Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча ў Менску 9 сьнежня: Кіеў не пераносіў, сэпаратысты ня едуць


Сутрэча ў Меснку ў верасьні. Архіўнае фота.
Сутрэча ў Меснку ў верасьні. Архіўнае фота.

Прадстаўнікі Ўкраіны і сэпаратысты ня маюць згоды адносна сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны, якая павінна адбыцца 9 сьнежня ў Менску.

Расейскае агенцтва «ТАСС» прыводзіць словы прадстаўніка луганскіх сэпаратыстаў Уладзіслава Дэйнэга, што яны ўзгаднілі з данецкімі прадстаўнікамі дату сустрэчы на 12 сьнежня.

Гэта пацьвердзіў памочнік прадстаўніка сэпаратыстаў Данецкай вобласьці Дзяніса Пушыліна, які сказаў іншаму расейскаму агенцтву «РІА Навіны», што абедзьве групоўкі ўзгаднілі паміж сабой дату 12 сьнежня і настойваюць на ёй, каб пасьпець падрыхтаваць свае патрабаваньні для сустрэчы.

Акрамя таго, дадаў ён, 9 сьнежня прадстаўнікі сэпаратыстаў ўсё роўна ўжо не пасьпеюць дабрацца да Менску.

Затое прадстаўнік Савета нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка паведаміў гэтага ж агенцтву 8 сьнежня ўвечары, што ніякіх зьменаў у пазыцыі Кіева адносна даты сустрэчы ў Менску няма, і яна павінна адбыцца 9 сьнежня.

7 сьнежня данецкія сэпаратысты ўжо заяўлялі, што да 9 сьнежня не пасьпеюць ўзгадніць шэраг важных пытаньняў «са сваім кіраўніцтвам», і сустрэча, на іх думку, павінна адбыцца не раней чым 12 сьнежня. Разам з тым прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка паўтарыў, што гэтая сустрэча павінна адбыцца як мага хутчэй, каб ужо 9 сьнежня можна было пачаць спыненьне агню.

Новая сустрэча Трохбаковай кантактнай групы па рэалізацыі мірнага пляну на Ўсходзе Ўкраіны з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ, як паведамляў раней Парашэнка, заплянавана ў Менску на 9 сьнежня. На папярэдніх такіх сустрэчах таксама прысутнічалі прадстаўнікі данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG