Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Анатоля Белага, чые 75-я ўгодкі прыпадаюць на 10 сьнежня, мы пагутарым з мастаком Алесем Цыркуновым, пісьменьнікам Яўгенам Гучком і краязнаўцам Ільлёй Копылам.

Ягоны музэй у Старых Дарогах уражвае наведнікаў сваім размахам. У самім музэі і на прылеглай тэрыторыі ўсталяваныя помнікі і мэмарыяльныя знакі Ларысе Геніюш, Васілю Быкаву, Міколу Ермаловічу, удзельнікам Слуцкага паўстаньня — агулам іх каля 80. Як гэта ўсё мог зрабіць адзін чалавек? Пра Анатоля Белага, чые 75-я ўгодкі прыпадаюць на 10 сьнежня, мы пагутарым з мастаком Алесем Цыркуновым, пісьменьнікам Яўгенам Гучком і краязнаўцам Ільлёй Копылам.

— Спадарства, вы ўсе — сябры клюбу «Спадчына», якому, дарэчы, сёлета споўнілася 40 гадоў. Да кіраўніка клюбу Анатоля Белага сёй-той часам ставіўся даволі скептычна, але яго падобныя адносіны ня вельмі бянтэжылі. Ён працягваў рабіць сваю справу — ставіць помнікі, выдаваць часопіс «Полацак», ствараць музэй. Што ў ягонай дзейнасьці было ўсё ж галоўным?

Яўген Гучок: Белы — гэта чалавек, апантаны беларускай ідэяй. Усё ім рабілася ў імя беларушчыны: і музэй, і помнікі, і часопіс. Дарэчы, у «Полацку» друкаваліся вельмі сур’ёзныя гістарычныя матэрыялы, яго аўтарамі былі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Белы, што называецца, заўсёды быў на вастрыі падзеяў. Прычым, часам сам тое вастрыё і ствараў. Я ня ведаю, каго вы мелі на ўвазе, кажучы пра скептычныя адносіны, я магу гаварыць пра Белага толькі са знакам «плюс». І ў клюбе «Спадчына» ён не пазыцыяваў сябе як кіраўнік, а быў даступны, просты, лёгка ўваходзіў у давер да людзей.

Анатоль Белы каля свайго музэя ў Старых Дарогах.

Анатоль Белы каля свайго музэя ў Старых Дарогах.

Ільля Копыл: Калі я ўпершыню ўбачыў Анатоля Белага, мне стала не па сабе. Усё ж ён быў вельмі ўладарны чалавек, усіх ставіў на месца. Помню, як ён літаральна камандаваў на паседжаньні «Спадчыны». І кім? Дактарамі навук, вучонымі, пісьменьнікамі, мастакамі. І ніхто зь іх асабліва не пярэчыў... Нядаўна была трэцяя гадавіна сьмерці Белага, і мы сабраліся адзначыць гэтую дату ў двары БДУ. Я чуў, што там Анатолем Белым пастаўленыя помнікі, але лічыў — невялічкія бюсты. А як глянуў — там такія манумэнты стаяць! І Міколу Гусоўскаму, і Эўфрасіньні Полацкай... Любы зь іх можна ставіць на гарадзкой плошчы. З размахам зробленыя.

— Помнікі былі ці не асноўным захапленьнем Анатоля Белага. Назаву яшчэ адзін — Ларысе Геніюш у Зэльве, які мясцовыя ўлады спачатку хацелі дэмантаваць, але потым зьмірыліся. А дзе яшчэ паўсталі помнікі зь ініцыятывы і стараньнем Белага?

Яўген Гучок: Пачнем з помніка Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі. Там, дарэчы, высілкамі Анатоля Яфімавіча, яго дачкі і жонкі быў захаваны дом, у якім жылі Багдановічы. Цяпер там музэй беларускага клясыка. У Маладэчне Белы паставіў помнік Міколу Ермаловічу. У Халопенічах на Барысаўшчыне стаіць помнік бацьку паэта — этнографу Адаму Багдановічу. Дарэчы, паставіць яго дапамагаў Іван Шамякін. А згаданы помнік Геніюш ля зэльвенскай царквы дабраславіў мітрапаліт Філярэт. Каля музэя ў Старых Дарогах ёсьць помнік слуцкім паўстанцам, а таксама — Тадэвушу Касьцюшку, дзеячам БНР, гісторыку Міколу Ўлашчыку, Васілю Быкаву... Увогуле, там 78 помнікаў і мэмарыяльных знакаў.

Гісторыя Беларусі ў асобах: Язэп Драздовіч, Мікола Ўлашчык, Ларыса Геніюш…

Гісторыя Беларусі ў асобах: Язэп Драздовіч, Мікола Ўлашчык, Ларыса Геніюш…

— У адным месцы яны дзіўнавата глядзяцца. Была б куды большая карысьць, каб тыя помнікі па ўсёй Беларусі разьвезьці.

Яўген Гучок: Згодны, але ж гэта ня так проста зрабіць. Пакуль што беларускія ўлады, асабліва ў раёнах, не гатовыя прыняць помнікі такім дзеячам. Дарэчы, Белы спрычыніўся і да ўсталяваньня помнікаў Эўфрасіньні Полацкай у Полацку і Кірылу Тураўскаму ў Тураве. Менавіта ён хадзіў і дамагаўся.

— Белы сваім спрыяльнікам выдаваў керамічныя мэдалі і ганаровыя граматы ад клюбу «Спадчына». Але відавочна, што мэцэнатаў такім чынам ня знойдзеш. Помнікі — рэчы нятанныя. Як Белы ўсё ж знаходзіў сродкі?

Алесь Цыркуноў: Ён іх знаходзіў найперш на тэхнічную працу, на неабходныя матэрыялы. А ўсё астатняе рабілася мастакамі ахвярна, дзеля беларушчыны. Белы заўсёды своечасова заўважаў, хто што робіць, над якой тэмай працуе, і стараўся падключаць такіх мастакоў да сваіх праектаў. А музэй як папаўняўся? Скажам, памёр нейкі скульптар, і ягоныя творы маглі трапіць на сьметнік. Белы быў тут як тут, пакуль самазвал прыедзе, ён ужо адгружаў колькі мог пацягнуць. Заўсёды прасіў сяброў прыехаць і дапамагчы пагрузіць.

Мэмарыяльная шыльда “Заснавальнікам БНР”.

Мэмарыяльная шыльда “Заснавальнікам БНР”.

Яўген Гучок: Ён любіў паўтараць: «Трэба ўмець працаваць». Дарэчы, Белы быў чальцом шматлікіх арганізацый — Саюзу пісьменьнікаў, Саюзу мастакоў, Саюзу журналістаў. У яго кантакты былі паўсюль. Ён знаходзіў патрэбных людзей, прасіў дапамагчы, і яму рэдка хто адмаўляў. Тыя ж помнікі ў двары БДУ паставіць ён падахвоціў тагачаснага рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. Вядома, часам фундатары прасілі не афішаваць сваіх імёнаў... Ведаеце, каб Белы заняўся бізнэсам, ён быў бы нацыянальна сьвядомым алігархам! Але ж ён пайшоў у мастацтва, у культуру, у гісторыю. Ён вялікую справу рабіў. І мы ўсе сёньня адчуваем, як нам не хапае Белага.

— У старадароскім музэі — дзясяткі, калі ня сотні, жывапісных твораў. Для мастакоў было прэстыжна разьмясьціць свае творы ў калекцыі Белага?

Алесь Цыркуноў: Ніякага прэстыжу ў гэтым не было. Мастакі разумелі: Старыя Дарогі — не Парыж, але творы туды аддавалі. Аддавалі, бо ведалі — там будзе музэй, які шырока раскрые наш нацыянальны космас. Верылі Беламу, верылі ў ягоны музэй, ведалі, што ён будзе дзейнічаць, людзі будуць бачыць іхныя творы — беларусы і замежнікі.

Яўген Гучок: І Белы нікога не падмануў — музэй і сёньня дзейнічае. Яго выставачная плошча 500 квадратных мэтраў, на ёй выстаўлена 1700 адзінак мастацтва. Творы Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Барыса Заборава, Мікола Селешчука, Арлена Кашкурэвіча, там нават жывапіс Васіля Быкава ёсьць. Там прадстаўленыя, скажам, усе народныя мастакі Беларусі. Той жа Леанід Шчамялёў, які вельмі спагадліва ставіўся да Белага, называў яго «народным чалавекам», ахвотна аддаваў у музэй свае работы. Усе аддавалі, прычым ахвярна, ведаючы, што ўсё будзе захавана і выстаўлена.

А. Белы выступае на 100-годзьдзі Ларысы Геніюш у Ваўкавыску. Толькі што з гэтага дому міліцыянты зьнялі памятную шыльду.

А. Белы выступае на 100-годзьдзі Ларысы Геніюш у Ваўкавыску. Толькі што з гэтага дому міліцыянты зьнялі памятную шыльду.

— У Беларусі здараліся — і неаднаразова — выпадкі, калі нацыянальныя сымбалі здымаліся з прыватных хатаў. Алесь Пушкін дагэтуль працягвае судзіцца са старшынёй Бобраўскага сельсавету, які паламаў Пагоню. Старадароскі музэй літаральна аблеплены Пагонямі і мэмарыяльнымі знакамі, якія ў любым іншым месцы выклікалі б насьцярогу ўладаў. Але ніхто нічога не чапае. Хіба музэй Белага — нейкае загаворанае месца?

Алесь Цыркуноў: Музэй ствараўся ў час, калі нацыянальнае адраджэньне было на ўздыме. Тады чыноўнікі аж запабягалі адзін перад адным, каб паказаць, што яны з народам. Яны маглі і гісторыі ня ведаць, але згаджаліся з усім. А сёньня ўлады да музэя ставяцца нэўтральна — па інэрцыі. Хоць дробныя праблемы ўзьнікалі. Скажам, была такая каманда — школьнікаў туды не пускаць. Цяпер, здаецца, пускаюць. Усё нармальна.

Яўген Гучок: У словах Алеся ёсьць рацыя, але ня ўся. Справа ў тым, што ў Анатоля Белага была ахоўная грамата. Тлумачу. У Старых Дарогах ёсьць вайсковая частка. Аднойчы туды прыехаў мітрапаліт Філярэт, нешта там асьвячаць. Начальства рознае сабралася. І Белы — туды. Яго не пускаюць ахоўнікі, а ён кажа, што ідзе да свайго чалавека. Да каго? Да ўладыкі Філярэта. Яго прапускаюць, ён падыходзіць, абдымаецца зь Філярэтам, той да Белага таксама як да свайго ставіцца. Начальнікі назіралі і рабілі высновы. «Свой чалавек у мітрапаліта» — гэта і была адна з ахоўных граматаў Белага. Дарэчы, ён сапраўды даводзіўся Філярэту сваяком — па жонцы, Але Мікалаеўне.

— Адраджэньне даўно мінулася, мітрапаліт цяпер у нас другі, а ідэалягічна падазроны музэй стаіць.

Яўген Гучок: Улады церпяць. Усё ж такі Белы быў вядомай фігурай. Ён узнагароджваўся царкоўным ордэнам Кірылы Тураўскага, чэскім мэдалём Масарыка. Клюб «Спадчына» мае свой сайт, ён даволі папулярны, на яго штодзень заходзіць каля 400 чалавек. Цішком музэй не прыкрыеш.

Ілья Копыл: Улады яго са смакам зьелі б, калі б гэта было магчыма. Але гэта выкліча вялікі розгалас. Яны гэта ведаюць, скрыгочуць зубамі, але церпяць. Перадача на Радыё Свабода — таксама розгалас, але станоўчы.

Помнік заснавальніку музэя ў Старых Дарогах. Аўтар Уладзімер Лятун.

Помнік заснавальніку музэя ў Старых Дарогах. Аўтар Уладзімер Лятун.

— Перад апошнім пытаньнем я згадаю словы Міхася Стральцова зь яго выдатнага эсэ «Загадка Багдановіча»: «У нас багатая спадчына, паболей бы добрых спадчыньнікаў». Ці знайшліся годныя спадчыньнікі для той спадчыны, якую пакінуў Беларусі Анатоль Белы?

Алесь Цыркуноў: Калі гаварыць пра клюб «Спадчына», то сёньня ранейшага размаху, на жаль, няма. Клюб існуе больш намінальна. Дарэчы, Мікола Ермаловіч называў «Спадчыну» ў яе лепшыя часы народным унівэрсытэтам. Хто з выдатных людзей там ні выступаў! Там можна было пачуць каго заўгодна. А якія лекцыі па гісторыі Беларусі чыталіся! Што да спадчыньнікаў, то навошта іх шукаць? Яны ёсьць у прамым сэнсе — дачка Сьвятлана і ўнук Алесь.

Яўген Гучок: Клюб «Спадчына», на мой погляд, перафарматаваўся і сёньня існуе ў выглядзе музэя ў Старых Дарогах. Туды людзі прыяжджаюць нават у непагадзь — па адным, кампаніямі, сем’ямі, з усёй Беларусі. Прыяжджаюць і замежнікі — былі турысты з Гішпаніі, Нямеччыны, Францыі, Грузіі, Украіны. У кнізе водгукаў так шмат удзячных запісаў, што мы мяркуем выдаць іх асобнай кнігай. А што стрымлівала і стрымлівае ўлады? На маю думку, Белы як калекцыянэр — эўрапейская велічыня. І калі над музэем навісьне пагроза закрыцьця, то будзе ведаць уся Эўропа, увесь сьвет. І гэта — яшчэ адна ахоўная грамата Анатоля Белага.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG