Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў: Казахстан і Беларусь могуць далучыцца да санкцый супраць Эўразьвязу


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Казахстан і Беларусь могуць далучыцца да расейскіх санкцый супраць Эўразьвязу заявіў міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію агенцтву «РИА-Новости».

Ён сказаў, што правілы мытнага зьвязу дазваляюць такія сумесныя крокі ў адказ на вонкавы эканамічны ціск на адну з дзяржаваў-удзельніц. Паводле Лаўрова цяпер пытаньне аб сумесных дзеяньнях у адказ на крокі Захаду не на парадку дня, але такая неабходнасьць можа ўзьнікнуць у будучыні.

«Адносна санкцыйнага ціску Захаду мы з партнэрамі адзіныя ў тым, што уведзеныя ў дачыненьні да Расеі абмежавальныя меры супярэчаць нормам міжнароднага права і не спрыяюць ўрэгуляваньню ўнутрыўкраінскага крызісу» — сказаў кіраўнік расейскага МЗС.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь і Казахстан прадухіляюць магчымасьць, каб празь іх тэрыторыю ў Расею патрапілі харчовыя тавары з Эўразьвязу.

«Што ж датычыцца выкананьня Беларусьсю і Казахстанам абавязацельстваў па недапушчэньні паставак у Расею забароненай прадукцыі з краін ЭЗ, то ва ўмовах адзінага рынку досыць складана цалкам выключаць магчымыя нядобрасумленныя дзеяньні асобных заходніх кампаній, якія могуць вырашыць падзарабіць на кантрабандным ўвозе ў Расею забароненай прадукцыі. Разам з тым кіраўнікі Беларусі і Казахстану запэўніваюць нас у тым, што будуць спыняць такія дзеяньні і ў нас няма падстаў ў гэтым сумнявацца » - сказаў Сяргей Лаўроў.

Паводле яго, у Маскве «задаволеныя супрацоўніцтвам з партнэрамі, ўдзячныя ім за садзейнічаньне».

Гэта заява была зробленая на фоне канфлікту вакол паставак харчовай беларускай прадукцыі на расейскі рынак.

У канцы лістапада «Рассельгаснагляд» увёў забарону на пастаўку прадуктаў харчаваньня з 23 прадпрыемстваў Беларусі, абгрунтаваўшы гэтае рашэньне выяўленьнем у беларускай прадукцыі геному вірусу афрыканскай чумы сьвіньняў, а таксама мікробнага забруджваньня і антыбіётыкаў. Акрамя таго, Масква ініцыявала спыненьне транзыту забароненай у РФ прадукцыі праз Беларусь па маршруце, які праходзіць праз Расею, у Казахстан і трэція краіны. Расейскі бок тлумачыў свае дзеяньні выяўленьнем нелегальных каналаў пастаўкі прадукцыі з тэрыторыі Беларусі.

На нарадзе 3 сьнежня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь адхіляе абвінавачваньні ў рээкспарце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG