Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Расеяй зьявіліся мытнікі і памежнікі,— сьведкі


Пункт пропуску на беларуска-расейскай мяжы. Фота з расейскага боку. Дарога Р21 Віцебск — Смаленск
Пункт пропуску на беларуска-расейскай мяжы. Фота з расейскага боку. Дарога Р21 Віцебск — Смаленск

На Магілёўшчыне ў Клімавіцкім раёне на мытным пункце пропуску «Зьвянчатка» аўтамабілісты заяўляюць, што мытнікі праводзяць праверку фураў. Як сьцьвярджаецца, правяраюць машыны выбарачна. Чэргаў няма.

«Памежнікаў зьявілася шмат, кажа жыхар адной з памежных вёсак, якая непадалёк ад «Зьвянчаткі»:

«Мы езьдзілі нядаўна ў Расею, дык зьвярнулі на гэта ўвагу. Ажыятажу вялікага няма на шашы, але вось пагранічнікаў чамусьці туды панагналі ладна. І зь беларускага боку, і расейскага боку. Казалі, што некаторыя фуры заварочвалі назад. Мы аднак не ўдакладнялі, чые яны былі, беларускія, ці расейскія».

Пра падобную сытуацыю кажуць і іншыя аўтамабілісты з Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтыя заявы пакуль ня маюць. Наадварот у некаторых паведамленьнях гаворыцца пра нармалізацыю паставак харчоў з магілёўскіх перапрацоўчых прадпрыемстваў у Расею.

Мытны пункт пропуск «Зьвянчатка» знаходзіцца на шашы № Р43, якая вядзе зь Беларусі праз расейскі Рослаў у Маскву.

Паводле расейскага інфармацыйнага рэсурсу РБК, мытнікі правяраюць ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі, што, паводле відавочцаў, прывяло да вялікіх затораў на мяжы. Паводле заявы Фэдэральнай мытнай службы Расеі (ФМС), з расейскага боку мытнага кантролю не ажыцьцяўляецца.

Пра гэта заявіла агенцтву ТАСС ТАСС прадстаўнік прэс-службы ФМС Алена Грак.

Раней паведамлялася, што беларускія ўлады пачалі татальную праверку грузавікоў, якія перасякаюць ў абодва кірункі расейска-беларускую мяжу. Мяркуючы па паведамленьнях на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, праверкам падвяргаюцца ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі. Так, беларускія мытнікі распавялі, што канфіскавалі незадэкляраваныя ювэлірныя вырабы ў грамадзяніна Казахстана, які рухаўся на Porshe Cayenne.

У сацыяльных сетках зьявіліся сьведчаньні відавочцаў, якія сьцьвярджаюць, што ў сувязі з праверкамі чэргі на пунктах пропуску з расейскага боку расьцягнуліся на некалькі кілямэтраў.

Прадстаўнік беларускай мытні пацьвердзіў факт правядзеньня мытных праверак. Паводле яго слоў, праверка аднаго аўтамабіля займае да дзесяці хвілінаў. Мытныя пасты на межах Расеі, Беларусі і Казахстану спынілі працу 1 ліпеня 2011 года ў сувязі са стварэньнем Мытнага саюзу. Пасьля таго як Расея ў жніўні 2014 ўвяла прадуктовыя антысанкцыі супраць краінаў ЭЗ, ЗША і некаторых іншых дзяржаў, Масква неаднаразова абвінавачвала Беларусь у рээкспарце забароненых прадуктаў, а таксама ў ілжывым транзыце іх у Казахстан, калі на справе увезеныя прадукты «раствараліся» на тэрыторыі Расеі.

«Фэдэральная мытная служба Расеі пацьвярджае, што беларускія калегі ўзнавілі сваю працу, — заявіла Радыё Свабода супрацоўніца прэсавай службы ФМС РФ Алена Грач. — З расейскага боку кантроль на мяжы не адбываецца». Даваць больш падрабязную інфармацыю прэс-служба ФМС Расеі пакуль адмаўляецца. Пацьвердзіць ці абвергнуць наяўнасьць чэргаў на беларуска-расейскай мяжы яны таксама ня могуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG