Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайбаксёр Варац: Мусіш любіць сваю радзіму, мусіш размаўляць на роднай мове


Дзьмітры Варац з першым прафэсійным чэмпіёнскім поясам

Дзьмітры Варац з першым прафэсійным чэмпіёнскім поясам

Прадстаўнікі беларускай школы адзінаборстваў працягваюць радаваць сваіх прыхільнікаў.

Пад канец году чэмпіёнскі пояс прымераў гарадзенец Дзьмітры Варац — у Браціславе ён стаў чэмпіёнам сьвету па вэрсіі W5 пад эгідай Усясьветнай арганізацыі прафэсійнага кікбоксінгу. Дагэтуль вышэйшымі дасягненьнямі 26-гадовага спартоўца былі перамогі на эўрапейскіх турнірах. Перад адлётам на зборы ў Тайлянд трыюмфатар прыадчыніў сакрэты посьпеху беларусаў, адзначыў чалавечыя і прафэсійныя якасьці трэнэра Юрася Булата, адзначыў розьніцу паміж Горадняй і Менскам, а таксама ўзьняў тэму важнасьці роднай мовы.

«Чаму беларусы моцныя? Можа, нам гэта трэба болей, чым іншым»

— Дзьмітры, наколькі хвалююча трымаць у руках такі вось пампэзны пояс чэмпіёна сьвету? Дагэтуль былі ня менш важныя, але ўсё ж тытулы кантынэнтальнага значэньня...

— Было няпроста, можна нават казаць, што цяжка. Складаныя былі супернікі, асабліва першы бой з тайцам Тангчаем Кіатпрапатам. Але ўрэшце ўсё склалася. Таму шлях да гэтага чэмпіёнскага пояса аказаўся доўгі — фактычна ўсё маё жыцьцё, пражытае ў спорце. Яшчэ ў дзяцінстве, як бачыў такія вось чэмпіёнскія паясы па тэлебачаньні, заўжды марыў, што калі-небудзь такі ж будзе і ў мяне. Таму калі браць кропкай адліку тыя часы, то сапраўды ішоў да гэтага ўсё сваё наступнае жыцьцё.

Салодкае імгненьне перамогі

Салодкае імгненьне перамогі

— Відаць, што на чэмпіёнскі статус адпаведным чынам настройваюцца і супернікі? Ці азначае гэта, што ў нейкім сэнсе цяпер будзе цяжэй?

— Так, цяпер трэба будзе яшчэ болей трэніравацца, каб гэты статус чэмпіёна сьвету захаваць у сябе. Бо сапраўды, зусім інакш ужо будуць глядзець на цябе праціўнікі, будуць больш грунтоўна рыхтавацца. Справа ў тым, што празь нейкі час пояс давядзецца адстойваць, як нехта кіне выклік. Таму цяпер мая задача — гэтаксама зрабіць усё, каб ня толькі пакінуць у сябе гэты чэмпіёнскі пояс, але і па магчымасьці ўзяць ў сваю скарбонку і парачку іншых.

— Адкуль у беларусаў такія здольнасьці да адзінаборстваў? Тайцы як заканадаўцы моды ў гэтай дысцыпліне — зразумела, а вось з эўрапейцаў — беларусы, украінцы, расейцы. Чаму менавіта славяне?

— Для цяперашняга пакаленьня найлепшым прыкладам зьяўляюцца нашы трэнэры. Усе яны раней баксіравалі, былі чэмпіёнамі сьвету і Эўропы, а цяпер перадаюць нам свой досьвед. Таму на пытаньне, чаму мы такія, можна адказаць проста: таму што яны былі такімі ж. Прыяжджалі ў Тайлянд і на вачах мясцовай публікі білі «непераможных» тайцаў, ня кажучы пра ўсіх астатніх. Мы проста бяром з іх прыклад, робім тую ж самую справу. У нас вельмі насычаны трэніровачны графік, мы часта сустракаемся на зборах, абмяркоўваем стратэгію. Дзякуючы ўдаламу сымбіёзу трэнэраў і спартоўцаў, ёсьць ад каго і каму перадаць назапашаны досьвед. У нас сфармавалася добрая каманда, уся зборная складаецца з рэальна моцных хлопцаў. Чаму так? — Можа нам гэта болей трэба, чым камусьці. Можа так, ня ведаю.

З трэнэрам Юрасём Булатам

З трэнэрам Юрасём Булатам

— У Беларусі прадстаўлены розныя школы, клюбы адзінаборстваў; з году ў год яны спраўна выхоўваюць чэмпіёнаў сьвету, Эўропы. Можа, справа ў неадпаведнай канкурэнцыі?

— Раней сапраўды было так: калі ты выяжджаеш на міжнародныя спаборніцтвы, і табе жэрабя вызначае суперніка з Турэччыны, Літвы ці Польшчы, то можна было спакойна выдахнуць і, як кажуць, расслабіцца. Але цяпер усё крыху інакш: прынамсі на чэмпіянаце сьвету агульны ўзровень істотна вырас. З кім бы ты не баксіраваў — трэба добра пастарацца, каб выйграць бой.

«Перажываньні перад боем — гэта тыя хвіліны, дзеля якіх і жыць варта»

— Паглядзім, ці сыходзяцца пазыцыі выхаванца з настаўнікам. Юрась, вы — шматразовы чэмпіён сьвету, Эўропы, пераможца розных турніраў. Дзякуючы тайбаксёрам, кікбаксёрам, пра Беларусь ведаюць больш, чым, мабыць, дзякуючы ўсім астатнім відам спорту, разам узятым...

— Абсалютна. Але нават мне, як трэнэру, цяжка адназначна сказаць, чаму так склалася. Мабыць, тут і нейкае натхненьне, і нейкія абставіны, і зоркі так сталі, і тыя ж трэнэры, як кажа Дзіма, сваім прыкладам, можа, натхняюць байцоў. Але калі па нашых дасягненьнях — дасягненьнях Дзімы, іншых хлопцаў — ведаюць і пра Беларусь, і пра беларусаў, гэта значыць, што мы рэклямуем, прапагандуем на міжнароднай арэне нашу краіну. У нашым відзе адзінаборстваў сапраўды ўсе добра ведаюць: ага, раз Беларусь — значыць, там вельмі добры тайскі бокс, альбо кікбоксінг. Слава такая ідзе ўжо наперадзе спартоўцаў, і калі іншыя выходзяць змагацца на рынг зь беларусам, то для іх гэта горшае жэрабя, лепш бы такога не было (сьмяецца). Я ведаю, што гэта сапраўды так. Магу сказаць адно: самыя цікавыя ўражаньнi, самае цікавае жыцьцё — гэта часы спорту. Калі ты змагаесься, калі езьдзіш, калі маеш новыя знаёмствы, адкрываеш новыя краіны; калі адчуваеш вось гэты ўздым, перажываньні перад боем — усё гэта тыя хвіліны, дзеля якіх і жыць варта.

Мэдытацыя з трэнэрам

Мэдытацыя з трэнэрам

— Дзьмітры, на колькі разумею, цяпер Вы жывяце фактычна на два гарады?

— Так, на два гарады, бо сям’я ў Горадні, асноўная падрыхтоўка — у Менску. Калі ў мяне плянуюцца адказныя баі, то на нейкі час прыяжджаю рыхтавацца сюды, у Менск, а пасьля ўжо выпраўляемся на турніры. Адпаведна, калі няма паядынкаў — я ў Горадні. Але апошнім часам баёў вельмі шмат, і сям’ю бачу зусім мала. Сумую, канечне, па жонцы Анжэліцы, па сыне. Ільлі хутка будзе два гады, але ён ужо ўсё разумее, таксама сумуе, чакае мяне. Звычайна кладзецца а 9-й вечара, а калі я прыяжджаю, цяжка заснуць і аб 11-й — тата побач, сьмех, гульні. Жонка кажа, што як бачыць мае баі, якія трансьлююць у наўпроставым эфіры на інтэрнэт-каналах, дык адразу паказвае пальцам, што там бацька, рукі ўверх уздымае, радасна сьмяецца.

— Параўноўваючы Горадню і Менск, як расставіце прыярытэты ў сэнсе зручнасьці, прывабнасьці?

— Як для жыцьця зь сям’ёй, то мне больш падабаецца Горадня. Тут я патрыёт свайго горада. Калі гаварыць пра спорт, пра трэнэраў, пра спарынг-партнэраў, пра каманду — то, безумоўна, Менск. Перадусім, з практычнага гледзішча.

Маленькі Ільля ганарыцца татам

Маленькі Ільля ганарыцца татам

— Як увогуле здарылася, што вы апынуліся ў клюбе «Bulat Gym»? Хто каго заўважыў: вы трэнэра ці наадварот?

— У сярэдзіне 2000-х, калі толькі пачаў трэніравацца, мы зь Юрасём Булатам пазнаёміліся на зборах. Але яшчэ да таго, як нават не падазраваў, што Юрась урэшце стане маім трэнэрам, а бачыў яго толькі па тэлевізары ці падчас чэмпіянату краіны, я заўсёды захапляўся тым, як ён працуе. Мне ўжо тады хацелася нейкім чынам пазнаёміцца зь ім, паспрабаваць сумесна папрацаваць. Дык вось гадоў восем таму мы прыехалі на зборы ў Польшчу. Я тады трэніраваўся ў Горадні ў іншага трэнэра. Там быў і Юрась Булат. Мы пазнаёміліся, адчулі адзін да аднаго прыязнае стаўленьне. Я тады прызнаўся, што хацеў бы менавіта зь яго браць прыклад. І калі я прыяжджаў на зборы ў Менск — абавязкова ішоў у клюб «Булат» да Юрася, бо хацеў, каб ён паказаў, даў мне тое, што ўмее сам. Мне заўсёды падабалася, ня толькі як ён паводзіць сябе ў рынгу як спартовец, але і як мысьліць, як разважае па жыцьці. Ад таго часу так тут і застаўся.

Працэдура ўзважваньня

Працэдура ўзважваньня

«Размаўляю па-беларуску, а „выстрэльваюць“ польскія словы»

— Вы практычна увесь час у разьездах, за мяжой, сустракаецеся з абсалютна рознымі людзьмі, якія выразна пазыцыянуюць сябе як прадстаўнікі той ці іншай нацыі. Ці не «размываюцца» ў гэтым сэнсе беларусы побач з тымі ж расейцамі? На колькі асэнсоўваюць, што абараняюць гонар дзяржавы?

— Асабіста я — патрыёт сваёй радзімы, і гонар за Беларусь, за беларусаў у мяне прысутнічае заўсёды. Калі ты некуды прыяжджаеш, выйграеш паядынак, і гучыць гімн, і ты выходзіш са сьцягам — гэта надзвычай моцныя, узьнёслыя пачуцьці. Акрамя таго, калі на цырымоніі адкрыцьця ідзуць шмат спартоўцаў, і стаіць каманда Беларусі, іншыя зборныя на яе глядзяць інакш — з асаблівай павагай, як на годных супернікаў.

— Зноў жа, у адзінаборствах апошнім часам зьявілася нямала людзей, якія ўласным прыкладам прапагандуюць беларускае: і мову, і гісторыю, і культуру. Гэта ваш трэнэр Юрась Булат, калегі Віталь Гуркоў, Дзьмітры Валент ды іншыя. Ваяры найбольш сьвядомыя?

— Так і ёсьць, але гэткім чынам трэба паводзіць сябе ўсім. Тут ужо не павінна быць ніякіх падзелаў — на адзінаборствы ці гульнявыя віды спорту. Ты — беларус, ты — патрыёт. Апрыёры маецца на ўвазе, што ты мусіш любіць сваю радзіму, мусіш размаўляць на роднай мове. А то бывае проста сорамна: я вось размаўляю з Вамі па-беларуску, а ў мяне «выстрэльваюць» польскія словы. Я — з Горадні, як іншыя гарадзенцы, так ці інакш зьвязаны з Польшчай. Аб’ектыўна склалася, што больш размаўляю на польскай, чым на беларускай. Зразумела, пісьменна па-польску не гавораць, але ўсё роўна такі вось перакос. Гэта я вяду да таго, што трэба ведаць беларускую мову, трэба, каб па-беларуску трансьлявалі нацыянальныя тэлеканалы, ладзіліся дзяржаўныя імпрэзы. Нават памятаю са свайго дзяцінства, калі хадзіў у садок, родная мова гучала — хай на ўзроўні вітаньня, вершыкаў, але дзеці яе чулі. Цяпер жа гэтага няма. Увогуле парадокс: у Горадні ёсьць школы польскія, а беларускіх няма.

Чарговы нялёгкі паядынак

Чарговы нялёгкі паядынак

— Ваш трэнэр Юрась Булат у гэтым сэнсе — сапраўды прыклад для перайманьня. Выдатная беларуская мова, годная грамадзянская пазыцыя. Юрась, калі ласка...

— Нават у прэзыдэнта ня так даўно быў выступ на беларускай мове, падчас якога ён выказаў сваё меркаваньне адносна будучыні нашай мовы. Цудоўна, каб вось так адбылося на самай справе, як ён раіў. Увогуле беларусы такія людзі, што чакаюць нейкай рэкамэндацыі, прыкладу. І каб быў прыклад кіраўніка краіны, напэўна, хутчэй пачалі б і размаўляць, і аднавілі б нашыя карані, і веданьне мовы, і гісторыі. Пакуль, на жаль, усё гэта ў вельмі цяжкім стане. Хочацца плакаць, скажам так. Нават беларускія навіны па тэлебачаньні — на расейскай мове, ну дык што гэта такое? Безумоўна, трэба, каб, сярод іншага, нейкая ініцыятыва сыходзіла ад першай асобы дзяржавы, каб ён і прамовы свае рабіў на беларускай мове. Часам так і адбываецца, але, зразумела, хацелася б, каб часьцей. Я ня ведаю, якім чынам усё гэта зрушыць, але, можа, трэба, каб нашы парлямэнтары, якіх мы абіралі і ўпаўнаважылі, над гэтым больш сур’ёзна задумаліся. Але паварочвацца да беларушчыны адназначна трэба...

«Хацелася б зарабляць як прафэсіянал, але пакуль не атрымліваецца»

— Вернемся да спорту. Дзьмітры, якія ў вас стасункі з прадстаўнікамі іншых школаў, клюбаў? Гэта канкурэнцыя ці партнэрскія, сяброўскія адносіны?

— Тут трэба разглядаць розныя этапы: калі-нікалі гэта сапраўды канкурэнцыя, а ў бальшыні сваёй, здаецца, усё ж сяброўскія адносіны. Напрыклад, ёсьць чэмпіянат краіны, дзе ты павінен баксіраваць нават са сваімі сябрамі, змагацца за тое, каб быць лепшым і прадстаўляць нашу дзяржаву на міжнароднай арэне. Тады гэта канкурэнцыя. А калі мы разам выяжджаем на міжнародныя спаборніцтвы — тады гэта каманда сяброў, аднадумцаў. Шчыра кажучы, большая частка нашага жыцьця ўсё ж мае на ўвазе сяброўства.

Прыемны смак золата

Прыемны смак золата

— Шмат хто ня тое што ня любіць, а не разумее кантактныя адзінаборствы. Мала таго, што ты сам некага б’еш, але ж б’юць і цябе. Сінякі, падцёкі, траўмы. Крывавае жыцьцё ў прынцыпе...

— Ну, гэта наша жыцьцё, мы яго самі выбралі — цяпер назад ходу няма. Зь дзяцінства мне гэта падабалася: калі глядзеў фільмы з Ван Дамам, з Брусам Лі. Бадай, ледзь ня кожны мой аднагодка хацеў умець біць з развароту нагой, садзіцца на шпагат. Таму пайшоў у спорт, тады яшчэ — на каратэ. Бацька вадзіў мяне ў адно месца, ў другое, у трэцяе, стараўся, але ўсё нешта было ня тое. А мой брат Юры ўжо займаўся кікбоксінгам. Неяк трапіў на заняткі, мне гэта спадабалася, і я застаўся ў гэтым відзе адзінаборстваў. То бок, фактычна як пачаў у 11 гадоў, наступныя 15 гадоў — толькі ў спорце, у адзінаборствах. І калі запытваюць, ці не шкадую, адказваю адназначна — не. Другі раз выбраў бы тое ж самае.

— У фінансавым сэнсе існуюць куды больш прыбытковыя віды спорту, дзе атлеты атрымліваюць мільённыя ганарары. А што ў тайбоксе, у кікбоксінгу?

— У фінансавым пляне хацелася зарабляць як прафэсіянал — сваёй работай баямі карміць сябе і сваю сям’ю. Тым больш, у мяне ёсьць сын, якога трэба паставіць на ногі. Неабходна зьбіраць на хату, таму што яе няма, на машыну таксама. А гэта цяжка. Таму даводзіцца дзесьці хадзіць трэніраваць дзяцей, навучаць жаночыя групы. Нядаўна ў нас у Горадні адчынілася спартовая заля, дзе я таксама працую трэнэрам. Ёсьць падтрымка з боку дзяржавы: у Міністэрстве спорту я знаходжуся на стаўцы, мне там плацяць заробак. Але, зноў жа, гэтага не хапае.

Бонус – здымак з прыгажунькамі

Бонус – здымак з прыгажунькамі

Дзьмітрый Варац нарадзіўся ў Горадні 8 сьнежня 1988 году. Вучыўся на факультэце фізычнага выхаваньня Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Тайскім боксам пачаў займацца з 11 гадоў, гучна заявіў пра сябе ўжо на юніёрскім узроўні.

Лепшыя аматарскія вынікі:
  • 2007. Тайлянд: чэмпіён сьвету сярод юніёраў у муай-тай
  • 2007. Сэрбія: чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу WAKO
  • 2008. Карэя: фіналіст чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2009. Латвія: бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы ў муай-тай
  • 2009. Тайлянд: фіналіст чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2010. Італія: бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы ў муай-тай
  • 2010. Тайлянд бронзавы прызэр чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2011. Нямеччына: Эўрапейскі муай-тай, уладальнік кубку
  • 2011. Турэччына: чэмпіён Эўропы ў муай-тай
  • 2011. Узбэкістан: бронзавы прызэр чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2012. Беларусь: чэмпіён у кікбоксінгу і муай-тай
  • 2012. Турэччына: Эўрапейскі муай-тай, уладальнік кубку
  • 2012. Расея: бронзавы прызэр чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2013. Партугалія: Эўрапейскі муай-тай, чэмпіён
  • 2013. Расея: бронзавы прызэр сьвету ў баявых адзінаборствах
  • 2014. Малайзія: фіналіст чэмпіянату сьвету ў муай-тай
  • 2014. Польшча: чэмпіён Эўропы ў муай-тай
Лепшыя прафэсійныя вынікі:
  • 2008. Беларусь: чэмпіён Эўропы (EMT), пояс чэмпіёна
  • 2008. Шатляндыя: фіналіст турніру за тытул чэмпіёна WMC
  • 2009. Вялікая Брытанія: чэмпіён Эўропы па вэрсіі WMC
  • 2010. Беларусь: чэмпіён сьвету (EMT), пояс чэмпіёна
  • 2012. Беларусь: чэмпіён свету (WKN)
  • 2014. Расея: пояс чэмпіёна-2014 (W5)
  • 2014. Славаччына: чэмпіён свету (W5)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG