Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя ў Італіі беларускія фанаты вызваленыя. Суд перанесьлі на чэрвень (ВІДЭА БОЙКІ)


Разгляд спраў арыштаваных 11 сьнежня ў Італіі фанатаў футбольнага клюбу «Дынама» (Мінск) адбудзецца 15 чэрвеня 2015 году, паведаміў беларускі МЗС на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Твітэр».

«Правамернасьць арышту заўзятараў органамі правапарадку 11.12 суд пацьвердзіў, але з прычыны адсутнасьці сацыяльнай небясьпекі яны вызваленыя... Як паведаміў супрацоўнік амбасады з залі суду, беларускія заўзятары могуць пакінуць тэрыторыю Італіі... Бо абвінавачваньне настойвае на наяўнасьці доказаў правапарушэньня, новае судовае паседжаньне прызначанае на 15.06.2015», — растлумачыў МЗС.


Як паведамляе БелаПАН, супрацоўнік консульскага аддзелу беларускай амбасады ў Італіі быў накіраваны ў Флярэнцыю для аказаньня консульскай дапамогі затрыманым. Ён прысутнічаў у мясцовым Палацы правасудзьдзя, дзе 12 сьнежня разглядаліся справы фанатаў. Быў забясьпечаны пераклад.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА: ВІДЭА БОЙКІ


Перад матчам Лігі Эўропы «Фіярэнціна» (Флярэнцыя) — «Дынама» (Мінск) быў затрыманы 61 заўзятар каманды гасьцей. 48 зь іх забаронена наведваньне футбольных матчаў на тэрыторыі Італіі на працягу пяці гадоў. Астатнім 13 пагражае больш суворае пакараньне.

Інцыдэнт адбыўся пасьля таго, як беларускія фанаты, якія сабраліся ў адным з флярэнтыйскіх пабаў, адмовіліся сесьці ў аўтобусы, якія павінны былі іх даставіць на стадыён, і паспрабавалі правесьці шэсьце па вуліцах горада. У выніку сутыкненьняў пацярпелі шэсьць карабінэраў, адзін афіцэр паліцыі і некалькі фанатаў. Заўзятары кідалі ў паліцыянтаў піўныя бутэлькі і крэслы зь піўбару. У іх адабраныя дубінкі, дымавыя шашкі, маскі і плякат з кельцкім крыжам, які сярод скінхэдаў, расістаў і нэанацыстаў выкарыстоўваецца для абазначэньня перавагі белай расы.

Усяго на гульню прыбыло больш за 220 фанатаў «Дынама». Матч завяршыўся сэнсацыйнай перамогай беларускага клюбу — 2:1.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG