Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Франсуа Борат


Цырымонія сустрэчы прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда ў Астане
Цырымонія сустрэчы прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда ў Астане

Клэр Біг

Гэтую фатаграфію Франсуа Алянд наўрад ці будзе ўспамінаць з добрымі пачуцьцямі. Фота, на якім ён зафіксаваны ў традыцыйнай казахскай вопратцы - расшытым кажусе з футравым каўняром і зімовай, аблямаванай футрам шапцы, - стала прадметам бурлівай весялосьці ў сацыяльных сетках.

Вопратка - падарунак Алянду ад казахстанскага калегі Нурсултана Назарбаева, які зьняўся разам з французскім госьцем - але ў звычайным афіцыйным касьцюме. Хоць прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Францыі настойвалі на тым, каб фатаграфія не друкавалася, яна ўсё ж зьявілася на афіцыйнай старонцы Назарбаева ў Інстаграме, але пазьней была выдаленая на просьбу Алянда.

Апанэнты прэзыдэнта Францыі забаўляліся цэлы дзень, выстаўляючы ў сацыяльных сетках фотамантажы Алянда у самых розных уборах - Санта-Клаўса, Абэлікса і нават Міс Францыі-2015.

Фінансаваны Крамлём англамоўны тэлеканал RT таксама не ўтрымаўся ад жартаў на адрас францускага лідэра - якраз калі той ляцеў у Маскву для кароткіх перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Казахстанская фатаграфія стала прадметам спэкуляцый наконт таго, якім будзе наступны касьцюм Алянда - можа быць, казацкі, улічваючы, што з Казахстану ён накіраваўся ў Расею?

... гэтаксама як і пытаньняў пра тое, што паабяцаў Назарбаеў калегу ў абмен на гэтую фотасэсію - можа быць, купіць у Францыі верталётаносьбіт "Містраль", каб Казахстан мог дамінаваць у Касьпійскім моры?

Хапала і параўнаньняў Франсуа Алянда з Боратам — пэрсанажам аднайменнай камэдыі, нібыта журналістам з Казахстану, якога граў брытанскі комік Саша Барон Коэн. Брытанскі таблоід Mail нават выйшаў з загалоўкам «Гэта прэзыдэнт Франсуа Борат!».

Гэта ня першы выпадак, калі фатаграфіі прынесьлі Франсуа Алянду непрыемнасьці. У студзені папарацы сфатаграфавалі, як ён выяжджае на матацыкле з дому непадалёк ад Элізэйскага палацу пасьля спатканьня з каханкай, 42-гадовай актрысай Жулі Гайе.

Публікацыя фота прывяла да разрыву Алянда з тагачаснай першай дамай Францыі, журналісткай Валеры Трырвайлер, якая пазьней напісала кнігу пра сваю сувязь з Аляндам, дзе прэзыдэнт абмаляваны як схільны да хлусьні маніпулятар.

Яшчэ адзін няўдалы здымак Алянда, які агенцтва AFP і Reuters неўзабаве прыбралі з сваіх публікацый, што выклікала хвалю абурэньня ў Францыі, зафіксаваў грымасу прэзыдэнта падчас наведваньня летась адной з школ:

Рэйтынг Франсуа Алянда цяпер складае 12 працэнтаў - гэта самы нізкі ўзровень папулярнасьці кіраўніка Францускай рэспублікі за ўвесь час правядзеньня апытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG