Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына сярод «варагаў» ва ўрадзе Ўкраіны


Украінская служба «Голасу Амэрыкі» піша пра падрабязнасьці кар’еры новага міністра фінансаў Украіны — амэрыканкі ўкраінскага паходжаньня Натальлі Ярэські.

Пасьпяховая бізнэс-вуман Натальля Ярэська апошнія 20 гадоў жыла ва Ўкраіне. Да апошняга часу ўзначальвала інвэстыцыйную кампанію Horizon Capital. У яе кіраваньні было больш за 600 000 000 даляраў. Сетка рэстаранаў «Швидко», шакалад «АВК», сыры «Шостка» — гэта толькі некалькі зь дзясяткаў зробленых ёю пасьпяховых інвэстыцый.

Вярхоўная Рада прызначыла новы склад ураду Ўкраіны. Міністрам фінансаў стала амэрыканка ўкраінскага паходжаньня Натальля Ярэська. Пасьпяховая прадпрымальніца стварыла ва Ўкраіне тысячы працоўных месцаў. На новай пасадзе ад яе чакаюць такіх жа эфэктыўных, але непапулярных рашэньняў. Яе ўгаварылі прыйсьці на працу ва ўрад і адмовіцца ад амэрыканскага грамадзянства. У гэтым складзе Кабміну яна будзе не адзінай былой іншаземкай. У парлямэнце тым часам рыхтуюць закон, які б здымаў усе абмежаваньні на працаўладкаваньне замежных украінцаў на дзяржаўную службу.

«Я — украінка. Была і ёсьць. Сёньня мела гонар стаць украінскай грамадзянкай», — гэтыя словы цяпер ужо былая амэрыканская грамадзянка Натальля Ярэська сказала, выйшаўшы з залі пасяджэньняў Вярхоўнай Рады пасьля таго, як яе прызначылі міністрам фінансаў Украіны.

Яна вырасла ў Чыкага, у сям’і ўкраінскіх эмігрантаў.Сваю першую працу атрымала ў амэрыканскай амбасадзе ў Кіеве, пасьля пайшла ў бізнэс.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк, прадстаўляючы ў Радзе Натальлю Ярэська прызнаў,— пераканаць яе прыйсьці на дзяржаўную службу аказалася нялёгкай справай:

«Яна не згаджалася, таму што яна хацела перад тым як прыйсьці ў гэтую парлямэнцкую залю, высьветліць, якім чынам будзе працаваць урад і якія задачы стаяць перад гэтым урадам. Я быў уражаны падыходам Натальлі».

Далёка ня ўсе ўзрадаваліся, што пасады ва ўкраінскім ўрадзе атрымалі выхадцы зь іншых краін. Некаторыя папракаюць, што кваліфікаваных кадраў хапае і сярод украінскіх грамадзян. Расейскія тэлеканалы наогул назвалі яе агентам Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Аднак парлямэнт, падобна, не плянуе спыняцца — дэпутаты ня супраць прыцягваць на дзяржаўную службу і іншых прадстаўнікоў украінскай дыяспары. Для гэтага, кажа народны дэпутат Алег Медуніца, плянуюць палегчыць працэдуру працаўладкаваньня:

«Мы зараз гаворым пра зьмену адпаведнага закону, які б надаў замежным украінцам адпаведны статус і прыраўняў яго да грамадзяніна Ўкраіны. Такім чынам усе абмежаваньні што да ўкраінцаў-грамадзян іншых краін падчас паступленьня на дзяржаўную службу будуць зьнятыя». Апрача Натальлі Ярэська міністрамі ва ўрадзе Арсенія Яцанюка прызначаныя грузін Аляксандр Квіташвілі (міністар аховы здароўя) і літовец Айварас Абрамавічус (міністар эканомікі). Усе «міністры-варагі» атрымалі ўкраінскае грамадзянства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG