Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таннымі рэчамі хваліцца не прынята.

Як, зрэшты, і чужымі.

Таму, бадай, кожны беларус ведае пра радзіму два факты: што яна дарагая і што яна «мая», то бок ягоная. І большасьці гэтага хапае, і нават прыкладны кошт у беларускіх рублях называць неабавязкова. Уласна кажучы, каб любіць радзіму, нічога іншага і не патрабуецца — радзіма простая і геніяльная, як кола. Куды б ні каціўся кацігарошак, ад радзімы не ўцячэ. Не на сваіх дваіх вернецца — дык тысячай думак. Не на самалётах і цягніках — дык у тысячы сноў. Радзіма — яна прымае кожнага, хто тут нарадзіўся, і нават заблукалыя душы ведаюць, што яна адчыніць, абагрэе і спаць пакладзе.

А назаўтра — перадасьць у рукі дзяржавы. Але радзіму за гэта ніхто не асудзіць. Бо гэта ўжо, як кажуць юрыдычна падкаваныя грамадзяне, не яе кампэтэнцыя. Радзіма — яна для таго, каб красаваць і жыць у жаданым шчасьці. Яна любіць усіх, як бог, і нічога іншага ня ўмее. Астатняе зробіць дзяржава — зьняверыць, расчаруе, пакрыўдзіць, абразіць, прымусіць задыхацца, думаць пра ўцёкі...

А галоўнае, навучыць блытаць сябе з радзімай. Дзяржава гэта ўмее. Яна хацела б усё падмяніць сабой — з чымсьці выходзіць, з чымсьці не. З радзімай, здаецца, атрымалася.

У заканадаўстве некаторых перадавых краін (ня будзем паказваць пальцам, а то яшчэ дарагой радзіме ў вока трапім) прадугледжанае суворае пакараньне за такое злачынства, як здрада радзіме. Фармулёўка для беларусаў звычная — мала каму рэжа слых — але калі задумацца, жудасная. Пад здрадай радзіме маецца на ўвазе здрада дзяржаве. Там, дзе радзіма і дзяржава зьліваюцца ў адно — чалавека больш няма. Таго самага, маленькага, пакорлівага, звыклага хваліцца сваімі дарагімі рэчамі і зайздросьлівага да чужых — але нават ён не гатовы пакуль што засьпяваць:

«Дзяржава мая дарагая...»

Маленькі чалавечак... Заціснуты паміж радзімай і дзяржавай, зь якіх ён ведае ў твар толькі адну і ўвесь час забываецца, каму гэты твар належыць. Не, калі трэба, ён засьпявае ўсё, што скажуць. Але ціха так, каб ніхто ня чуў. Толькі дзяржава — манапаліст на любоў да радзімы і кантралёр вернасьці ёй і яе вытворным.

Мара беларускага нацыяналізму — зрабіць так, каб радзіма і дзяржава зьліліся ў адно, і ўсе маленькія людзі пачуваліся б пры гэтым утульна. «У крывавых муках мы народзім жыцьцё рэспублікі сваёй» — палітычны гімн, і тут гэты матыў навідавоку: сьцерці мяжу паміж радзімай і дзяржавай. Нарадзіўшыся самім, займець тым самым ня толькі радзіму, але і дзяржаву. Як высьветлілася, гэта магчыма — але не заўжды прыводзіць да пажаданых вынікаў.

Цікава: па тым, ці бачыць чалавек розьніцу паміж дзяржавай і радзімай, можна меркаваць пра ступень ягонай свабоды. Радзіма робіць вольным, дзяржава прыгнятае. Радзіме ня трэба паказваць пашпарт: «нахіліся, сынку, я і так бачу, што ты не маскаль»... Перад дзяржавай часам трэба разьдзецца да трусоў, бо і пашпарта ёй бывае мала. А перад радзімай і без трусоў ня сорамна. Бо кажуць жа, што радзіма лечыць, што нават паветра яе гаючае — а хто будзе саромецца перад доктарам?

Патрыёты малой радзімы заўжды больш патрыятычныя за патрыётаў вялікай: бо ня маюць спакусы пераблытаць радзіму зь дзяржавай.

Алесь Бачыла, дарэчы, радзіму і дзяржаву блытаў. Інакш ніколі не зрабіўся б паэтам. У сваім вершы ён піша, што прысягае радзіме — але прысягнуць можна толькі дзяржаве. Радзіма прысягаў не патрабуе — ні сэрцам, ні імуннай сыстэмай, ні эндакрыннай. І славаслоўяў таксама ня просіць: расьцьвітае жыцьцё ці не расьцьвітае, узьлятае песьня ці толькі што зьдзейсьніла пасадку ў аэрапорце Менск-2 — радзіме абсалютна ўсё роўна. Нарадзіўся — жыві, кажа яна. Хочаш — ганарыся, калі табе так зручней. Хочаш — пракляні. Хочаш, думай, што радзімы ў цябе няма. Выракайся, колькі ўлезе. Ці рабі гэтыя свае подзьвігі ў імя мяне. Радзімай я быць не перастану. А вось тваё быцьцё скончыцца.

Хаця Радзіма не злапомная. У яе свае, іншыя спосабы нас мучыць: калектыўнае несьвядомае, напрыклад. Бо Радзіма — куток «усеагульнай калектыўнай душы», пра якую пісаў Юнг. І Алесь Бачыла зь ім пагаджаўся:

«Пачуцьці ў нас сёньня адны».

Той яшчэ быў юнгіянец. Пры жаданьні ў ягоным вершы можна адшукаць архетып Тройцы: Бог-бацька (радзіма-край-фатэрлянд), бог-сын (аўтар, які прэтэндуе на тое, каб увасабляць усіх беларусаў, клянецца менавіта ў сыноўняй любві), і камуністычная партыя як сьвяты дух, у вершы нябачны, але адчувальны паміж радкоў. Выгнаньне з радзімы — выгнаньне з раю, набыцьцё — першародны грэх. Мець радзіму — значыць жыць вечна.

Як і ўсе іншыя людзі, беларусы радзіму не выбіраюць. Такой бяды, вядома — яны і кіраўніцтва дзяржавы не выбіраюць, дык чаго тут ужо праз радзіму пераймацца. Ні радзіму, ні дзяржаву — гэта ўжо занадта. Дайце нам выбраць хаця б нешта. І беларусы выбіраюць — шэнгенскія візы.

Ад радзімы нельга пазбавіцца, як ад ценю. А ад дзяржавы можна — можна памяняць тую, якая выдае сябе за радзіму, на іншую, якая зоймецца сваімі непасрэднымі абавязкамі і спыніць гэты маскарад з дапамогай паліцыі і вадамётаў.

Дзе добра, там і радзіма: стаўленьне да гэтага выслоўя некалі было нэгатыўным, маўляў, вечны лёзунг бязродных касмапалітаў. Ну, па-першае, бязроднаму касмапаліту лепш за ўсё на радзіме — бо як інакш ён даведаецца, што бязродны касмапаліт? А па-другое, па сутнасьці ў гэтых словах няма нічога благога. Чалавек мае права жыць там, дзе яму добра, і лічыць радзімай, што пажадае.

У радзімы няма полу — толькі граматычны род. Няма дзяржаўнага сьцягу і дзяржаўнага гербу. Радзіма не дае і не пазбаўляе грамадзянства, не зьбірае падаткі, не забараняе аднаполыя шлюбы і не прымушае сьпяваць маршы. Радзіма — гэта ідэальнае месца для пражываньня. І прыніжэньня (ёсьць людзі, якім лягчэй, калі іх прыніжаюць свае). Радзіма — ідэальны час для гісторыка. І кепскае месца для паэта. Джойс зрабіўся Джойсам, зьехаўшы з Ірляндыі — але пісаў амаль што толькі пра яе.

А яшчэ, думаючы пра радзіму і яе непазьбежнасьць, міжволі ўспамінаеш дзяцей, народжаных ў самалётах. Ёсьць на зямлі такая раса — нешматлікая, але трывучая. Іхная малая радзіма — неба. Малое неба для малых дзяцей. Потым ім унушаюць, што ў іх ёсьць і вялікая радзіма — але зноў і зноў блытаюць яе зь дзяржавай. Цікава, колькі дзяцей нарадзілася ў самалётах «Белавія»? Да якіх вышыняў сягае радзіма і да якіх — дзяржава? Зрэшты, пра людзей, народжаных падчас палёту, Багдановіч ужо ўсё напісаў. Чыста выпадкова імі аказаліся мы, беларусы, мірныя, у прынцыпе, людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG