Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік: Чалавек з табэльнай зброяй надае грамадзтву стабільнасьць


Пётар Руднік

Пётар Руднік

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік пастраляў у ціры разам зь сілавікамі і стаў чальцом спартовага таварыства «Дынама».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік пастраляў у ціры разам зь сілавікамі і стаў чальцом спартовага таварыства «Дынама». Кіраўнік абласной вэртыкалі паабяцаў, што ў наступным годзе ў спаборніцтве па стральбе з табэльнай зброі сярод кіраўнікоў сілавых структураў рэгіёну возьме ўдзел і каманда чыноўнікаў.

У рэгіянальным выпуску навінаў на першым канале Беларускага тэлебачаньня мімаходзь паказалі Пятра Рудніка, які трымае ў руках аўтамат і страляе зь пісталету. Які вынік паказаў кіраўнік вобласьці, не паведамілі. Сам жа Пётар Руднік выказаў сваё бачаньне чалавека з табэльнай зброяй у грамадзтве:

Сёньня ў нашым грамадзтве чалавек з табэльнай зброяй успрымаецца не як фактар небясьпекі, а як чалавек, які надзелены ўладай і які закліканы абараняць грамадзтва ад усялякай пошасьці, якая можа ўзьнікнуць.

«Сёньня ў нашым грамадзтве чалавек з табэльнай зброяй успрымаецца не як фактар небясьпекі, а як чалавек, які надзелены ўладай і які закліканы абараняць грамадзтва ад усялякай пошасьці, якая можа ўзьнікнуць. Гэта сёньня надае грамадзтву стабільнасьць», — казаў Пётар Руднік.

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў зьдзіўлены выказваньнем Пятра Рудніка. Паводле партыйца, ад такіх заяваў кіраўнік вобласьці мае ўстрымлівацца.

«Рэжуць вушы» словы пра тое, што чалавек з табэльнай зброяй — гэта прыкмета стабільнасьці. Гэтак жа было прыкладна сказана? Гэта прынамсі дзіўнавата.

" «Рэжуць вушы» словы пра тое, што чалавек з табэльнай зброяй — гэта прыкмета стабільнасьці. Гэтак жа было прыкладна сказана? Гэта прынамсі дзіўнавата. Мы ж пакуль не на ваенным становішчы. Бразгаць зброяй у цэнтры Эўропы — ня справа. Мясцовая ўлада мае займацца мясцовымі праблемамі. З мэдыцынай, напрыклад, у нас зусім кепска. З адукацыяй. Катастрофа з адукацыяй. Беспрацоўя не было, а тут пазнаходзілі па краіне 500 тысяч чалавек. Вось цяпер змагаюцца з дармаедамі. Калі гэтыя пытаньні не вырашаюцца, тады, відаць, іншага выйсьця няма, то трэба страляць, браць у рукі зброю, каб гэта кідалася ў вочы«, — выказваецца Ўладзімер Шанцаў.

Уладзімер Шанцаў

Уладзімер Шанцаў

Пётар Руднік, які і іншыя кіраўнікі абласьцей, мае генэральскія пагоны. Іх уручыў у лістападзе 2011 году Аляксандар Лукашэнка. Тады заяўлялася пра стварэньне войскаў тэрытарыяльнай абароны. Узьвядзеньнем старшыняў аблвыканкамаў у генэралы падкрэсьлівалася асаблівая адказнасьць такой пасады, а таксама важнасьць войскаў тэрытарыяльнай абароны.

Мы створым новую, дагэтуль невядомую структуру — новую армію, калі хочаце, у Беларусі.

«Тое, што вы фактычна сёньня становіцеся генэрал-губэрнатарамі, гэта не дзеля паказухі ці проста прэстыжу. Мы створым новую, дагэтуль невядомую структуру — новую армію, калі хочаце, у Беларусі. Таму разам з рашэньнем эканамічным праблемаў, сацыяльна-эканамічных на вас ускладаецца адказнасьць па забесьпячэньні і арганізацыі нашага ваеннага складніку». даводзіў старшыням аблвыканкаму Аляксандар Лукашэнка.

За прамінулыя тры гады ў дзяржаўных СМІ амаль ня згадвалі сілы тэрытарыяльнай абароны. Не было паведамленьняў пра іх і ў рэгіянальных мэдыях. У матэрыяле пра спаборніцтва па стральбе з табэльнай зброі генэрал-губэрнатарства Пятра Рудніка таксама абышлі маўчаньнем. Адзначылі важнасьць правядзеньня такіх мерапрыемстваў і папулярызацыі стралковых відаў спорту сярод моладзі. Найбольш ачкоў настраляла кіраўніцтва Ўпраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму. Яны перамаглі дванаццаць камандаў.

XS
SM
MD
LG