Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы прысуд за ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году: паўтара мільёна рублёў штрафу


Уладзімер Пруднікаў, сябра Гарадзенскай арганізацыі АГП

Уладзімер Пруднікаў, сябра Гарадзенскай арганізацыі АГП

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Пруднікаў з Горадні пакараны Сьвіслацкім раённым судом штрафам у памеры 10 базавых велічынь — паўтара мільёна рублёў.

Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая нібыта адбылася сёлета 26 кастрычніка ў Сьвіслачы, калі актывісты з розных гарадоў Беларусі ўскладвалі кветкі і запальвалі зьнічы каля помнікаў Віктару і Кастусю Каліноўскім і Рамуальду Траўгуту, а таксама на месцы былой сядзібы Каліноўскіх у вёсцы Якушоўка.

Паводле Пруднікава, на яго быў складзены тыповы пратакол, і сьведчылі тыя самыя сьведкі, што і падчас іншых судовых разьбіральніцтваў над удзельнікамі акцыі ў Сьвіслачы: міліцыянты Садоўскі і Паўлючэня. Яны давалі тыя самыя паказаньні: маўляў, грамадзкага парадку не парушаў, але акцыя адбывалася без дазволу ўладаў.

Уладзімер Пруднікаў кажа, што нават не наймаў адваката, паколькі ня лічыць сябе вінаватым. Даводзіў суду, што складзены на яго пратакол за наведваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных з паўстанцамі 1863 году, — гэта парушэньне яго грамадзянскіх правоў. Але суд гэтага да ўвагі не прыняў.

Пруднікаў кажа, што ўпершыню перажыў нешта падобнае, але яго вельмі ўразіла тое, за што могуць асудзіць у Беларусі. І ўпершыню адчуў, як улада палохаецца двух дзясяткаў людзей, якія выходзяць зь бел-чырвона-белым сьцягам, каб ускласьці кветкі да помнікаў нацыянальным героям і запаліць зьнічы.

Пруднікаў: «Сьмешна і сумна адначасова. Сумна ад таго, што парушаныя мае чалавечыя правы. Сумна, што выконваўся проста нечы загад, бо ўсё выконвалася нібы пад кальку: тыя самыя сьведкі казалі завучанымі фразамі. Сумна, што завочна складаюць пратаколы, цягаюць людзей па судах і робяць з мухі слана. У іх ужо нейкая паніка і фобія».

Сёньня ў гэтай жа справе ў Лідзе меўся адбыцца суд над актывістам з Бярозаўкі Лідзкага раёна Сяргеем Трафімчыкам. На яго таксама склалі пратакол, паводле якога зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Сяргей Трафімчык нязгодны з пратаколам і лічыць, што ў Сьвіслачы ўшаноўваў памяць паўстанцаў 1863 году, а ня ўдзельнічаў у нейкай акцыі. Ён атрымаў з суда позву, але на суд вырашыў ня ехаць, а накіраваў туды ліст, у якім патлумачыў прычыну сваёй няяўкі.

Сяргей Трафімчык

Сяргей Трафімчык

Трафімчык: «Проста надакучыла ўдзельнічаць ва ўсім гэтым — кожны раз адно і тое ж, і загадзя ведаеш, што там будзе. Ты прыйдзеш, а міліцыянты будуць хлусіць табе ў вочы, усьміхацца нахабна. Судзьдзя нават слухаць ня будзе, што ты гаворыш, а пасьля на дзьве хвіліны выйдзе, вернецца і зачытае табе пастанову суда — і ідзі плаці штрафы. Ну і навошта мне ў гэтых пастаноўках удзельнічаць? Няхай яны самі гуляюць у свае гульні».

Рашэньне суда адносна Трафімчыка пакуль невядомае. Але ўжо на сёньняшні дзень у Гарадзенскай вобласьці за ўдзел у Дні памяці ў Сьвіслачы асуджаныя 7 чалавек і ўсе атрымалі штрафы.

Вядома, што са Сьвіслацкага суда атрымалі позвы сябры АГП Аляксандра Васілевіч і Віктар Бабкін. Васілевіч даслала ў Сьвіслач хадайніцтва з прапановай аб’яднаць іх справы ў адну і разгледзець у адзін дзень.

Старшыня гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў атрымаў са Сьвіслачы афіцыйнае пісьмовае паведамленьне пра тое, што складзены на яго пратакол за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мерапрыемстве адпраўлены на дапрацоўку. Паводле Саранчукова, міліцыянты, якія прыходзілі знаёміць яго з пратаколам, ня склалі пратакол ягонага апытаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG