Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандра Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

10 сьнежня журналіст газэты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

Пра гэта паведаміла газэта «Беларусы і рынак».

Аляксандар Алесін быў вызвалены з СІЗА КДБ раніцай, каля 10 гадзін, і адразу пазваніў галоўнаму рэдактару газэты «Белорусы и рынок» Вячаславу Хадасоўскаму.

«Ён пазваніў літаральна адразу як выйшаў — сказаў, што едзе дадому. Цяпер ён адпачывае, аднаўляецца. Мы дамовіліся, што да панядзелка ён будзе дома і потым выйдзе на працу. Пакуль, слава Богу, мы лічым, што інцыдэнт вычарпаны», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Вячаслаў Хадасоўскі.

Адказваючы на пытаньне аб стане Алесіна пасьля турмы, Хадасоўскі адзначыў, што ён перажыў вялікі стрэс, але трымаецца бадзёра.

«Сказаў, што стрэс — ну, зразумела, ён не адпачынку быў. Але трымаецца бадзёра — малайца», — падкрэсьліў Хадасоўскі.

Сын Алесіна Ягор паведаміў Свабодзе:

"Бацька патэлефанаваў з чужога тэлефона, ён сказаў, што ягоная справа перакваліфікаваная па іншаму артыкулу Крымінальнага кодэксу і ён адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе".

З самім Аляксандрам Алесіным пагутарыць пакуль не ўдаецца.

Аляксандар Алесін быў затрыманы 26 ці 27 лістапада. Інфармацыя пра яго затрыманьне зьявілася ў беларускіх незалежных мэдыях ўвечары 4 сьнежня.

8 сьнежня стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выставіў журналісту абвінавачаньне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».

Па гэтым артыкуле прадугледжаны тэрмін зьняволеньня ад 7 да 15 гадоў. Разам з Алесіным абвінавачваюць дыплямата адной з краін. Аляксандар Алесін не зьяўляецца асноўным фігурантам справы.

«Самае страшнае, што ў дыплямата, якога затрымалі разам зь ім (Аляксандрам Алесіным — РС), былі знойдзеныя нейкія сакрэтныя дакумэнты. Цяпер сьледзтва высьвятляе, ці ён (Алесін — РС) перадаў гэтыя дакумэнты. А калі ён, то адкуль узяў», — паведамілі сваякі. Аляксандар Алесін часта даваў камэнтары па вайсковых пытаньнях для Радыё Свабода і іншых незалежных мэдыя.

Апошняе інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Алесін даў 26 лістапада, дзе ацэньваў баяздольнасьць беларускай арміі. Ён выказаў меркаваньне, што ў складзе Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь хутка павялічваецца адставаньне там, дзе зброя дарагая і высокатэхналягічная, — найперш гэта авіяцыя. Таксама паступова зьніжаецца і лётнае майстэрства беларускіх пілётаў.

XS
SM
MD
LG