ПАДЗЕІ ДНЯ
«Арт Сядзіба» пры падтрымцы Беларускага саюзу мастакоў, праводзіць у Палацы мастацтва фэстываль беларускай культуры «Дзень вышыванкі». Час правядзеньня з 15.00 да 22.00.
У Гомелі пройдзе дабрачынная акцыя-канцэрт «Анкадапамога START». З сольнай праграмай выступіць, сярод іншых, праект «Naka piano». Адбудзецца таксама прэм’ера сацыяльнага роліка «Жыцьцё поўнае любові», галоўную ролю ў якім сыграла лідэр гурту «Naka», акторка тэатру і кіно Анастасія Шпакоўская. Пачатак а 17.30.
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», які сёлета адзначае 15-гадовы юбілей, выступіць з канцэртам у ГЦК у Гомелі. Пачатак а 19.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1919 — Пётра Крачэўскі абраны старшынём Рады БНР. Ён выконваў гэтую функцыю да канца жыцьця, якое закончылася ў 1928 годзе на эміграцыі ў Празе.
1920 — на другім Усебеларускім зьезьдзе Саветаў прынятыя дапаўненьні да Канстытуцыі БССР і ратыфікаваная Рыская мірная дамова паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Зьезд выказаўся за перавод усіх дзяржаўных устаноў на беларускую мову.
1981 — генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў у Польшчы ваеннае становішча.
2003 — вайскоўцы ЗША знайшлі ў схованцы і арыштавалі былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.
У гэты дзень нарадзіліся:
1874 — Арнольд Шэнбэрг, аўстрыйскі кампазытар-мадэрніст.
1894 — Юліян Тувім, польскі паэт.
1919 — Валяр’яна Жолтак, мастачка, заслужаная дзяячка мастацтва Беларусі.
1941 — Мікола Маляўка, беларускі паэт.
Шчасьця многа не бывае:
Міласэрна дзеліць Бог,
І на ўсіх яго хапае
Ў сьвеце смутку і трывог.
Шчасьця многа не бывае.
Усьміхаецца яно,
І танцуе, і сьпявае,
Хмеліць горка, як віно.
Шчасьця многа не бывае.
Шчасьце — гэта ўздым і спад,
Як туман, яно сплывае
І вяртаецца назад.
Шчасьця многа не бывае:
Я ў душы сьвятло нясу —
І пад вейкамі хаваю
Жальбы чыстую сьлязу.
Мікола Маляўка, «Шчасьце».
У гэты дзень памёр:
1944 — Васіль Кандзінскі, расейскі мастак, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму.