Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы, беларусы і чачэнцы рыхтуюць «Марш падтрымкі прыгнечаных Расеяй народаў»


Нафіс Кашапаў, актывіст з Татарстана падчас дэманстрацыі ў Варшаве. Аўтар фота - Лешэк Імэльські

Нафіс Кашапаў, актывіст з Татарстана падчас дэманстрацыі ў Варшаве. Аўтар фота - Лешэк Імэльські

Прадстаўнікі карэнных народаў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць у Польшчы, вырашылі аб’яднаць свае намаганьні ў барацьбе з расейскім імпэрыялізмам.

Яны ініцыявалі правядзеньне ў Варшаве, 14 сьнежня, «Маршу падтрымкі прыгнечаных Расеяй народаў». Арганізатары маршу хочуць прыцягнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці да шматлікіх парушэньняў нацыянальных правоў народаў, заваяваных калісьці рускімі царамі. Пра гэта ішла гаворка падчас круглага стала, арганізаванага ў Варшаве выхадцамі з Расеі.

Татарскі апазыцыянэр: Крэмль вельмі баіцца незалежнага руху татараў

Нафіс Кашапаў, актывіст з Татарстана, кажа, што ўлада Расейскай Фэдэрацыі вельмі баіцца незалежнага руху казанскіх татараў, які можа паўплываць на працэс распаду Расеі. Таму, сьцьвярджае Нафіс, Крэмль перасьледуе татарскіх актывістаў, прымушае іх замаўчаць. Таму некаторым татарам, па словах актывіста, давялося эміграваць за мяжу. Кашапаў распавёў, якім чынам прадстаўнікі карэнных народаў Расеі, якія апынуліся ў эміграцыі, зьбіраюцца змагацца за правы сваіх народаў.

Першым мерапрыемствам будзе «Марш падтрымкі прыгнечаных Расеяй народаў», які актывісты розных нацыянальнасьцяў хочуць правесьці ў Варшаве ў бліжэйшую нядзелю. Пра мэту акцыі Кашапаў кажа: «Самае галоўнае — гэта маральная падтрымка карэнных народаў Расеі, а таксама выказваньне салідарнасьці з Украінай і крымскімі татарамі. Гэта вельмі сур’ёзная акцыя. Можна сказаць, што такая акцыя праводзіцца ўпершыню, упершыню з такой мэтай аб’ядноўваюцца прадстаўнікі розных народаў, якія жывуць у Варшаве і ў Польшчы ў цэлым».

Аб’ядноўвацца, каб ціснуць на Захад — ганаровы консул Ічкерыі

У сваю чаргу Адам Бароўскі, ганаровы консул Рэспублікі Ічкерыя ў Польшчы нагадвае, што роўна 20 гадоў таму 11 сьнежня 1994 году пачалася агрэсія расейскай арміі ў Рэспубліцы Ічкерыя. Такім чынам, кажа ён, чачэнцы былі першым народам, які пасьля распаду СССР стаў ахвярай абноўленай імпэрыі. У выніку двух чачэнскіх войнаў, кажа Бароўскі, загінулі дзясяткі тысяч свабодалюбных чачэнцаў, а Масква ўсталявала ў Ічкерыі дыктатарскі рэжым Рамзана Кадырава. Паводле яго слоў, сёньня неабходнасьць сумесных дзеяньняў карэнных народаў Расеі на абарону сваіх правоў надзённая, як ніколі раней. Ён тлумачыць: «У інтарэсах гэтых народаў — супрацоўнічаць паміж сабой, каб разам гучна заклікаць свабодны сьвет, каб ён дапамог народам, акупаваным калісьці Расеяй, стаць незалежнымі, так каб Расея перастала лічыць іх сфэрай сваіх інтарэсаў».

Бароўскі кажа, што аб’яднаўшы свае намаганьні, прыгнеценыя Расеяй народы будуць мець больш шанцаў для таго, каб Захад іх пачуў. Трагедыя чачэнскага народа, які ў 1990-х забівалі і занявольвалі на вачах усяго сьвету, не павінна паўтарыцца, — падкрэсьліў ганаровы консул Ічкерыі.

Шавінізм разьядае Расею знутры — беларускі апазыцыянэр

Ініцыятыву па аб’яднаньні намаганьняў прыгнечаных Расеяй народаў падтрымалі беларусы і ўкраінцы, якія пражываюць або часова знаходзяцца ў Польшчы. Валеры Сядоў — беларускі актывіст, расеец паводле нацыянальнасьці, нарадзіўся і вырас у Грузіі. Ён кажа, што многія расейцы жывуць у палоне стэрэатыпных уяўленьняў пра іншыя народы, да якіх ставяцца з пагардай. Шавінізм і ксэнафобія разьядаюць Расею знутры, сьцьвярджае дысыдэнт зь Беларусі.

Сядоў пераконвае выхадцаў з Расеі і іншых постсавецкіх дзяржаў:

«Я вас запэўніваю, гэта будзе гэтак жа, як тады, калі мы змагаліся з камунізмам і стваралі камітэты, дысыдэнцкі рух. А камунізм — гэта была такая магутная машына, але яна развалілася ў адно імгненьне. Тое ж самае будзе з расейскай імпэрыяй». Сваю прамову беларус скончыў воклічам «Слава Ўкраіне!», на што рознанацыянальная публіка адказала дружным «Героям слава!»

Арганізатары «Маршу падтрымкі прыгнечаных Расеяй народаў» кажуць, што цяпер будуць дзейнічаць сумесна і сыстэмна. Яны хочуць звьярнуцца да эўрапейскіх арганізацыяў з просьбай маніторыць прававую сытуацыю карэнных народаў Расейскай Фэдэрацыі і аказваць ціск на Маскву, якая абмяжоўвае правы гэтых нацыяў.

Арыгінал публікацыі на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG