Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Алесін пра вайсковую тэматыку: Цяпер рукі дрыжаць, жахлівенька


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Журналіст газэты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін, якога 10 сьнежня вызвалілі з «амэрыканкі» пад падпіску аб нявыезьдзе, даў інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алег Грузьдзіловічу

— Аляксандр, гэта было вашае першае ў жыцьці затрыманьне?

— Не рэцыдывіст, ніколі не затрымліваўся. Але прафіляктычныя гутаркі са мной бывалі, некалькі разоў. Калі выклікалі ў КДБ і даводзілі, што на мяне ёсьць скаргі тых або іншых прадпрыемстваў ВПК. На што тыя скардзіліся? Што ў вачах сусьветнага грамадзтва нібыта падрываю іх рэпутацыю, хаця я даваў прыклады супрацоўніцтва з тымі самымі замежнымі краінамі, якія браў з сусьветных мэдыяў. З іранскіх, прыкладам ці іншых. Аб супрацоўніцтве Беларусі з тымі або іншымі дзяржавамі.

— Можаце згадаць, пра што вы падумалі, калі ў вас на руках замкнулі кайданкі?

— Ніякіх асаблівых думак, проста стрэс. Галава пустая, затое моцны ўдар па псыхіцы.

— Гэты ўдар прайшоў?

— Так, потым наступіў час аналізу.

— Колькі разоў вас дапытвалі?

— Не, гэта ня тая тэма. Увогуле што да сьледзтва, нічога сказаць не магу і камэнтаваць не магу.

— Ці ёсьць у вас скаргі на парушэньне вашых правоў падчас сьледзтва?

— Нейкіх парушэньняў маіх правоў я не адчуў, проста лічу, што падставілі мяне тыя людзі, зь якімі я быў у кантакце. Знарок ці незнарок, але гэта адбылося. Што да сьледчых, то, як мне падаецца, у працэсуальным сэнсе ўсё было як мае быць. Не магу сказаць, што са мной паступалі ненармальна.

— Вы ўтрымліваліся ў «амэрыканцы»?

— Скажу гэтак: у сьледчым ізалятары.

— Аляксандр, атрымліваецца, КДБ зладзіў вам эксклюзіўную экскурсію ў сваю «сьвятая сьвятых» — «амэрыканку». Якія ў вас ад яе ўражаньні, што пацьвердзілася з таго, што пра гэтую турму распавядалі апазыцыянэры?

— Я больш унутр сябе глядзеў. Ёсьць месца, дзе сядзець, дзе ляжаць, харчаваньне даюць. Ежа з большага нармальная. Мне больш дыскамфортна было ў псыхалягічным сэнсе, усё астатняе я быццам не заўважаў, гэта было ўжо ня важна.

— Па нейкіх жалезных лесьвіцах вас не прымушалі бегаць?

— Не, такога не было. Мушу сказаць, што мае гады і стан здароўя паважалі. Справа ў тым, што я быў толькі затрыманы, а не арыштаваны. Калі чалавека затрымалі, гэта ня факт, што яго заўтра і асудзяць. Ну, затрымалі, ідуць сьледчыя дзеяньні. Але не магу сказаць, што былі нейкія жорсткія дзеяньні адносна мяне.

— А з большага там парадкі жорсткія?

— Так. Жорсткія. Ну, гэта ж не санаторый. Але паўтару, што я ўнутры сябе быў у настолькі разгубленых пачуцьцях, што вакол глядзеў мала. Турбаваўся за сваякоў, як яны будуць перажываць гэты час, потым мне сказалі, што меў падставы непакоіцца, дачка вельмі дрэнна сябе адчувала.

— Ад вас заўсёды можна было атрымаць цікавую, фактычна эксклюзіўную інфармацыю пра ўзбраеньне, грунтоўныя камэнтары на вайсковую тэму. Можаце распавесьці пра крыніцы вашай дасьведчанасьці?

— Гэта выключна адкрытыя крыніцы, якія не зьяўляюцца сакрэтнымі. Нават калі яны былі атрыманыя ад спэцыялістаў, то гэта былі легальныя камэнтары гэтых спэцыялістаў, якія яны давалі цалкам законна. Я ніколі не прасіў нейкіх сакрэтных дадзеных і не карыстаўся сакрэтнымі дадзенымі. Толькі ўсё агалошаная, надрукаваная інфармацыя, якая не ўяўляе сабой дзяржаўнай таямніцы. Казаў гэта і паўтараю вам.

— Незадоўга да вашага затрыманьня вы распавядалі для Радыё Свабода пра стан узбраеньня беларускага войска і дэталёва апісвалі, колькі самалётаў адных відаў, другіх, трэціх. Прыкладам, гэтая інфармацыя адкуль зьявілася?

— Гэта не сакрэт. Беларусь удзельнічае ў стварэньні дакумэнтаў аб скарачэньні звычайных узбраеньняў. Пэўныя спэцыялісты гэта ўсё кантралююць, ёсьць службы па кантролі за дамовай аб скарачэньні звычайных узбраеньняў, дзе ўсё гэта вядома. У Мінабароны ёсьць спэцыяльны дэпартамэнт, які дае такія зьвесткі. У інтэрнэце, у Вікіпэдыі таксама дастаткова такіх дадзеных.

— Ці будзеце далей займацца вайсковай тэматыкай?

— Цяпер, вядома, ручкі дрыжаць, жахлівенька. Потым, магчыма, адпусьціць. Але гэта мая прафэсія. Хаця, з былым імпэтам ужо наўрад ці, буду мазгі ўключаць. Што можна, а што лепш не чапаць.

— У газэце «Беларусы і рынак» вы ня толькі на вайсковую тэму пішаце. І пра аўтамабілі шмат пісалі, і аглядалі сытуацыю ў машынабудаваньні. Хто вы паводле прафэсіі і як сталася, што заняліся журналістыкай?

— Паводле адукацыі я сапраўды не журналіст. Скажу гэтак, што маю вайсковае званьне, 18 гадоў працаваў у вайскова-прамысловым комплексе інжынэрам. У тым ліку працаваў на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова, у аддзеле аўтаматызаваных сыстэм кіраўніцтва прадпрыемствам. Ведаю прамысловасьць, тэхналёгію, добра разьбіраюся ў канструктарскай дакумэнтацыі. Мне зразумела, як працуе любое машынабудаўнічае прадпрыемства, таму я і пісаў на гэтую тэму таксама. А як прыйшоў у журналістыку? Зусім выпадкова. У 1994 годзе камэрцыйная фірма, у якой я працаваў, збанкрутавала, а паколькі я як пазаштатнік супрацоўнічаў з газэтай, камэнтаваў біржавыя зводкі, то перайшоў у газэту. Трэба было зарабляць грошы, усё вельмі проста.

— Як вы думаеце, тая гісторыя, якая з вамі адбылася — гэта звычайная контравыведная праца беларускіх спэцорганаў, ці ўсё ж тут ёсьць нейкі ўплыў сытуацыі ва Ўкраіне, адбітак абвастрэньня адносін Эўропы з Расеяй?

— Я пакуль не бяруся аналізаваць у такім глябальным пляне, што здарылася. Мне, як кажуць, свая кашуля бліжэй. Мне б пабыць са сваякамі, ведаю, як яны перажылі ад невядомасьці. Трэба крыху раны залізаць, а тады ўжо прыйдзе пэрыяд нейкага абдумваньня. Ёсьць, вядома, нейкія асабістыя меркаваньні, але яны мусяць быць пацьверджаныя. Вось падумаю і тады нешта супастаўлю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG