Dźmitry Hurnievič дзеліцца сьвежай замалёўкай з жыцьця беларускай правінцыі.
Каля местачковага сяльпо стаіць кент. З крамы выходзіць другі.
Першы пытаецца:
– Ну што, купіў?
– Ато.
– А што?
– Вітаўта.
– А што эта за хвігня?
– Прыдурак, гэта ж наш князь быў, Вітаўт. Во паглядзі (паказвае бутэльку).
– Аааа, ну тады пайшлі.
Нядаўна прачытаў у маладога беларускага рускамірца пра тое, што Беларусь стане нацыянальнай дзяржавай у выпадку, калі будзе надалей мець палітычную незалежнасьць. У сэнсе, што працэс можна павярнуць у адваротны бок, толькі акупаваўшы-анэксаваўшы-інкарпараваўшы Беларусь у склад Расеі:
– "Белоруссия «не потеряна» для России лишь в том случае, если она вернётся в состав Российского государства до того, как большинство населения окончательно поверит в свою «нерусскость». Пока эта точка невозврата ещё не пройдена, однако время, к сожалению, работает не в нашу пользу".
Я веру маладому ідэйнаму імпэрцу. У яго мазгі не абцяжараныя папярэднім савецкім ідэйным шлакам. Толькі так – нягледзячы ні на што, у тым ліку на антыбеларускую палітыку цэнтральнай улады, і прамыўку мазгоў праз расейскія СМІ, беларуская дзяржаўнасьць для большасьці беларусаў – не пусты гук. На хай сабе такі скрыўлены патрыятызм – дзяржаўны без нацыянальнай складовай – працавалі практычна ўсе СМІ і інстытуцыі Беларусі.
У той жа час зь ня меншай трывогай прыхільнікі нацыябудаваньня адсочваюць маячкі працэсаў, што патэнцыйна пагражаюць незалежнасьці.
Знакі працэсаў, якія ўжо існуюць па-за афіцыйным лукашэнкаўскім дыскурсам, зьяўляюцца апошнім часам ці не штодня. То міліцыя забірае ўкраінскія дзяржаўныя сьцягі ў гледачоў канцэрту ўкраінскага гурта «Океан Ельзи», то на «Белкаліі» ў адкрытую зьбіраюць дапамогу «Наваросіі», то проста ў быце адбываюцца сутычкі на ўкраінскай глебе.
Апошнім часам ізноў усплыла тэма беларускага эпічнага раману кшталту «Вайна і мір». Як па мне, беларуская «Вайна і мір» пішацца сёньня.
Умоўны раман «Вайна і мір» у Беларусі зьявіцца тады, калі завершыцца гістарычны цыкль. Пакуль фінал, і адпаведна раман, хоць бы часткова, можа быць толькі фэнтэзійным.
У Беларусі ніколі не было паўнамаштабнай грамадзянскай вайны, але халодная грамадзянская не спынялася ніколі.
Незавершаны гештальт самых розных групаў. Тут і голас камбедаўскай басоты, і праваслаўныя фашысты, і старыя антыкамуністы – з тых яшчэ часоў, і крэпкія хазяйсьцьвеньнікі, якія «паліцікай не інцірысуюцца».
Груба кажучы, фінал «Вайны і міру» станецца зразумелым, калі будзе перамога аднаго з бакоў. Пацягне за сабой «вата» краіну ў багну данбасізацыі, то і чытаць ня будзе каму. А калі будзе адваротны вынік – дафармаваньне сучаснай нацыі, будзе каму чытаць-пераасэнсоўваць сябе, а значыць, будзе стымул і азарт пісаць падобныя эпічныя тэксты.
Бо ў адрозьньне ад былых часоў, сёньня Беларусь мае палітычную суб'ектнасьць, пазначаную на карце дзяржаўнай мяжой.
Колькі каго з кожнага боку? Мы насамрэч ня ведаем. Адна справа – паўтараць нейкія тэзісы сьледам за тэлевізарам, іншая – праявіць сябе пэўнай справай: занесьці грошы для «Наваросіі» ці прыйсьці на канцэрт з украінскім сьцягам.
Крокі да зьменаў у кожным грамадзтве робіць актыўная меншасьць.
Ва ўлады цяпер цугцванг: куды ні пойдзеш, усё кепска. Пойдзеш разам з Расеяй – трапіш пад каток санкцый і ігнор сусьветнай супольнасьці. Дыстанцуесься ад Расеі – атрымаеш зь ейнага боку праблемы.
Можа быць нават на радасьць маладому імпэрскаму летуценьніку – акупацыю і анэксію.
Паварочвацца на Захад? Ужо не павераць. Ды празамбаваны электарат не зразумее такога рэзкага развароту.
Тым беларусам, хто сёньня на прарасейскім баку, варта нагадаць прыклад крымскіх міліцыянтаў і вайсковых, якія перайшлі на бок агрэсара. Іх пазвальнялі, ці папераводзілі ўглыб РФ.
Здраднікаў ніхто ня любіць. Вораг з гонарам і годнасьцю заслугоўвае большай пашаны, чым здраднік. Лёгіка простая: здрадзіў адзін раз, чаму ня здрадзіш другі – ужо нам?
Тым беларусам, для якіх незалежнасьць краіны не прадмет для абмеркаваньня і гандлю, варта гуртавацца, яднацца, і рабіць далей хто што як можа ў бок мацаваньня прабеларускіх пазыцый.
Тэарэтычна РФ можа на нейкі час захапіць Беларусь, што толькі паадкрывае вочы тым, хто сёньня ў разгубленасьці. Захопніцкія крокі прывядуць РФ да поўнай ізаляцыі, і краху эканомікі. А без эканомікі акупаваць немагчыма. Нават «свае ісконныя тэрыторыі».
Тым часам, калядна-навагоднія сьвяты ніхто не адмяняў.
Думаючы пра лёс нашай часам шматпакутнай, а часам пасьпяховай Бацькаўшчыны, я паралельна прыкідаў, у што апрануць дзіцёнка на школьны баль-маскарад? Хацелася б у беларускага супэргероя.
Якія б не ішлі працэсы, якія б не зьяўляліся маячкі і знакі, пакуль з касьцюмам супэргероя ў Беларусі ўсё проста, бо выбар невялікі: дастаткова толькі павязаць бел-чырвона-белую стужку.