Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 cутак за пікет супраць Пуціна


Аляксей Шубара, фота з Фэсбуку Алега Корбана

Аляксей Шубара, фота з Фэсбуку Алега Корбана

15 сьнежня суд Цэнтральнага раёна Менску пакараў актывіста грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Аляксея Шубару арыштам на сем сутак за пікет супраць палітыкі Пуціна.

Судзьдзя Натальля Вайцэховіч прызнала яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Сьведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Менску Грызенка і Корзун, якія затрымлівалі актывіста, паведамляе spring96.org.

Аляксей Шубара затрыманы 12 сьнежня ў Менску ля Кастрычніцкай плошчы, дзе ён праводзіў адзіночны пікет. Актывіст быў зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам «Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна. Не сусьветнай вайне». Такім чынам ён выказваў пратэст супраць палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і распальваньня трэцяй сусьветнай вайны.

Выходныя да суду актывіст правёў у Цэнтральным РУУС Менску.

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Алег Корбан паведаміў, што ў ізалятары Аляксей захварэў, бо там холадна зраніцы, а пасьцельную бялізну і покрыва яму не выдавалі.

Паводле Корбана, Аляксей Шубара выйшаў у цэнтар Менску, «каб выказаць сваё меркаваньне пра палітыку Крамля, расейска-ўкраінскі канфлікт».

«Аляксей Шубара — звычайны хлопец, жыве ў здымнай кватэры на вуліцы Ангарская. Працуе ў будаўнічай фірме, больш-менш зарабляе на жыцьцё, мае сям’ю (выхоўвае малалетняе дзіця). Паўтара гады таму далучыўся да шэрагаў „Альтэрнатывы“, некалькі разоў браў удзел у акцыях, але ўсё абыходзілася безь перасьледу ўладаў».

XS
SM
MD
LG