пераменаў? – сказала Люба Лунёва. – Дваццаць гадоў чакаем, і аніякіх пераменаў».

Неўзабаве ў сваёй стужцы ў фэйсбуку сустракаю допіс Ihar Taras з загалоўкам «Адраджэньне 2.0»:

– З таксістам размаўлялі ня шмат, актуальных тэмаў зусім не чапалі, у асноўным пра зімовыя шыны і дыскі. Аднак, ня гледзячы на тое, што ўсю дарогу гаварылі па-расейску, пры выхадзе ён раптам сказаў па-беларуску: «Дзякуй за прыемную кумпанію, да пабачэньня!». Прыйшоў дадому, залез у фэйсбук, а ў стужцы першым пастом карцінкі аншлягу з Дня вышыванкі. Сяджу, і думаю, можа гэта яно?

«Ды гэтую імпрэзу можна было на "Менск-Арэне" рабіць, а калі б яшчэ добра прарэклямаваць, ды стварыць мноства пляцовак, ды сабраць майстроў і актораў з усёй Беларусі!».

Падобныя выказваньні ў той ці іншай варыяцыі чуў ад сваіх знаёмых, калі Дзень вышыванкі заканчваўся, шчасьлівыя арганізатары з гарашчымі вачыма прымалі віншаваньні, вакол панавала атмасфэра радасьці і адзінства.

На Дні вышыванкі былі людзі самых розных узростаў, але на маё вока моладзь пераважала. Тая самая моладзь, якая ў сілу ўзросту ня памятае, што ўсе 1990-я і да пачатку 2000-х мітынгі былі ня толькі грамадзкімі акцыямі, але яшчэ і кірмашамі. Там можна было набыць газэты, кнігі, сувэніры. Проста паразмаўляць са знаёмымі, якіх бачыш гады ў рады. Паслухаць жывую музыку.

Ды што мітынгі – ажно да пачатку 2000-х у Менскіх сквэрах і парках ладзіліся музычныя опэн-эеры, а ў цэнтры такія міні-кірмашы арганізоўваліся на закрытых пляцоўках: Дом Літаратараў, Палац Прафсаюзаў, к/з «Менск», Дом Вэтэранаў плюс ДК ў мікрараёнах, клюбы і кінатэатры.

Вышываначная і шырэй – арнамэнтная – тэма выбухнула ў Беларусі зусім нядаўна, дзесьці зь сярэдзіны восені.

Я адразу зразумеў і падтрымаў пасыл Альгерда Бахарэвіча, якога такі вось вышываначны разгарот-паварот засмуціў.

Я сам у 1980-м годзе ў сваім першым клясе на ўрачыстасьці надзяваў кашулю, аздобленую нацыянальным арнамэнтам, падораную мне дзядулем, набытую ў самай звычайнай краме падчас камандзіроўкі дзеда ў Віцебск. «Дзе дастаў?» – Запытаўся ў мяне Франак Вячорка – рухавік вышыванкавага руху – пад апублікаваным фотаздымкам.

А ў БССР арнамэнт, сапраўды, і стылізаваны, быў неад'емнай часткай афіцыйнай савецкай беларушчыны. Таму многія і зьдзівіліся, калі пабачылі тое, як публіка з імпэтам сустракае вышываначную тэму.

Стылізаваны арнамэнт узяла за аснову свайго лягатыпу кампанія «Будзьма беларусамі!» яшчэ ў 2008 годзе. «Файна, – падумаў я, калі першы раз пабачыў, – гэта ж можа быць альтэрнатывай паўзабароненай нацыянальнай сымболіцы».

Але тады шырокія масы зацікаўленых у нацыянальным руху людзей не падхапілі ідэю. Для мяне відавочна, што на цяперашнюю актыўнасьць паўплывалі ўкраінскія падзеі.

Ва Ўкраіне людзі масава пачалі купляць і насіць вышыванкі. Здавалася б – навошта? Ва Ўкраіне ад пачатку незалежнасьці ёсьць свая нацыянальная сымболіка, а ў школах не распавядаюць пра тое, што гісторыя ўкраінскага народа пачалася пад чырвонымі сьцягам і зоркай.

Дзяржава – гэта абалонка. Адрозьненьне Беларусі ад Украіны ў тым, што наша абалонка ад 1995 году пазначаная савецкімі сымбалямі, зь якімі згодныя далёка ня ўсе грамадзяне. Гэтак сама, як ня ўсе ва Ўкраіне прымаюць нацыянальную сымболіку як дзяржаўную.

Ва Ўкраіне таксама дзяржаўная форма была без глыбокага зьместу. Таму ва Ўкраіне вышыванка сталася той дадатковай неафіцыйнай пазнакай свайго погляду на краіну: не савецкая, а менавіта ўкраінская.

Для Любові Лунёвай нічога не зьмяняецца ўжо дваццаць гадоў, бо яна памятае як было, і бачыць, што ўсе гады сфэры грамадзкай, а тым больш нацыянальнай, прасторы ўсё звужаюцца, зьмяншаюцца, драбнеюць і зьнікаюць.

А тыя, хто ня памятае «старыя часы», дэ-факта бачаць перамены. Як мы ў свой час адкрывалі для сябе «Пагоню» і б-ч-б сьцяг як альтэрнатыву савецкаму арнамэнту, так яны адкрываюць арнамэнт як альтэрнатыву чырвоным сьцягу і зорцы.

Форма бязь зьместу – нішто.

У Беларусі савецкая абалонка сыплецца ад старасьці як леніны ў райцэнтрах. На новых ленінаў ніхто грошы не выдаткоўвае, іх прыбіраюць. Але на месцы старых сымбаляў новыя не прыходзяць.

А замяніць іх можа толькі альбо сваё, альбо чужое – расейскае.

Я не магу сабе ўявіць арганізаваны зьнізу, безь дзяржаўнай мэдыйнай і адміністрацыйнай падтрымкі «Дзень балалайкі», дзе б тысячы людзей разьмяталі з прылаўкаў сувэніры зь мядзьведзямі, сарафанамі і самаварамі.

А «Менск-арэну» з імпрэзай пад назвай «Дзень Пагоні» ўявіць магу. Ужо дакладна магу.

Беларусы пакуль баяцца сябе, баяцца сказаць, што штосьці могуць зьмяніць: у сабе, у краіне.

Інтэлектуалы задаюцца пытаньнем, а што Беларусь можа даць сьвету?

Мой адказ: досьвед прарастаньня жывога праз накатаны зьверху асфальт.

Забыты ў Эўропе больш як сто гадоў таму досьвед.

З такім досьведам можна горы зьвярнуць – ці набудаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG