Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённы суд выбачыўся за адказы на расейскай мове


Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

Жыхар Магілёва Валадар Цурпанаў дамогся ад суда Магілёўскага раёну выбачэньняў за расейскамоўныя адказы на ягоныя беларускамоўныя звароты.

У допісе з суда гаворыцца: «Прыносім прабачэньне ў сувязі з тым, што на Вашы беларускамоўныя звароты Вам былі накіраваныя адказы на расейскай мове».

У тым, што патрабаваньні Цурпанава абгрунтаваныя, а раённы і абласны суд парушылі ягоныя правы пацьвердзіў Вярхоўны суд. Туды зьвярнуўся са скаргай руплівец беларускай мовы пасьля таго, як абласны суд не знайшоў падставаў, каб задаволіць прэтэнзіі грамадзяніна да раённага суда.

Выбачэньнямі Валадар Цурпанаў задаволены, аднак зазначае: яму прыкра, што такія, на ягоную думку, простыя рэчы запатрабавалі столькіх высілкаў:

«Тут я не магу казаць пра некампэтэнтнасьць судзьдзяў, бо судзьдзі паводле вызначэньня мусяць быць кампэтэнтнымі. Тут спрацаваў, відаць, нейкі іншы чыньнік, які стаўся прычынай парушэньня майго працэсуальнага права. Няма ў судзьдзяў такой практыкі, ці завядзёнкі, калі да іх зьвяртаюцца па беларуску, то яны аўтаматычна мусяць адказваюць на мове звароту. Існуе відаць і ўпартасьць самой сыстэмы. Паколькі дзяржава не дэманструе рэальнага стаўленьня да носьбітаў першай дзяржаўнай мовы, то і тыя, хто ўбудаваны паводле сваёй пасады ў гэтую сыстэму, дзейнічае ў межах такіх установак», тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі Валадар Цурпанаў.

Паводле адказу ўжо зь Вярхоўнага суду, у дачыненьні да старшыні раённага суду за расейскамоўныя адказы, як пазначана, «прынятыя меры арганізацыйнага характару».

Валадар Цурпанаў тым часам чакае выбачэньняў з абласной пракуратуры. Зь яе, паводле Валадара, адпісаліся аналягічна, як і з абласнога — прэтэнзіі не абгрунтаваныя.

Падцьвердзіў Вярхоўны суд слушнасьць патрабаваньняў Цурпанава і па яшчэ адным пытаньні — раённы суд адмаўляўся яму выдаваць рашэньне па справе працоўнай спрэчкі.

Раней Валадар Цурпанаў ад раённага суду дамогся, каб ягоныя пазовы супраць былога працадаўцы, адміністрацыі арматурнага заводу, разглядаліся на беларускай мове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG