Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску забараняюць фатаграфавацца на вуліцы. Тым больш — групамі


Адказ такога зьместу атрымаў з адміністрацыі Чыгуначнага раёну праваабаронца Павал Левінаў.

Пасьля таго, як некалькі віцебскіх журналістаў і актывістаў былі аштрафаваныя за фатасэсію на фоне гарадзкога графіці — малюнка, дзе з клетак вырываюцца на волю птушкі, праваабаронца вырашыў спраўдзіць фармулёўкі судовых рашэньняў. Паколькі ўдзельнікаў фатасэсіі абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні, Левінаў хацеў паглядзець на рэакцыю мясцовых уладаў, калі зьвярнуцца да іх па дазвол на фатаздымкі:

«Я паведаміў у раённую адміністрацыю, што хачу сфатаграфавацца зь сябрамі. Удакладніў, што „від масавага фатаграфаваньня — пэрформанс, форма сучаснага мастацтва, калі творам зьяўляюцца дзеяньні групы“, бо ўдзельнікі падчас фатасэсіі могуць перамяшчацца, прымаць нейкія позы, мець пры сабе нейкія рэчы... Я меркаваў, што мне адкажуць у адпаведнасьці з заканадаўствам аб правядзеньні масавых акцыяў. Маўляў, фатасэсія — гэта ня масавая акцыя. Бо гэта ня сход, ня шэсьце і не пікет, пра якія гаворыцца ў законе. Аднак, атрымалася наадварот. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Аляксандар Ільмовіч забараніў калектыўнае фатаграфаваньне, назваўшы яго „масавым мерапрыемствам“, на падставе адсутнасьці ў мяне дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і дворнікамі!»

Павал Левінаў пісаў у раённую адміністрацыю, што хоча сфатаграфавацца з сябрамі каля таго самага будынка па вуліцы Ільінскага, на якім намалявана графіці з птушкамі і клеткамі. За фатаздымкі ў гэтым месцы былі аштрафаваныя журналісты Алена Сьцяпанава, Зьміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў і грамадзкія актывісткі, прыхільніцы стварэньня партыі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня. У судзе ў іх таксама пыталіся, ці бралі яны дазвол на фатаграфаваньне, якое кваліфікавалі як масавае мерапрыемства. Маўляў, удзельнікі сабраліся ў адным месцы, з аднолькавай мэтай — сфатаграфавацца, а пры сабе мелі «рэквізыт» — папяровыя клеткі і птушак-арыгамі. Іх выкарыстаньне, на думку прадстаўніка Чыгуначнага РАУС, маёра Аляксандра Рыбакова, спрыяла «выказваньню грамадзкіх і сацыяльных інтарэсаў» — так напісана ў пратаколах, складзеных міліцыянтам.

Пратакол правапарушэньня артыкула 23.34 КоАП складзены і на праваабаронцу Паўла Левінава. 12 сьнежня — якраз у той дзень, калі ён зьбіраўся зноўку сфатаграфавацца зь сябрамі, над ім прызначаны суд.

«Скажыце, ці паедуць да нас турысты, калі за фатаздымак на памяць у грамадзкім месцы безь пісьмовага дазволу ўладаў можна трапіць за краты на тэрмін да 15 сутак?» — піша абураны праваабаронца на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG