Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выходзіць новая кніга Памука пасьля 6 гадоў перапынку


Архан Памук

Архан Памук

Сёньня выходзіць новы, 480-старонкавы раман Архана Памука, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2006 год.

Кніга «У маёй галаве дзіўната» («Kafamda Bir Tuhaflık Var») зьяўляецца праз шэсьць гадоў пасьля выхаду апошняга раману Памука «Музэй нявіннасьці».

«„У маёй галаве дзіўната“ — адначасова эпічная аповесьць і сучасная гісторыя каханьня. Я правёў шэсьць гадоў з галоўным героем, Мэўлютам, у сваёй галаве», — сказаў Архан Памук журналістам. «Ён прадае бозу — папулярны фэрмэнтаваны напой у Турцыі — на вуліцах Стамбулу паміж 1969 і 2012 гадамі».

62-гадовы турэцкі пісьменьнік паведаміў, што раман распавядае пра гісторыю разьвіцьця гораду і штодзённае жыцьцё Стамбулу цягам апошніх 40 гадоў.

Пра галоўнага героя, Мэўлюта, Памук адзначыў наступнае:

«Мы ня блізкія адзін да аднаго, калі браць пад увагу стыль жыцьця, але я падзяляю з Мэўлютам шмат якія рэчы, напрыклад думкі ды здольнасьць і жаданьне філязафаваць у цёмным завулку, зыходзячы з дробных дэталяў».

Кнігі Архана Памука належаць да найбольш перакладаных і чытаных твораў у гісторыі турэцкай літаратуры.

Нобэлеўскі камітэт, даючы Памуку сваю прэмію ў 2006 годзе, назваў яго пісьменьнікам, які «ў пошуках мэлянхалічнай душы свайго роднага гораду выявіў новыя сымбалі сутыкненьня і перапляценьня культур».

XS
SM
MD
LG