Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маральна нам многія спагадалі, але падтрымка магла б быць большай»


Галадоўнікі разам. Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка

Галадоўнікі разам. Сябры Свабоднага прафсаюза Беларускага зьлева направа -- Алег Шаўчэнка, Аляксандар Варанкін, Аляксандар Грамыка

Месяц таму чацьвёра звольненых з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў працаўнікоў абвясьцілі галадоўку.

Працягвалася яна пяць дзён. Галадоўнікі патрабавалі аднаўленьня на працы ды намагаліся прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўлады да становішча на прадпрыемстве сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Заяўлялі, што і іх звальненьні зьвязаныя з тым, што яны зьяўляюцца сябрамі гэтага прафсаюзу.

Вярнуцца на завод актывістам не ўдалося. Яны застаюцца беспрацоўнымі, нягледзячы на абяцаньні чыноўнікаў дапамагчы ў пошуках працы.

Паводле пратэстоўцаў, дапамогу ў працаўладкаваньні ім абяцалі ў міліцыі, калі складалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Міліцыянты пераказвалі словы старшыні гарвыканкаму Андрэя Каваленкі, які нібыта заяўляў, што пракантралюе пытаньне. Калі знойдуцца варыянты, актывістам абяцалі пазваніць. За месяц ніхто не патэлефанаваў. Дапамогу абяцаў асабіста кіраўнік бабруйскай вэртыкалі найстарэйшаму ўдзельніку галадоўкі Мікалаю Жыбулю. 58-гадовы актывіст дагэтуль беспрацоўны.

«Яму трэба было нешта гаварыць — ён і абяцаў. Ён жа як абяцаў: куды хочаш, але толькі не на свой завод. А навошта мне кудысьці наноў уладкоўвацца ў свае амаль шэсьцьдзесят гадоў. Працаваць як малады вучань? Цяпер цяжкая абстаноўка з працаю. Паўсюдна скарачаюць людзей. Мы тут настолькі сталі вядомымі, што калі нехта ўладкоўваецца на іншыя прадпрыемствы з нашага заводу, то ў яго запытваюць, зь якога ён прафсаюзу. Калі са Свабоднага прафсаюзу Беларускага, дык адразу яму — да пабачэньня», — выказваецца Мікалай Жыбуль.

Актывіст мяркуе, што грамадзкая падтрымка акцыі пратэсту магла б быць куды большай за маральную:

«Маральна ўсе спагадалі. І цяпер во сустракаеш каго — дык кажуць, што малайцы. А так пабаяліся далучыцца; відаць, ня здолелі выціснуць зь сябе раба. І незалежныя прафсаюзы неяк маглі дапамагчы, але...»

Яшчэ адзін галадоўнік Алег Шаўчэнка, кажа, што разумее людзей, якія маглі б падтрымаць акцыю пратэсту сваім удзелам ды так і не наважыліся, і зазначае, што ўсе хочуць застацца з працаю і рызыкаваць за іншых не наважваюцца. Сам жа ён дагэтуль беспрацоўны. Кажа, што знайсьці працу ў Бабруйску цяжка:

«Хацелася б, зразумела, працу лепшую знайсьці, аднак цяпер такіх прац у Бабруйску няма. Я ня бачу сэнсу ісьці туды, дзе людзі працуюць і нічога не зарабляюць», — тлумачыць сытуацыю Алег Шаўчэнка.

Яму таксама ніхто з чыноўнікаў за прамінулы месяц не тэлефанаваў і нічога не прапаноўваў:

«Абяцаць яны шмат чаго абяцаюць. Яны тады проста вымушаныя былі неяк зьвярнуць увагу на галадоўку. І ўсё на гэтым. Я ж упэўнены, што слушна зрабіў, уступіўшы ў Свабодны прафсаюз. Тое, што згубіў працу, — гэта ня самае страшнае ў жыцьці».

На думку яшчэ аднаго ўдзельніка галадоўкі Аляксандра Варанкіна, чыноўнікі разумеюць, што звальняюць сяброў Свабоднага прафсаюзу з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў незаконна. Разумее гэта, паводле слоў актывіста, і старшыня гарвыканкаму Каваленка, але нічога дзеля пратэстоўцаў рабіць ня будзе:

«Я перакананы, што акцыя была правільнай. Мы паказалі народу, як ставяцца да простых працаўнікоў. Іх могуць выкінуць з заводу ні за што. Хоць ты дваццаць гадоў адпрацаваў, хоць трыццаць — усё адно выкідаюць без усялякай прычыны. І выкідаюць спэцыялістаў. Ня выпівох і алькаголікаў, а спэцыялістаў».

Спадзеву на тое, што чыноўнікі дапамогуць знайсьці працу галадоўнікам, ня мае і яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту Аляксандар Грамыка. Ён не шкадуе, што наважыўся на пратэст, аднак зазначае:

«Я не шкадую, але я зразумеў, што з гэтай уладай ваяваць няма сэнсу. Усё ў ёй павязана. Крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе...»

Актывісты наважыліся на пратэст пасьля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога зьвярталіся з адкрытым лістом. У ім кіраўніка дзяржавы прасілі разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненьнямі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Фармальная прычына звальненьня актывістаў-прафсаюзьнікаў — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Паводле заканадаўства, наймальнік ня мусіць аргумэнтаваць, чаму спыняе працоўныя адносіны.

У апошні дзень галадоўкі, 14 лістапада, на яе ўдзельнікаў склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня. Паводле іх, актывісты правялі несанкцыянавае масавае мерапрыемства.

XS
SM
MD
LG