Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слабы расейскі рубель цягне на дно валюты суседзяў


Інфармацыйнае табло з курсамі валют у Маскве 11 сьнежня

Інфармацыйнае табло з курсамі валют у Маскве 11 сьнежня

Калі рухаецца расейскі рубель, рухаюцца і валюты многіх суседніх з Расеяй гандлёвых партнэраў, у тым ліку і Беларусі. Гэтым разам усе яны рухаюцца ўніз, піша аглядальнік Радыё Свабода Чарлз Рэкнэйгел.

Расейскі рубель падае ва ўмовах нізкіх цэнаў на нафту і заходніх санкцыяў і цягне за сабой на дно валюты многіх постсавецкіх краінаў.

Спытайцеся ў Гагіка Газар’яна, экспартэра з Арменіі. Ён выгодна прадаваў у Расею неалькагольныя напоі і кансэрвы пакуль рубель на працягу апошняга году ня страціў 60 працэнтаў сваёй вартасьці ў дачыненьні да даляра.

Сёньня рубель такі слабы, што расейскія кліенты Газар’яна больш ня могуць купляць ягоныя прадукты, цана на якія застаецца ў далярах.

«Вось ужо два месяцы, як мы прыпынілі наш экспарт, — кажа ён. — У нас была замова з Расеі на паўтара мільёна даляраў, але мы ня можам пастаўляць прадукт, бо рубель абясцэніўся працэнтаў на 60-70».

«Наша становішча вельмі дрэннае, — дадае ён. — І мы ня ведаем, як зь яго выбрацца».

І ён такі не адзін. Ад таго, што армянскі экспарт раптоўна страціў канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку, уся армянская эканоміка пахіснулася. З прычыны зьмяншэньня замежных валютных паступленьняў курс армянскай валюты драм у адносінах да даляра ад студзеня упаў на 12 працэнтаў.

Тое самае адбываецца ў суседняй Грузіі. Масква — не галоўны гандлёвы партнэр Тбілісі, у адрозьненьне ад Ерэвану. Але Расея — галоўная крыніца грашовых пераводаў ад грузінаў, што працуюць за мяжою, і цяпер рублі, якія яны пасылаюць дадому, прыўносяць у эканоміку краіны значна менш, чым раней. З гэтай прычыны ад пачатку году грузінскі лары упаў на 9 працэнтаў.

Падзеньне курсу армянскай і грузінскай валюты стварае гэтым краінам цэлы шэраг праблемаў. Гэта азначае, што кожная зь іх мусіць плаціць болей за так неабходны заходні імпарт, а таксама плаціць за абслугоўваньне замежных пазыкаў. Разам з тым яны вымушаныя траціць свае небагатыя рэзэрвы замежнай валюты на запавольваньне падзеньня сваіх валют — каб насельніцтва ня страціла веру ў нацыянальныя грошы.

І гэтыя дзьве каўкаскія краіны — не адзіныя, хто адчувае наступствы аслабленьня расейскага рубля.

Казахстан — важны гандлёвы партнэр Расеі і краіна-вытворца нафты — адчула на сабе ўдар як ад падзеньня рубля, гэтак і ад падзеньня цэнаў на нафту. Казахскі ўрад вырашыў не спрабаваць абараніць вартасьць нацыянальнай валюты — тэнге — а дэвальваваў яе сёлета ў лютым на 19 працэнтаў. Але магчыма і гэтага будзе недастаткова, каб пазьбегнуць новай дэвальвацыі ў наступным годзе.

«Калі цана на нафту затрымаецца на адзнацы 70-75 даляраў за барэль, мы будзем разьлічваць на тое, што рост у Расеі ня будзе ніякім ростам. Мы будзем сыходзіць з таго, што расейскі валавы ўнутраны прадукт зьнізіцца ў наступным годзе на 2-3 працэнты», — адзначае Чарлз Робэртсан, галоўны эканаміст фінансавай кампаніі Renaissance Capital.

«Гэта будзе мець адмоўны эфэкт на суседзяў Расеі, і ўсё, што можна будзе спрабаваць рабіць — гэта кампэнсаваць гэты эфэкт, абясцэньваючы нацыянальную валюту».

Тут ёсьць яшчэ адна праблема. Аслабелы рубель ня толькі робіць казахскія прадукты занадта дарагімі для расейцаў, гэта таксама азначае, што Казахстан мусіць бараніць свой прамысловы і сельскагаспадарчы сэктар ад таннага расейскага імпарту, які запаўняе рынак.

«Гаворка тут пра спробы захаваць канкурэнтаздольнасьць у іх нянафтавым сэктары», — кажа Робэртсан.

«Яны ня хочуць, каб казахі куплялі расейскі імпарт толькі таму, што рубель такі танны, яны хочуць, каб яны і далей куплялі казахскія прадукты — казахскую сталь, казахскія мінэралы, а не расейскія. Таму яны спрабуюць абараніць сваю прамысловасьць».

У іншых, але таксама нязручных умовах, апынулася і Беларусь. Яе валюта — беларускі рубель — страціла каля 13 працэнтаў у дачыненьні да даляра ад пачатку году. Адна з прычынаў гэтага палягае тым, што рэзкае падзеньне расейскага рубля скараціла прыбыткі двух вялікіх беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць расейскую нафту ў бэнзін і іншыя прадукты для расейскага рынку.

Цяпер гэты ціск расьце яшчэ болей з прычыны новай беларуска-расейскай гандлёвай вайны — Масква вінаваціць Менск у кантрабандзе празь Беларусь у Расею забароненых эўрапейскіх мяса-малочных прадуктаў.

Як гэта ні дзіўна, гэтая гандлёвая вайна адбываецца ва ўмовах падрыхтоўкі да пашырэньня ад 1 студзенья 2015 году цяперашняга Мытнага саюзу паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам у новы Эўразійскі эканамічны саюз, у які таксама ўвойдуць Арменія і Кіргізстан.

Час пакажа, ці Менск і Масква здолеюць да таго часу вырашыць свае рознагалосьсі і ці Масква будзе дапамагаць слабейшым сябрам новага саюзу спраўляцца зь іх эканамічным крызісам.

«Апошнімі гадамі Беларусь вельмі моцна залежала ад расейскай фінансавай дапамогі, і Менск мусіць быць трошкі занепакоены тым, што ўлічваючы ўласныя расейскія праблемы, Масква будзе менш ахвотная працягваць у будучыні фінансавую дапамогу Беларусі», — кажа Тыматы Эш, экспэрт па новых эўрапейскіх краінах ў лёнданскім Standard Bank.

«Але я ня думаю, што абавязкова будзе так. Я думаю, што ў дачыненьні і Беларусі, і Арменіі Расея будзе вельмі старацца падтрымаць гэтыя краіны ў рамках новага саюзу, каб паслаць мэсыдж, што Эўразійскі саюз — пасьпяховае ўтварэньне і што яго ўдзельнікі памагаюць адны адным».

Некаторыя іншыя памежныя з Расеяй краіны церпяць ад падзеньня рубля пераважна таму, што шмат іх грамадзянаў працуюць у Расеі. Малдова, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзьбекістан адчулі зьмяншэньне вартасьці грошай, якія рабочыя-мігранты дасылаюць дадому.

Малдоўскі нацыянальны банк 11 сьнежня абвясьціў, што нацыянальная валюта — леў — страціла сёлета 17 працэнтаў сваёй вартасьці ў адносінах да даляра з прычыны дэвальвацыі расейскай валюты, а таксама валюты Ўкраіны — важнага эканамічнага партнэра Малдовы.

Таджыцкі самон упаў на 5,5 працэнта, кіргіскі сом — на 15 працэнтаў, узьбецкі сом — на 9 працэнтаў. Гэтыя тры цэнтральнаазіяцкія дзяржавы, шмат грамадзянаў такіх працуюць таксама ў Казахстане, зазналі на сабе наступствы эканамічнага крызісу і ў гэтай краіне.

Туркменістан, важны экспартэр газу, у лепшай сытуацыі. З сваімі газаправодамі ў Расею і Эўропу, Кітай і Іран гэтая краіна не залежыць у такой ступені ад расейскага рынку і мае дастатковыя запасы замежнай валюты каб падтрымліваць сваю валюту — манат — на стабільным узроўні ў адносінах да даляра. Разам з тым, у Расеі працуе дастаткова мала туркменаў, таму грашовыя пасылкі мігрантаў дадому тут ня маюць такога ўплыву на сытуацыю.

Багаты на нафту Азербайджан застаецца больш абаронены ад новых суровых эканамічных рэаліяў рэгіёну. І гэтая краіна цярпіць ад нізкіх цэнаў на нафту, але яна мае вялікі стабілізацыйны фонд, каб падтрымліваць курс нацыянальнай валюты манат. Разам з тым, галоўнымі гандлёвымі партнэрамі застаюцца Турцыя і Расея.

«Азербайджан менш прывязаны да расейскай эканомікі, больш дывэрсыфікаваны ў гандлі і экспартных кірунках і даволі цесна зьвязаны з Турцыяй», — кажа Эш.

«Ён атрымлівае шмат прыбыткаў ад гандлю і інвэстыцыяў з боку турэцкай эканомікі, а Турцыя відавочна знаходзіцца ў вельмі добрым становішчы».

Найбольшыя страты ў рэгіёне зазнае Ўкраіна. Яе валюта — грыўня — страціла ад пачатку году 86 працэнтаў сваёй вартасьці ў адносінах да даляра з прычыны вайны з прарасейскімі сэпаратыстамі і крызісу ўкраінскай эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG