Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахмед Закаеў: Ідэя чачэнскай незалежнасьці не памерла


Ахмед Закаеў

Ахмед Закаеў

Праз дваццаць гадоў пасьля пачатку вайны ў Чачні лідэр Рэспублікі Ічкерыя ня страціў веры ў справядлівасьць сваёй барацьбы.

Чачэнскі палітык і палітычны эмігрант Ахмед Закаеў, які жыве ў Лёндане, стаіць на чале ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя ў выгнаньні. Ён прадстаўляе погляды той часткі чачэнскага грамадзтва, якая ня страціла веры ў ідэю незалежнасьці Чачні.

Закаеў, актор паводле першай прафэсіі і былы старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Чачні, уваходзіць у палітычнае кіраўніцтва сэпаратысцкага руху зь сярэдзіны 1990-х гадоў. Пры прэзыдэнце Джахары Дудаеве Закаеў займаў пасаду міністра культуры, потым стаў міністрам замежных справаў і віцэ-прэм’ерам, у 2007 годзе ў эміграцыі ачоліў кабінэт міністраў. Браў удзел у абедзьвюх чачэнскіх войнах. Абвешчаны расейскімі сьледчымі органамі ў міжнародны вышук, аднак улады Вялікабрытаніі не знайшлі падставаў для выдачы Закаева Маскве і далі яму статус палітычнага ўцекача. У другой палове 2000-х гадоў адбыліся некалькі сустрэч Закаева з прадстаўнікамі цяперашніх чачэнскіх уладаў, у 2009 годзе быў праведзены сумесны Мірны форум па Чачні, на якім, аднак, не былі дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці.

У інтэрвію Радыё Свабода Ахмед Закаеў узгадвае першую чачэнскую вайну:

Закаеў: Па-сапраўднаму тая вайна для мяне пачалася 31 сьнежня. Па-сапраўднаму — гэта калі я пачаў успамінаць савецкія фільмы пра бамбаваньні, абстрэлы і ўсё іншае. 31 сьнежня Аслан Масхадаў даручыў мне і яшчэ некалькім маім таварышам дабрацца да Першага гарадзкога шпіталя. Было паведамленьне, што расейскія войскі, якія праніклі ў горад, захапілі гэты шпіталь, узялі ў закладнікі ўсіх, хто там знаходзіўся. У сувязі з гэтым Масхадаў спачатку прыняў рашэньне — паспрабаваць вызваліць шпіталь, а потым сказаў, што трэба проста заблякаваць гэтае месца. Вось шлях ад прэзыдэнцкага палаца да гарадзкога шпіталя пад абстрэлам і быў для мяне рэальным пачаткам вайны.

А псыхалягічна і маральна вайна для мяне пачалася недзе 26-27 сьнежня. Пасьля пасяджэньня кабінэту міністраў — я тады быў міністрам культуры, і гэта была апошняя, напэўна, нарада ў адносна мірных умовах ужо распачатай вайны, якая пакуль не набыла жорсткай формы. Калі я вярнуўся з нарады, будынак, у якім знаходзілася наша міністэрства, быў напалову разбомблены. У гэтым будынку знаходзіліся міністэрства культуры і мэрыя гораду. Я падняўся да сябе ў кабінэт — рамы і шыбы былі выбітыя... Джахар тады не дазволіў нам нічога вывозіць і нікога эвакуаваць. Ён да канца верыў, што вайны ня будзе, ён лічыў, што калі ўрад пачне эвакуацыю, то гэта выкліча паніку сярод насельніцтва. Калі я выйшаў з кабінэта, знайшоў нейкі кавалачак дроту — ня ведаю нават, навошта я гэта зрабіў — паспрабаваў зачыніць дзьверы, дротам прывязаў іх і сышоў... Якраз ішоў запіс добраахвотнікаў, апалчэнцаў на плошчы, ужо пасьля бамбаваньня. І я стаў у чаргу гэтых апалчэнцаў, якія запісваліся на фронт.

РС: Вы разумееце цяпер, навошта генэрал Дудаеў абвясьціў незалежнасьць Чачні? Не было іншага, палітычнага спосабу вырашыць праблемы, як вы лічыце?

Закаеў: Ну як вы можаце пра такія рэчы пытацца! Не Дудаеў абвясьціў незалежнасьць Чачні, гэта адбылося яшчэ да зьяўленьня Дудаева ў рэспубліцы. 26 лістапада 1990 году па ўказаньні Вярхоўнага Савету тагачаснай Чачэна-Інгушскай Рэспублікі сабраўся першы чачэнскі зьезд, на якім і была прынятая дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Зроблена гэта было нават не паводле капрызу Доку Заўгаева, тагачаснага кіраўніка рэспублікі, а фактычна паводле ўказаньня Вярхоўнага Савету СССР. У красавіку 1990 прыняты быў закон аб саюзных і аўтаномных рэспубліках, які ўраўняў аўтаномныя рэспублікі ў правах з саюзнымі рэспублікамі. Чачэна-Інгушская Рэспубліка аказалася ці не апошняй з аўтаномій, якія, у адпаведнасьці з гэтай пастановай, прынялі дэклярацыю аб сваім дзяржаўным сувэрэнітэце. Заўгаеў атрымаў наўпроставую інструкцыю з Крамля, з Масквы — прывесьці мясцовае заканадаўства ў адпаведнасьць з заканадаўствам цэнтру.

РС: У той час у Масквы былі складаныя адносіны з рознымі нацыянальнымі рэспублікамі, з Татарстанам, напрыклад. Што зрабіла вайну немінучай менавіта ў Чачэнскай Рэспубліцы, як вы лічыце? Чаму татарам удалося дамовіцца з Масквой, а чачэнцам не ўдалося?

Закаеў: З татарамі хацелі дамовіцца — і дамовіліся. Ельцын пасьля падпісаньня дамовы з Татарстанам заявіў аб тым, што ён гатовы сустрэцца з Джахарам Дудаевым, з прэзыдэнтам Чачэнскай Рэспублікі. Ён сказаў, што ён гатовы сустракацца з прэзыдэнтам Чачэнскай Рэспублікі і будзе дамаўляцца. Дудаеў адгукнуўся і сказаў, што Чачэнская Рэспубліка гатовая разгледзець прапановы, якія будуць абсалютна прымальныя для абодвух бакоў. На вялікі жаль, гэтая сустрэча не адбылася, шмат у чым дзякуючы таму, што ёй перашкаджалі людзі з акружэньня Ельцына (Сяргей Шахрай, Сяргей Філатаў, Генадзь Бурбуліс і, вядома, Руслан Хасбулатаў). З падачы Хасбулатова, тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету Расеі, прынялі рашэньне лічыць выбары, якія прайшлі ў Чачні, нелегітымнымі. Калі б сустрэча Дудаева зь Ельцыным адбылася, не было б ніякай вайны. Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што Дудаеў тады быў гатовы пайсьці на кампрамісныя рашэньні, якія не дапусьцілі б вайны ў Чачні і ў будучыні ўсталявалі б нармальныя ўзаемаадносіны з Расеяй. Але зацікаўленых у пачатку вайны сілаў у Расеі было вельмі шмат, а пасьля расстрэлу Белага дому Ельцына пераканалі: трэба выправіць імідж у сувязі з развалам СССР — маланкавай і пераможнай вайной, стварыць вобраз зьбіральніка дзяржавы, гэта значыць, пачаць вайну ў Чачні.

РС: Вайна ў Чачні суправаджалася масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Вялікую адказнасьць за гэтыя злачынствы нясе Расія. На ваш погляд, ці ёсьць чачэнская доля адказнасьці, доля адказнасьці тагачасных чачэнскіх уладаў і ваша асабістая у тым, што адбывалася? Бо былі і захопы закладнікаў, і «Норд-Ост», і Бяслан, вядомыя імёны Басаева і Хатаба, і адрэзаныя галовы заходніх спэцыялістаў таксама былі, і шмат чаго яшчэ. Як вы з усім гэтым жывяце?

Закаеў: Да таго часу, пакуль ня будзе заснаваны міжнародны трыбунал і ўсе вінаватыя за гэтыя злачынствы ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці, вайну ў Чачні нельга лічыць скончанай. Пакуль мы не прыцягнем да адказу ваенных злачынцаў, незалежна іх ад нацыянальнай прыналежнасьці, рускіх або чачэнцаў... Так, былі парушаныя правы чалавека, былі зьдзейсьненыя ваенныя злачынствы. Неабходна стварыць міжнародную незалежную камісію, правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. І я жыву з надзеяй на тое, што, можа быць, ўбачу гэты дзень, калі ваенныя злачынцы паўстануць перад судом. Са свайго боку я гатовы ў любы час — калі ёсьць нейкія прэтэнзіі ў адносінах да мяне ці ў адносінах да тых афіцыйных структураў улады, якія я працягваю прадстаўляць — зьявіцца перад міжнародным судом, супрацоўнічаць зь любой незалежнай камісіяй.

РС: На ваш погляд, канцэпцыя незалежнай Рэспублікі Ічкерыя, якую вы ўяўляеце, мёртвая як палітычны праект?

Закаеў: Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што ідэя чачэнскай незалежнасьці ня толькі не памерла, але стала яшчэ больш запатрабаванай, чым калі-небудзь. Сёньня 90 адсоткаў насельніцтва Чачні ўсьведамляюць, што такое незалежнасьць, яны ўсьведамляюць, што незалежнасьць — ня толькі незалежная дзяржава, што гэта ня нейкі прывілей, але што гэта яшчэ і найвялікшая адказнасьць ня толькі перад уласным народам, але і перад усёй міжнароднай супольнасьцю. Так, сёньня няма якіх-небудзь бачных прыкметаў падтрымкі лёзунгаў, якія былі актуальныя дваццаць гадоў таму — «Свабода або сьмерць». Сёньня актуальны лёзунг «Свабода і жыцьцё». Свабода і жыцьцё, пабудова сваёй незалежнай дзяржавы. У першай чачэнскай вайне асноўнай матывацыяй барацьбы былі ўспаміны аб дэпартацыі чачэнцаў 1944 году. 13 гадоў, праведзеныя маім народам у ссылцы, тыя страты, якія чачэнцы панесьлі ў пэрыяд дэпартацыі і падчас ссылкі — усё гэта давала матывацыю для тых, хто тады пачаў адстойваць свабоду і незалежнасьць. Вы ўяўляеце, наколькі мацнейшая гэтая матывацыя ў сёньняшніх чачэнцаў — пасьля дзьвюх войнаў, якія забралі столькі жыцьцяў, калі мноства людзей былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму і раскіданыя цяпер па ўсім сьвеце. Чачэнцы не забылі злачынствы, учыненыя пад сьцягам расейскіх войскаў. Чачэнцы гэтага не забылі, чачэнцы гэтага не забудуць, чачэнцы з гэтым будуць жыць да таго часу, пакуль яны не адновяць сваю дзяржаўнасьць. І гэта будзе азначаць перамогу справядлівасьці.

РС: Аднак такіх «пацёмкінскіх вёсак» ляяльнасьці рэжыму Пуціна, як у Чачні, не наладжваюць больш ні на воднай расейскай тэрыторыі. Толькі ў Грозным ёсьць праспэкт Пуціна, толькі ў Грозным у дзень нараджэньня прэзыдэнта Расеі тысячы людзей носяць па вуліцах расейскі сьцяг. Можа быць, вы перабольшваеце патэнцыял гатоўнасьці чачэнцаў да супраціву?

Закаеў: Я ня маю на ўвазе, што чачэнцы са зброяй у руках зноў уступяць у вайну супраць Расеі. Ні ў якім разе! Мы наваяваліся на гадоў 200 наперад. Чачэнцы не павінны дапусьціць, каб зноў была разьвязаная вайна паміж Расеяй і Чачнёй. Мы маем права гаварыць не аб пачатку новай вайны, а аб завяршэньні старой, усе прававыя падставы для гэтага ёсьць. Ёсьць дамова аб міры, падпісаная прэзыдэнтамі Ельцынам і Масхадавам у 1996 годзе, і на базе гэтай дамовы мы павінны заключыць мірнае пагадненьне з Расеяй і скончыць вайну.

А тыя моманты, пра якія вы кажаце — гэта форма выжываньня. У канцлягерах ў пэрыяд Галакосту ні адзін габрэй не крычаў пра тое, што хоча стварыць дзяржаву Ізраіль. Вязьні канцлягераў выжывалі як маглі. Я проста ўдзячны тым, хто застаўся на тэрыторыі Чачні. Менавіта дзякуючы тым, хто сёньня, хай нават з расейскімі сьцягамі, бегае адзначаць дзень нараджэньня Пуціна, мы захавалі гістарычную радзіму. Я ніяк ня стаўлю ім у дакор такія паводзіны. Яны знаходзяцца ў няволі, яны — людзі пад прымусам, яны павінны рабіць тое, што яны цяпер робяць, каб выжыць. А перайменаваньне праспэкта Перамогі ў праспэкт Пуціна — гэта менавіта тое, што абражае нацыянальнае пачуцьцё чачэнцаў. Гэта як калі б сёньня ў Ізраілі паставілі помнік Адольфу Гітлеру, чачэнцы менавіта так гэта і ўспрымаюць, хоць вымушаныя маўчаць. Але я вас запэўніваю: прыйдзе дзень, прыйдзе гадзіна, калі чачэнцы пачнуць гаварыць пра гэта наўпрост, будуць патрабаваць ад Расеі кампэнсацыі — ня ў форме матэрыяльнага пакрыцьця, а ў форме палітычнай кампэнсацыі, каб Расея прызнала незалежнасьць Чачні.

Цалкам інтэрвію чытаць тут

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG