Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зафіксаваны рост самазабойстваў сярод непаўнагадовых. Калі летась такіх выпадкаў было 28, то сёлета толькі за 11 месяцаў — 33.

Актыўнае жыцьцё ў сацыяльных сетках правакуе рост суіцыдаў сярод непаўнагадовых, лічыць вядучы псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч.

Сьледчы камітэт Беларусі агучыў высновы, зробленыя пасьля аналізу матэрыялаў пра самагубствы сярод дзяцей і падлеткаў у 2014 годзе. Паводле справаздачы, сёлета ў Беларусі паводле стану на 1 сьнежня добраахвотна разьвіталіся з жыцьцём 33 чалавекі ва ўзросьце да 18 гадоў.

Шматлікія з гэтых трагічных выпадкаў асьвятляліся ў прэсе. Так, зусім нядаўна стала вядомая гісторыя 16-гадовага Аляксандра з Рэчыцы, які, будучы актыўным сябрам суполкі «Сьведкі Іеговы», павесіўся ў памяшканьні гэтай царквы. Прычынай самазабойства называюць нешчасьлівае каханьне.

«Падобныя выпадкі маюць вялікі грамадзкі рэзананс, актыўна абмяркоўваюцца ў прэсе. Гэта часта аказвае нэгатыўны ўплыў што да прафіляктыкі суіцыдаў. Увага ў Інтэрнэце і друку да такіх выпадкаў можа яшчэ больш падштурхнуць да неабдуманых учынкаў, бо юнаку здаецца, што ён нарэшце атрымае жаданую ўвагу», — канстатуюць у Сьледчым камітэце.

Для 17-гадовых важная «тусоўка»

Вядучы псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч у камэнтары для Свабоды падкрэсьлівае, што для 16-17 гадовых юнакоў — а менавіта гэтая катэгорыя пераважае сярод непаўналетніх самагубцаў — трагічнай становіцца адсутнасьць увагі ня з боку родных, а з боку прадстаўнікоў рэфэрэнтнай групы, гэта значыць аднаклясьнікаў і аднаклясьніц, а таксама сяброў з тусовак па інтарэсах:

Гэты момант, калі патэнцыйны самазабойца хоча, каб па ім плакалі і гаравалі, тычыцца збольшага толькі дзяцей да 12-13 гадоў.

«Гэты момант, калі патэнцыйны самазабойца хоча, каб па ім плакалі і гаравалі, тычыцца збольшага толькі дзяцей да 12-13 гадоў. У псыхалягічным пляне больш асэнсавана зьдзяйсьняюцца самагубствы ва ўзросьце 17 гадоў — у тым узросьце, калі для падлетка становяцца важнымі ня ўвага з боку сям’і, а няўдачы ў каханьні і няўдачы ў статусе. Што тычыцца падлеткаў, то для іх — трагедыя, калі іх не прымае рэфэрэнтная група, калі да іх ставяцца ня так, як хацелася б. Гэты аспэкт становіцца больш важным, чым увага бацькоў, якая, па-сутнасьці, ім перастае быць патрэбнай».

Спробаў суіцыду ў дзесяць разоў больш

У статыстыку Сьледчага камітэта патрапляюць толькі выпадкі, якія скончыліся сьмерцю. Але ж ня ўсе самагубцы паміраюць. Так, у 2013 годзе было зафіксавана 357 спробаў суіцыду, 28 зь якіх скончыліся трагедыяй. Пазалетась добраахвотна разьвіталіся з жыцьцём 26 чалавек. Жана Міцкевіч зьвязвае павелічэньне колькасьці суіцыдаў сярод дзяцей і падлеткаў з пагаршэньнем крымінагеннай сытуацыі ў Беларусі і даступнасьцю наркотыкаў і алькаголю для моладзі:

«Крымінагенная сытуацыя сёньня ў Беларусі вельмі спрыяльная для самагубстваў — гэта і распаўсюд наркотыкаў, сярод якіх і модныя сёньня спайсы, і падлеткавае п’янства».

Фэйсбук і Інстаграм як пагроза

Аднак, найбольш уплывае няроўны сацыяльны статус сямей, дзеці зь якіх вучацца ў адных клясах ці разам бавяць час:

Атрымліваецца, што 17-гадовыя ды і старэйшыя дзеці хочуць шмат усяго і адразу. Але ў той жа час ня маюць інтэнцыі працаваць, сур’ёзна імкнуцца да чагосьці і дасягаць мэтаў

«Ня варта было б дэманстраваць у СМІ і сацыяльных сетках лёгкае жыцьцё і багацьце. Атрымліваецца, што 17-гадовыя ды і старэйшыя дзеці хочуць шмат усяго і адразу. Але ў той жа час ня маюць інтэнцыі працаваць, сур’ёзна імкнуцца да чагосьці і дасягаць мэтаў. Юнак хоча атрымаць усё і адразу, але так не атрымліваецца, сябры з багацейшых сем’яў не прымаюць і зьдзекуюцца — усё гэта стварае вельмі ўраджайную глебу для суіцыдаў. Сацыяльна-эканамічныя абставіны і адсутнасьць скіраванасьці на іншыя ідэалы — вось таксама глеба для самазабойстваў. А што ў фільмах? Забіў, прыбіў — разбагацеў. Выйшла замуж за багатага ці стала прастытуткай — разбагацела».

Найбольшая колькасьць самазабойстваў сярод непаўнагадовых зафіксаваная ў Менску. І, паводле Жаны Міцкевіч, тут няма нечаканасьці — традыцыйна ў сталіцах самая небясьпечная крымінагенная сытуацыя, якая аказвае ўплыў на самагубствы:

«У Менску, як і ў іншых сталічных гарадах ва ўсім сьвеце, найбольш крыміналу і магчымасьцяў, каб параўнаць сябе зь іншымі і пабачыць свае недахопы. Ва ўсіх сталіцах так».

Каб пазьбегнуць спробы суіцыда, псыхоляг раіць матываваць дзіця на сур’ёзнае стаўленьне да нейкага занятку, але і не чыніць празьмернага ціску на яго:

Трэба, каб дзіця было занятае зь дзяцінства пэўнай справай. Трэба, каб яно разумела, што такое праца.

«Трэба, каб дзіця было занятае зь дзяцінства пэўнай справай. Трэба, каб яно разумела, што такое праца. Трэба, каб было разуменьне, чаго дзіця хоча ў жыцьці. І трэба, каб бацькі менш стаялі над душой, даючы магчымасьць самастойнасьці, каб дзіця сваім розумам разумела, што такое «хачу» і што такое «трэба».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG