Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША агучылі зьвесткі аб катаваньнях у ЦРУ


Маніфэстацыя супраць турмы Гуантанама. Вашынгтон, 2012.

Маніфэстацыя супраць турмы Гуантанама. Вашынгтон, 2012.

Даклад камітэту па выведцы сэнату ЗША, апублікаваны ў аўторак у Вашынгтоне, зьмяшчае апісаньне мэтадаў ЦРУ, што ўжываліся пры правядзеньні допытаў падазраваных у тэрарызьме пасьля 11 верасьня 2001 году.

Даклад уключае дэталі з апісаньнем мэтадаў, якія выкарыстоўваліся ЦРУ пры допытах на сакрэтных аб’ектах у Эўропе і Азіі. У прыватнасьці, апісваюцца пагрозы сэксуальнага гвалту, патапленьне і іншыя суровыя спосабы ўзьдзеяньня. У дакладзе прадстаўлены факты жорсткасьці, адносна якіх выказваў занепакоенасьць нават мэдычны пэрсанал месцаў зьняволеньня.

Галоўная выснова дакладу, падрыхтаванага камітэтам, заключаецца ў сьцьвярджэньні, што гэтыя захады, якія ўжываліся да падазраваных у тэрарызьме членаў «Аль-Каіды», не прынесьлі якіх-небудзь каштоўных зьвестак. У кароткім рэзюмэ дакладу гаворыцца таксама, што ЦРУ ўводзіла ў зман амэрыканцаў адносна эфэктыўнасьці такіх мэтадаў. Допыты праходзілі з парушэньнямі правілаў, а атрыманая інфармацыя аказалася ненадзейнай, сьцьвярджаецца ў тэксьце рэзюмэ.

У 528-старонкавым дакумэнце зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі супрацоўнікі ЦРУ ўводзілі ў зман Белы дом, кіраўніцтва Кангрэсу, а часам і сваіх начальнікаў.

Па выніках працы камітэту ўпершыню раскрываецца поўны сьпіс усіх 119 зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў турмах ЦРУ і паведамляецца, што прынамсі 26 вязьняў патрапілі туды памылкова або з-за няправільнай інфармацыі.

Старшыня сэнацкага камітэту ў справах выведкі Даян Файнстайн, з ініцыятывы якой пачалася падрыхтоўка дакладу пяць гадоў таму, на працягу некалькіх месяцаў вяла перамовы зь Белым домам аб ступені разгалошваньня сакрэтнай інфармацыі ў публікацыях.

Барак Абама прыпыніў ажыцьцяўленьне праграмы допытаў ЦРУ ў 2009 годзе, адразу пасьля таго, як стаў прэзыдэнтам. Ён прызнаў тады, што мэтады, якія выкарыстоўваліся пры допытах падазраваных у датычнасьці да «Аль-Кайды», зьяўляліся па сутнасьці катаваньнямі.

«Вось чаму я буду працягваць выкарыстоўваць свой аўтарытэт у якасьці прэзыдэнта, каб забясьпечыць, што мы ніколі ня зьвернемся да тых мэтадаў, зноў», — сказаў Барак Абама.

XS
SM
MD
LG