Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятар: Паліцэйскія самі правакуюць заўзятараў


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Інцыдэнт зь беларускімі футбольнымі заўзятарамі ў Флярэнцыі камэнтуе актывіст фанацкага руху зь Менску.

Футбольны заўзятар Кірыл Сівакоў сёлета суправаджаў нацыянальную зборную, а таксама каманды БАТЭ і «Дынама» амаль ува ўсіх выязных матчах.

Гэтым разам у Італію не паехаў, паколькі дынамаўцы страцілі ўсялякія шанцы на выхад у плэй-оф Лігі Эўропы. Кажа, што непаразуменьні з паліцыяй былі і раней, і ў бальшыні выпадкаў правакатарамі выступалі якраз сілавікі:

«Сябры паехалі, а я — не. Канечне, паехаў бы, каб у „Дынама“ былі хоць нейкія шанцы, а так бяз сэнсу... Што тычыцца ўзаемаадносінаў з паліцыяй, то, хутчэй за ўсё, прычына ў тым, што фанатаў трымаюць пасьля матчу, каб разышліся заўзятары іншай каманды. Некаторыя хлопцы, асабліва нападпітку, намагаюцца прарваць кардоны, і ў выніку пачынаецца „сеча“. Скажам, пасьля матчу з францускім „Генгамам“ ахоўнікі павесілі замок на браму і сышлі. Пры гэтым нікога нават не пакінулі, каб б мог нешта нам патлумачыць. Хтосьці палез праз плот, пачалі разгойдваць браму, крычэць, тады аднекуль панабеглі, пачалі махаць палкамі.

На Мальёрцы таксама была калатнеча, але там падставіла наша футбольная фэдэрацыя — не забясьпечыла квіткамі, хоць і абяцала. Людзі столькі праляцелі, праехалі — аказалася, усё дарэмна. У кагосьці нэрвы ня вытрымалі, пачалі прарывацца на стадыён. Адпаведна, зьявіліся паліцэйскія, пачалі „мачыць“. І, як кажуць, пайшло-паехала. На матч у выніку ніхто так і не патрапіў. Зь гішпанцамі ўвогуле пэрманэнтныя праблемы: нядаўна езьдзілі са зборнай, дык яны фанатам гасьцявой каманды асобныя сэктары ўвогуле не выдзяляюць, пасадзілі ў самую гушчу мясцовых фанатаў. Ясна, што моцна рызыкавалі, хоць тады і абышлося.

Некалькі гадоў таму езьдзілі на БАТЭ-Мілян. Паліцэйскія выбудавалі калідор, празь які выпускалі беларусаў. Прычым, калідор вёў да аўтобуса нашай каманды. Кажам ім: мы на мэтро прыехалі, у аўтобус нас ніхто ня пусьціць. Карацей, у выніку таксама завязалася лякальная сутычка. Гэта адбываецца густа і часта, але каб у выніку былі пацярпелыя зь ліку паліцэйскіх — гэта здарэньне надзвычайнае, звычайна здараецца наадварот».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG