Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левінаў: «Здаецца, чыноўнікі не чыталі, пра што я пісаў — пра пікет ці фатасэсію»


Павал Левінаў

Павал Левінаў

Пасьля таго, як некалькі віцебскіх журналістаў і актывістаў былі аштрафаваныя за фатасэсію на фоне гарадзкога графіці — малюнка, дзе з клетак вырываюцца на волю птушкі, віцебскі праваабаронца Павал Левінаў вырашыў спраўдзіць фармулёўкі судовых рашэньняў. Паколькі ўдзельнікаў фатасэсіі абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні, Левінаў хацеў паглядзець на рэакцыю мясцовых уладаў, калі зьвярнуцца да іх па дазвол на фатаздымкі.

Павал Левінаў паведаміў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну, што хоча 12 сьнежня сфатаграфавацца зь сябрамі. Удакладніў, што мэта — выключна фатаграфаваньне, і ніякае не выказваньне грамадзкіх ці асабістых інтарэсаў. Бо якраз у гэтым абвінавацілі віцебскіх журналістаў і актывістаў, аштрафаваўшы іх за падобныя фатаздымкі, кваліфікаваныя як несанкцыянаванае пікетаваньне, падкрэсьлівае Павал Левінаў:

«Пасьля таго, як мяне і групу сяброў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за фатаздымкі, выкладзеныя ў інтэрнэце, я праінфармаваў раённую адміністрацыю, што хачу правесьці фатасэсію. На тым самым месцы, каля таго самага графіці з клеткамі і птушкамі. Да нас былі прэтэнзіі, што мы правялі фатасэсію без дазволу. Цяпер я зьвярнуўся па такі дазвол. Напісаў, што хочам зьдзейсьніць масавае фатаграфаваньне, а мэта наша — зрабіць фота на памяць».

У адказ на сваю заяву Павал Левінаў атрымаў ліст з адмовай. Яму не дазволілі фатаграфавацца, зноў жа апэлюючы да таго, што фатасэсія — гэта масавая акцыя. Праваабаронца распавядае:

«Мне сказалі, што я ня выканаў пункт № 3 рашэньня Віцебскага гарвыканкаму „Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску“. Не прыклаў да заяўкі дамову на абслугоўваньне „мерапрыемства“. Таму мне не дазваляюць правесьці „масавае мерапрыемства“. А я нават слова „мерапрыемства“ не ўжываў у сваім звароце! А мне забаранілі пяціхвілінную фатасэсію, бо я не заключыў дамовы зь міліцыяй, лекарамі і дворнікамі!»

Ліст з забаронай прыйшоў за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Ільмовіча. Але спадар Ільмовіч, зь якім Радыё Свабода зьвязалася праз тэлефон, ня змог уцямна патлумачыць, чым выкліканы такі адказ. Але сказаў, што загад забараніць фатасэсію ён атрымаў ад кіраўніцтва ідэалягічнага аддзела і міліцыі:

«Я вам шчыра скажу, што не адкажу на вашы пытаньні. Я проста падмяняў намесьніка кіраўніка адміністрацыі, яна займаецца ідэалягічнымі справамі, але была ў адпачынку. І займаўся гэтым кіраўнік ідэалягічнага аддзела разам зь міліцыяй. Яны прыйшлі, патлумачылі мне сытуацыю, і таму я падпісваў тое, што мне сказалі!»

Падобна, Аляксандар Ільімовіч так і не зразумеў, чаго хацеў ад уладаў Павал Левінаў. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна, якая курыруе ідэалягічную працу, доўга не магла ўцяміць, пра што яе распытвае карэспандэнт Свабоды:

«У нас няма ніякіх птушак і клетак! А Левінаў — ён нам шмат заявак падае. На фатасэсію заявак не паступала. Не было такіх зваротаў... А, вось мне кажуць, што быў! І адказ мы ўжо таксама далі. А які адказ, я ня ведаю. Во, знайшлі! Мы яму адмовілі! Таксама на падставе рашэньня гарвыканкама пра масавыя мерапрыемствы. Хаця пачакайце, ён тут піша „фатасэсія“.... Тады гэта нейкі іншы від імпрэзы... Чакайце, я буду разьбірацца. Што ж цяпер рабіць!»

Разьбірацца спадарыня Ляпёшкіна будзе да заўтра, фатасэсія прызначаная на пасьлязаўтра, адказ пра забарону напісалі 5 сьнежня. Часу на разьбіраньні было дастаткова. Паводле Паўла Левінава, рэч у тым, што чыноўнікі не абцяжарваюць сябе нават уважлівым чытаньнем таго, што ім пішуць людзі:

«Яны адмову напісалі пад капірку, не задумваючыся! Там даўно развучыліся думаць! Ліст так і пачынаецца: „У адказ на вашу заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства“... Ды я не зьбіраўся праводзіць масавае мерапрыемства! Мы зь сябрамі хацелі сфатаграфавацца, і ўсё! Але ніхто заяву не чытаў уважліва! Атрымліваецца так: Беларусь кліча да сябе турыстаў, а калі яны прыедуць і захочуць зрабіць фатаздымак на памяць у нейкім адметным месцы, то ўсе яны аўтаматычна робяцца правапарушальнікамі?»

Павал Левінаў — таксама правапарушальнік. За ўдзел у мінулай фатасэсіі «з птушкамі і клеткамі», расцэненай міліцыяй як незаконнае пікетаваньне, яго чакае суд — 12 сьнежня, якраз у той дзень ён і плянаваў сфатаграфавацца зноўку. Ужо з дазволам, якога так і не атрымаў, бо раённая адміністрацыя заблыталася ў заканадаўстве.

За фатаздымкі каля дома з графіці па вуліцы Ільінскага, зробленыя без дазволу, аштрафаваныя журналісты Алена Сьцяпанава, Зьміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў і грамадзкія актывісткі, прыхільніцы стварэньня партыі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня. Выпадковаму мінаку Пятру Бярлінаву, які далучыўся да фатасэсіі, быў прысуджаны арышт на трое сутак, які спадар Бярлінаў ужо адбыў, бо быў затрыманы на вуліцы і зьмешчаны да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Суд над Паўлам Левінавым адбудзецца а 10-й гадзіне 12 сьнежня ў Чыгуначным райсудзе Віцебску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG