Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько: 30 срэбранікаў — самая хадавая валюта


 Віктар Казько

Віктар Казько

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла новая кніга прозы Віктара Казька «Час зьбіраць косьці». Адзін зь яе герояў называе трыццаць срэбранікаў адзінай валютай, якая не паддаецца інфляцыі.

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла новая кніга прозы Віктара Казька «Час зьбіраць косьці». Адзін зь яе герояў называе трыццаць срэбранікаў адзінай валютай, якая не паддаецца інфляцыі. Наколькі тэма прадажнасьці таленту актуальная для Беларусі? І чаму беларуская ўлада любіць спасылацца на мёртвых творцаў, не заўважаючы жывых? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Спадар Віктар, у вашай новай кнізе — тры аповесьці. Я паспрабаваў вызначыць, хто ў гэтай тройцы караньнік, а хто — прысьцяжныя. На маю думку, галоўны твор — «І нікога, хто ўбачыць мой страх», дзе дасьледуецца тэма адносінаў творцы і ўлады. Чаму вы прысьвяцілі гэтую аповесьць кінарэжысэру Віктару Тураву?

— Мы зь ім у свой час разам працавалі і вельмі багата часу праводзілі сам-насам. Гэта быў апошні год Турава, ён тады здымаў фільм па маёй аповесьці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». Здымаў ужо безнадзейна хворы. Выбітны, канешне, быў чалавек, меў незвычайную эрудыцыю. І вось дзіўна: Тураў размаўляў па-расейску, але ён — наш самы нацыянальны, самы беларускі рэжысэр. Усё ім зьнятае так ці іначай зьвязана зь Беларусьсю. Ці зьяўляецца Тураў прататыпам героя аповесьці Майстра? Увогуле, усё мною напісанае ідзе ад жыцьця. Убачанае, пачутае і адчутае калісьці пераасэнсоўваецца і прарастае на паперы. Многія памятаюць, як Тураў зрэжысэраваў свой адыход, як гэта было кранальна. Ён здолеў падняцца над хваробай, яго на апошні юбілей даставілі зь лечкамісіі на хуткай дапамозе, ужо амаль бязмоўнага. Гэты эпізод увайшоў і ў маю аповесьць. Увогуле, творчасьць — гэта інтуіцыя. Інтуіцыя вока, якое бачыць падсьвядомае, і вуха, якое чуе будучыню. І неяк так інтуітыўна я тут абапёрся на Турава.

— Вашага Майстра займае праблема прадажнасьці мастацтва. Вось ягоныя развагі: «Трыццаць срэбранікаў пры ўсялякім курсе застаюцца трыццацьцю срэбранікамі. Пры кожнай уладзе і кожным часе. Гэта мы толькі падманваем сябе, што вось адзіны раз схібім, паступімся, а потым выправімся, апраўдаемся. Вытрываем зьдзек, гвалтаваньне, атрымаем ляўрэацкі значок, званьне народнага і набудзем голас. Узвысімся і загаворым на ўсю моц. Але голас ужо хрыпаты. Вось так і перацінае нам глотку». Трыццаць срэбранікаў — наколькі гэтая валюта хадавая ў сучаснай Беларусі?

— Самая хадавая. Трыццаць срэбранікаў — гэта валюта, якая ніколі ня ведае інфляцыі. Яна вечная, як і сама дыспазыцыя «мастак і ўлада». Пытаньне прадажнасьці — яно ня толькі ў сэнсе матэрыяльным. Яно больш балючае, калі справа тычыцца душы. Мой Майстра ня мае прозьвішча. Камусьці тут можа ўбачыцца ўплыў Булгакава. Што ж, на Булгакава, на Маркеса сёньня як можна забыцца? Адным Талстым не абысьціся. «Талстой напісаў „Вайну і мір“ — дайце мне „Вайну і мір“!» Пра што гэта? Час цяпер зусім другі, ён настолькі перамяніўся... Я сумняваюся, што той, хто гаворыць пра «Вайну і мір», сам чытаў гэты раман... Але чаму ўсё ж мае героі (ва ўсіх трох аповесьцях) безыменныя? Таму што надышло бясчасьсе для творцаў. Наша творчасьць ужо нікуды нікога не вядзе, яна нікому ўжо непатрэбная. Я пішу пра згубленасьць мастака ў часе. Мастака і героя.

— Але ваш Майстра знаходзіць у сабе сілы не згубіцца. Ён усё ж моцны чалавек.

— Яму згубіцца не дазваляе талент. Ад самога сябе нікуды не падзецца. Майстра ў канцы свайго шляху задумваецца пра сэнс жыцьця. Прычым бязпафасна — вось што галоўнае. Цяпер пайшла літаратура пафасная, арыентаваная на тыя ж трыццаць срэбранікаў. Але для любога сапраўднага творцы настае час, калі ўзьнікаюць пэўныя пытаньні. І зьяўляецца нейкая нават грэблівасьць да самога сябе за тыя колішнія трыццаць срэбранікаў, якія давялося прыняць. І ён пачынае сябе судзіць, ён, нібы лермантаўскі герой, разумее: «Есть высший Судия...». Мастак заўсёды паўстае перад найвышэйшым судом.

— У Вашага Майстра ёсьць талісман, які дапамагае яму захаваць сябе ў стасунках з уладай. Гэта каменьчык з магілы Максіма Багдановіча. Калі расшыфраваць гэты вобраз, што павінен мець за душой творца, каб застацца самім сабой?

— Найперш мець у сабе чалавека. Нібыта вакол нас — усе людзі, чалавекі, але Чалавек зь вялікай літары трапляецца адзін на тысячу. У аповесьці з Багдановічам зьвязана шмат што. Я прыгадваю, як далёкі ад літаратуры чалавек, чысты адміністратар, дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Яфімавіч Гарбачоў змагаўся за перанос праху Багдановіча ў Беларусь. Я ня ведаю, наколькі гэта абгрунтавана, ці варта трывожыць косьці паэта. Але пра косьці нам усім трэба заўсёды думаць. Што будзе з нашымі касьцямі, дзе яны лягуць і наколькі яны будуць чыстымі.

— Мне яшчэ запомніліся развагі Майстра пра тое, як дзяржава выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах пісьменьнікаў-нябожчыкаў. Гэта перагукаецца з нашым часам. Скажам, нядаўна ў Мядзелі з помпай адкрылі помнік Максіму Танку, а пры жыцьці ў дзяржавы не знайшлося грошай на стымулятар для ягонага сэрца...

– Улада сыходзіць з таго, што жывы пісьменьнік можа і ў хамут стукнуць, а мёртвы ён – паслухмяны.

— Улада сыходзіць з таго, што жывы пісьменьнік можа і ў хамут стукнуць, а мёртвы ён — паслухмяны. Ставячы помнікі і красуючыся на іх фоне, улада праяўляе клопат не пра творцу і ягонае мастацтва, яна тут клапоціцца найперш пра самую сябе. Гэта тое, што называецца танцамі на магіле. А ў Беларусі нэкрафільства квітнее са страшнай сілай. Тут варта згадаць і таго ж Багдановіча, і Купалу, і Коласа, і Танка, і Быкава. У выпадку з Быкавым гэта ўвогуле зьдзек. А што ўлада тварыла з Танкам пры жыцьці? Ты пра стымулятар ужо ўспомніў. А калі паэт ляжаў у лечкамісіі, яго зьмясьцілі ў палату на сонечным баку, дзе нават штораў не было! А стаяла самая сьпёка... І самае жахлівае, што пад ложкам у палаце стаяла урна з прахам паэтавай жонкі. А цяпер, калі ласка, — бронза і медзь. Мёртвага душаць у абдымках.

— Ёсьць два вядомыя вызначэньні ўлады. Кожная ўлада ад Бога — у нас гэта любяць паўтараць. І радок Мандэльштама: «власть омерзительна, как руки брадобрея». Вам якое вызначэньне бліжэй?

Гэтую ўзаемную прыстасаванасьць улады да царквы і царквы да ўлады мы бачым па ролі РПЦ ва Ўкраіне.

— Мандэльштамаўскае. Ён вельмі трапна сказаў пра прытворства ўлады. Яна — вялікая прытворніца. І гэта не ад душы ідзе, не ад нашай нацыянальнай культуры. Бо ў беларускай нацыянальнай культуры такога няма. Там заўсёды ёсьць разуменьне чалавека, сьціпласьць, тое, што мы завем памяркоўнасьцю. Так, мы памяркоўныя, але мы можам ісьці зацята да самага краю прорвы. Мы можам пакласьці сябе, як гаворыцца, на алтар айчыны і жыцьця, калі трэба. Што да ўлады ад Бога. Гэта тое, што нам увесь час падсоўвае РПЦ. Я разумею ерэтычнасьць таго, што гавару. Але сёньняшнія царкоўнікі выракліся таго, што было ў Абакума, што было ў Ніканаўскай царкве. Сёньняшняя царква пайшла на збліжэньне з уладай. І ўлада пайшла на збліжэньне з царквой. Але чым бліжэй улада да храма, тым далей яна ад Бога. Гэтую ўзаемную прыстасаванасьць улады да царквы і царквы да ўлады мы бачым па ролі РПЦ ва Ўкраіне. Царква фактычна бласлаўляе ўсё, што творыцца ў гэтак званых ДНР і ЛНР. Гэта ж зьдзек з боку Расеі — распачаць вайну, разбурыць усё, а потым карміць людзей сваімі гуманітарнымі грузамі! Ды яшчэ абвінавачваць пры гэтым нейкую сэнатаршу, якая прывезла на Майдан булачкі. Ну проста дзікасьць!

— Вайна ва Ўкраіне то заціхае, то ізноў успыхвае. Якая будучыня ў сувязі з украінскімі падзеямі чакае нас? Можа быць, абламаўшы зубы на Ўкраіне, Расея пакіне ў спакоі Беларусь?

Расеі цяпер патрэбная невялічкая пераможная вайна.

— Не пакіне. Імпэрскія апэтыты бязьмежныя. Расеі цяпер патрэбная невялічкая пераможная вайна. Таму што эйфарыя праходзіць, рэйтынг Пуціна хутка ўпадзе ніжэй за плінтус. У Беларусі ўсё можа быць. Скажам, нас могуць узяць ціхай сапай. Нас ужо спрабуюць узяць голымі рукамі. Толькі адно можа спыніць Расею — вайна будзе на мяжы сусьветнай. Пуціна спыніць толькі разуменьне таго, што Расея будзе змушаная ваяваць з усім сьветам. Сёньня яны як ніколі падобныя — Пуцін і Лукашэнка. Пуцін гойсае па сьвеце — Індыя, Узбэкістан, Турцыя... Ён ляціць туды, дзе можна на нешта спадзявацца. Тое ж самае мы памятаем і ў Беларусі, калі Лукашэнка ляцеў то ў Азэрбайджан да Аліева, то да Садама Хусэйна, то да Уга Чавэса. Гэта агідна, гэта тое агіднае, пра што гаварыў Мандэльштам. І гідота гэтая заўсёды суправаджае ўладу, калі ёю страчана нацыянальная культура, страчаны народ, страчана мова. Вось тады, усё страціўшы, улада і павінна некуды зьвяртацца, некуды бегчы, недзе шукаць ратунку.

— Пасьля сёлетняй сустрэчы пісьменьнікаў з Лукашэнкам сёй-той загаварыў пра зьмены да лепшага ў стаўленьні ўлады да нацыянальнай культуры. А вы гэтыя зьмены прыкмячаеце?

Улада не перастала маніць свайму народу, дурыць яго.

— Я іх абсалютна не заўважыў. Улада не перастала маніць свайму народу, дурыць яго. Не перастала зьнішчаць мову, на чым трымаецца любы народ. У нас і сёньня дзейнічаюць чорныя сьпісы «нячэсных» пісьменьнікаў, якія былі складзеныя шмат гадоў таму. Я гэта зусім нядаўна адчуў на сабе. Запрасілі мяне на творчую сустрэчу ў адну навуковую ўстанову. Спачатку ўсё ішло спакойна, а потым паўстала пытаньне: а ці можна мяне запрашаць, ці дапускаюць мяне? Ну, нібыта можна. Я прыйшоў на сустрэчу, а там сядзіць тры чалавекі. Што рабіць? Сыходзіць, адмяняць сустрэчу? Не. Я выступаў перад трыма слухачамі дзьве гадзіны. Жонка жартавала потым: ты — як Аляксандар Блок, які падчас грамадзянскай вайны ў Пецярбургу выступаў перад адным слухачом. Вось так сёньня пачуваецца наша літаратура, так яе чуваць, так да яе адносяцца. Так яна выжывае ў часы, калі некаму здаецца, што зьмяніліся адносіны да мовы і культуры. Не зьмяніліся. Улада проста пускае пыл у вочы замежным журналістам, маўляў, мы дбаем і рупімся. А гэта звычайная паказуха.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG