Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палац» — у палацы


Прэзэнтацыя літаратурнага альманаху "Палац" у Гомелі: па аўтографы да аўтараў

Прэзэнтацыя літаратурнага альманаху "Палац" у Гомелі: па аўтографы да аўтараў

Гомельскае аддзяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прэзэнтавала грамадзе літаратурны альманах «Палац».

Дзея адбывалася ў гарадзкім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Тут сабраліся пісьменьнікі й паэты Гомельшчыны, студэнты, школьнікі, журналісты.

Прыехалі ў Гомель на прэзэнтацыю старшыня СБП Барыс Пятровіч, ягоны намесьнік Алесь Пашкевіч.

Кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня СБП, пісьменьнік, журналіст і галоўны рэдактар альманаху Анатоль Бароўскі так адкрыў падзею:

«Ну калі мы „Палац“, то й вырашылі гэта зрабіць менавіта ў палацы. Таму мы й тут. Вельмі рады таму, што ў вобласьці зьявілася магчымасьць выдаваць такія зборнікі. Тут і паэзія, і проза, і публіцыстыка, і гісторыя. Раз на год мы сталі выдаваць 250-старонкавы альманах. Гэта ўжо, дарэчы, другі нумар. У ім каля сарака аўтараў — з розных куткоў Гомельшчыны. Мы, дзякуй Богу, пішам, друкуемся, выдаемся. І маем свой голас, сваю пазыцыю, свой узровень»

У альманаху побач з маладзейшымі аўтарамі — Дар’яй Дарошка, Андрэем Петрашэўскім, Югасяй Калядой, друкуюцца й масьцітыя творцы — Міхась Даніленка, Таіса Мельчанка, Вадзім Болбас, Уладзімер Бабкоў, Анатоль Малюк.

Нізку вершаў прадставіла ў альманаху сьпявачка Вольга Цярэшчанка.

Знайшлося месца ў ім і некаторым тутэйшым мастакам слова, якія пайшлі з жыцьця. У прыватнасьці, чытачам прапанавана вершаваная казка Івана Кірэйчыка «Ці быў Вожык вінаваты?»

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч дадае, што дзякуючы фундатарскай падтрымцы ўдалося наладзіць выпуск альманахаў у рэгіёнах:

«Выйшла ўжо пяць берасьцейскіх альманахаў, тры — гарадзенскія, два — гомельскія. І сёлета зьявіўся нарэшце і першы выпуск віцебскага альманаху. Дарэчы, назвы ў нас такія сымбалічныя. У Гомелі — „Палац“, і прэзэнтацыя ў палацы. У Горадні — „Новы замак“, і прэзэнтацыя была ў замку. У Віцебску — „Ратуша“, і прэзэнтацыя будзе ў ратушы. Альманахі — яны ня проста зьбіраюць літаратараў пад адной вокладкай, а яднаюць іх у творчых сустрэчах, спрыяюць разьвіцьцю беларускай літаратуры. І гэта вельмі важна».

XS
SM
MD
LG