Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лісты з акупаванага Данбасу». Пётр


Мястэчка Папасна Луганскай вобласьці, 1 кастрычніка 2014

Мястэчка Папасна Луганскай вобласьці, 1 кастрычніка 2014

Радыё Свабода пачало новую рубрыку, аўтарамі якой сталі жыхары захопленых ваеўнікамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Жыхар Луганску Пётр Іваноў піша пра жыцьцё падчас вайны.

Блякада Луганску ўлетку 2014 году была чаканая. Вайна ішла ўжо поўным ходам, горад абстрэльвалі, і ўсе, хто мог, пакідалі горад. Тыя, хто застаўся ў Луганску, стараліся назапасіць неабходнае на самы крайні выпадак. Калі блякада нарэшце здарылася, высьветлілася, што ўяўленьне аб неабходных запасах адрозьніваецца ад таго, што трэба ў рэальнасьці...

У чаканьні вайны (ці зомбі-апакаліпсісу) людзі ніколі не мяркуюць, што пазбавяцца яны ня ежы, а вады! Таму, калі вада зьнікае, яны апынаюцца сярод мяхоў з крупамі, якія могуць у лепшым выпадку есьці жменямі.

31 жніўня ў Луганску зьнікла вада — любая. Кажу пра гэта, каб дасягнуць разуменьня. Некаторыя думаюць, што гаворка ідзе толькі пра пітную ваду і запасаюцца таблеткамі для дэзінфэкцыі тэхнічнай. Кідаць гэтыя таблеткі луганчанам у пачатку жніўня не было куды! Не было ні пітной, ні тэхнічнай вады, ні вады ў лужынах (дарэчы, у жніўні ў Луганску толькі адзін раз ішоў дождж). У першыя дні блякады яшчэ прадавалася мінэральная вада ў бутэльках. Потым яе выкупілі ўсю, абсалютна. Потым, тыдні праз два, яна зноў зьявілася на рынку, па цане спачатку ўдвая, затым утрая вышэйшай за ранейшую.

Потым ваду сталі падвозіць да жылых дамоў у машынах. Бясплатна. За ёй выстройваліся чэргі з 200-300 чалавек. Пачыналіся бойкі. Празь нейкі час гараджанам адкрылі доступ да рэзэрвуараў-запаснікаў. Аналягічная карціна: чэргі з 300-500 чалавек, бойкі. Бойкі былі, пакуль чаргу ня сталі рэгуляваць аўтаматчыкі-«апалчэнцы». Нялішнім будзе сказаць, што здабывалася вада з рэзэрвуараў пад абстрэламі.

Ёсьць адзін спажывецкі тавар для часткі людзей, без якога абысьціся значна цяжэй, чым бяз хлеба (але затое ён дапамагае ня думаць пра ежу). Гэта цыгарэты. Цыгарэты ў Луганску зьніклі за два тыдні да вады. Само сабой, рэшткі зьмяталіся спажыўцамі, нягледзячы на марку і кошт. Першыя гіганцкія чэргі ў Луганску выстраіліся па цыгарэты. Праз пару тыдняў яны зьявіліся ўжо на чорным рынку, з той самай мэтамарфозай з цаной, што і мінэральная вада. У сярэдзіне ліпеня пачак цыгарэт бяз фільтра на чорным рынку каштаваў 17 грыўняў — гэта значыць амаль два даляры па тагачасным курсе.

Ежа

Расьпешчаны цывілізацыяй спажывец вельмі разьлічвае на халадзільнік. Звычайна ён рупліва закладвае туды столькі прадуктаў, колькі ўлезе, і мяркуе, што на гэтым запасе перажыве нават атамную вайну.

Нагадаю на ўсялякі выпадак, што халадзільнікі сілкуюцца электрычнасьцю.

31 ліпеня ў Луганску зьнікла электрычнасьць. Яе не было амаль два месяцы, да сярэдзіны верасьня. На трэція суткі пачалася акцыя «ачысьці халадзільнік ад тухлага мяса». Правялі яе толькі ў тых кватэрах і крамах, дзе былі жыхары (ці, у крамах — ахова). Палова луганчан зьехала з гораду, пакінуўшы халадзільнікі уключанымі ў разэтку. Працэдуру «ачысьці халадзільнік» яны рабілі ў верасьні-кастрычніку, калі вярталіся ў горад. Некаторыя выказалі немалую разважлівасьць, вырашыўшы аднесьці на сьметнік былое мяса разам з халадзільнікам.

Чым жа харчаваліся людзі падчас блякады? Амаль усе крамы былі зачыненыя. Зь дзесяці гандлёвых кропак у горадзе ацалела адна. Прадаваліся там, і на базары, рэшткі прадуктаў. Хлебакамбінат працаваў бесьперабойна, але па хлеб выстройваліся вялізныя чэргі. Людзі асьцерагаліся, што яго не хопіць. Старыя прыходзілі займаць чаргу гадзін у пяць раніцы. Балазе, абстрэлы пачыналіся пазьней, «пасьля сьняданку», як тут жартавалі жыхары.

Падчас блякады не абысьціся бязь сьвечак і батарэек. Ну, як «не абысьціся». Калі ўлічыць, што па вечарах на агляднай прасторы вялізнага жылога масіву загараліся агеньчыкі ў двух-трох вокнах. У многіх кватэрах проста нікога не было. У іншых людзі былі, але ў іх не было грошай ні на сьвечкі, ні на батарэйкі.

Я вельмі лаяў сябе (як потым высьветлілася, дарма), што ня ўставіў батарэйкі ў старэнькі транзыстарны прыймач (потым проста ўжо не было грошай на чатыры батарэйкі, цана якіх падскочыла да 20 грыўняў за штуку). Трэба сказаць, гэтая унікальная рэч у Луганску летам значыла больш, чым дваццаць кампутараў, разам узятых. Паколькі транзыстарны прыёмнік ловіць радыёстанцыі, на якіх ёсьць карысная інфармацыя, навіны. А сучасны (такі ў мяне быў) чамусьці Кітай бярэ лепш, чым расейска- і украінскамоўныя радыёстанцыі.

І я сядзеў на бальконе летнімі вечарамі пад зорным небам у горадзе безь сьвятла, бяз гукаў і слухаў кітайскія песьні. А па раніцах суседзі прасілі мяне зноў ўключыць прыймач. Аказваецца, яны таксама яго слухалі, са сваіх вокнаў.

Вайна і чалавечыя адносіны

Існуе немалая колькасьць, не пабаюся гэтага слова, крэтынаў, якія гатовыя ставіць пытаньне прыкладна такім чынам:

— Вайна вярнула нам разуменьне сапраўдных каштоўнасьцяў. Мы заўважылі людзей, якія жывуць з намі побач. Адарваліся ад інтэрнэту. Сталі чытаць кнігі і дапамагаць адзін аднаму. Зразумелі, што ёсьць простыя радасьці жыцьця... І г. д.

Я некалькі разоў чытаў такія «поливы».

Мяркую, што гэта, мякка кажучы, псыхалягічная абарона, памножаная на нерастрачаны энэргетычны рэсурс, уласьцівы хутчэй вельмі маладым людзям.

Зрэшты, аналіз псыхалягічных праяў, зьвязаных з вайной і блякадай — справа будучыні.

Зараз я хацеў бы спыніцца на тых новых адносінах, якія ўзьнікаюць падчас блякады.

Як правіла, зьяўленне іх выклікана дзьвюма прычынамі. Першая: многія людзі, зь якімі ты падтрымліваеш адносіны ў звычайны час, становяцца недаступныя. Рэальныя знаёмыя амаль усе зьехалі. Знаёмыя па інтэрнэце недаступныя, бо інтэрнэту няма. Немагчыма нават нікому патэлефанаваць, таму што няма мабільнай сувязі. Акрамя таго, ты робісься даволі бязьдзейны, бо твой звычайны занятак, прафэсія і ўсё, што зьвязана зь ёй, перарываецца. Блякадныя «справы» шмат часу не адбіраюць. Адзіная забаўка, якая табе даступная, — гэта жывыя зносіны.

Другая прычына зьяўленьня новых адносін: зьмяняецца сам лад твайго жыцьця. Раней, як справядліва заўважаюць «песьняры блякады», я хіба што вітаўся з суседзямі. Улетку 2014 я праводзіў зь імі, дакладней з тымі нешматлікімі, хто заставаўся ў горадзе, дзесяткі гадзін побач.

Як правіла, мы ўсе знаходзіліся на вуліцы, каля дома, таму што днём у памяшканьні ў саракаградусную сьпякоту заставацца было проста немагчыма (кандыцыянэры ня дзейнічаюць, няма электрычнасьці). Далёка ад дома адыходзіць было непажадана, таму што гадзін зь дзесяці раніцы пачыналіся актыўныя абстрэлы. Часам снарад трапляў у тое месца, дзе дзесяць хвілін таму ты ішоў з базару.

Мы падрыхтавалі падвал дома, каб хавацца там. Але так ім і не скарысталіся. Аднойчы ноччу, яшчэ ў чэрвені, я вырашыў паспрабаваць туды спусьціцца, каб адчуць, што і як. Адчуваньне чалавека ў падзямельлі апынулася настолькі гнятлівым, што спробу я паўтараць не стаў. Верагодна, што нешта падобнае адчувалі і іншыя.

Блякадныя знаёмства прырастаюць на глебе таго, што людзям ўвесь час трэба абменьвацца надзённай інфармацыяй. напрыклад:

— Дзе вы бралі ваду? — Пытаеш таго, хто ідзе аднекуль з бутэлькамі вады, нагрузіўшы імі тачку-краўчучку.

— Дзе куплялі хлеб?

— Дзе ловіцца мабільная сувязь? ..

І гэтак далей, і гэтак далей.

Людзі вельмі хутка становяцца звышкамунікабэльнымі. Была справа, усё нават пачалі вітацца з зусім незнаёмымі людзьмі на вуліцах.

Закон існаваньня просты: больш камунікацый — больш шанцаў на выжываньне. Разумеецца гэта амаль усімі імгненна, без тлумачэньня.

Блякадныя зносіны бываюць двух тыпаў — востраканфліктныя і падкрэсьлена ветлівыя. Сярэдзіны не існуе. Любая размова на падвышаных танах амаль неадкладна пераходзіць у бойку. Любая бойка прыводзіць да прыезду «апалчэнцаў», пасьля чаго канфліктуючыя бакі, хутчэй за ўсё, будуць дастаўленыя «ў склеп». Міліцыі як такой падчас блякады не існавала, ролю яе ўзяло на сябе «апалчэньне»...

Ці захоўваюцца новыя «сяброўствы», новыя сувязі, калі жыцьцё больш-менш аднаўляецца? Пункцірам. Ты, ён, яна памятаеце, ШТО было, і пры сустрэчах на вуліцы вітаеце адзін аднаго асаблівым, з боку зусім незаўважным чынам. Погляд. Ківок. Асаблівая, лёгкая ўсьмешка. Асаблівая інтанацыя ў голасе.

Пётр Іваноў, горад Луганск

Тэксты ў рубрыцы "Лісты з акупаванага Данбасу" публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG