Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраіль бязь візаў — з красавіка


Грамадзяне Беларусі змогуць ужо пачынаючы з красавіка 2015 году наведваць Ізраіль без уязных візаў.

Такое меркаваньне выказала сёньня намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, якая выступіла на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў падчас ратыфікацыі пагадненьня аб бязьвізавым уезьдзе грамадзянаў Беларусі ў Ізраіль і грамадзянаў Ізраіля ў Беларусь.

Дэпутаты ратыфікавалі гэтае пагадненьне. Яно прадугледжвае, што грамадзяне Беларусі і Ізраіля могуць знаходзіцца адпаведна ў Ізраілі або Беларусі бязь візаў ня больш чым 90 дзён цягам аднаго паўгодзьдзя. Прычым у пагадненьні агаворана, што біямэтрычныя парамэтры ў пашпартах ізраільцян і беларусаў непатрэбныя.

Паводле Алены Купчыной, гэта вельмі спрыяльны фактар для Беларусі, паколькі цяпер у Ізраілі жывуць каля 120 тысяч выхадцаў з нашай краіны.

Цяпер гэтае пагадненьне павінен ратыфікаваць Савет Рэспублікі (мяркуецца, што гэта адбудзецца ўжо заўтра) і падпісаць кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца сытуацыі ў Ізраілі, дык там яго 9 сьнежня ратыфікаваў камітэт Кнэсэту. Цяпер, паводле ізраільскіх законаў, дакумэнты павінны быць зацьверджаныя ізраільскім урадам і падпісаныя яго кіраўніком. На гэтым завяршаецца ратыфікацыя з ізраільскага боку. Пасьля чаго цягам 90 дзён бакі павінны правесьці пэўныя дыпляматычныя працэдуры, і толькі пасьля гэтага беларусам можна будзе езьдзіць у Ізраіль бязь візаў, а ізраільцянам — у Беларусь.

Паводле экспэртаў МЗС Беларусі, першыя паездкі адбудуцца на пачатку красавіка 2015 году.

Алена Купчына сказала, што цяпер Беларусь мае 17 дамоваў з краінамі, у якія грамадзяне нашай краіны могуць езьдзіць без уязных візаў, сярод іх — Вэнэсуэла, Манголія, Чарнагорыя. Ізраіль стане 18-ай краінай.

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі сказала таксама, што Беларусь губляе пры пераходзе на бязьвізавы рэжым з Ізраілем 420 тысяч эўра на год, але яна ўпэўненая, што гэтыя грошы будуць зь лішкам кампэнсаваныя праз пашырэньне эканамічных, турыстычных, гандлёвых ды іншых стасункаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG