Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць дзён у Карпатах на Новы год — 165 даляраў, у «Сілічах» — 900


Тым часам адмыслоўцы кажуць, што выстаўленыя адміністрацыяй комплексу цэньнікі не адпавядаюць «горнаму» статусу Беларусі, а стаўка на расейскіх турыстаў сумнеўная ў сувязі з імклівым абясцэньваньнем тамтэйшай валюты і падзеньнем узроўню прыбыткаў.

Шараговым жа беларусам істотна таньней зьезьдзіць у суседнія Ўкраіну і Польшчу, дзе, да таго ж, горы сапраўдныя, а не насыпаныя.

У нядзелю кіраўнік краіны наведаў шматфункцыянальны цэнтар «Сілічы» пад Лагойскам, які ўзводзіўся пад ягоным асабістым кантролем, — апроч хакею, Лукашэнка з сынамі любіць бавіць час на горных лыжах. Ён азнаёміўся з інфраструктурай беларускага курорта, ацаніў стан трасаў і ў цэлым гатовасьць комплексу прымаць аматараў актыўнага ладу жыцьця. Убачаным Лукашэнка застаўся задаволены. Праўда, ён ніяк не выказаўся пра кошты. А яны ўражваюць, асабліва падчас калядна-навагодніх вакацыяў. Так, заезд ад 31 сьнежня да 3 студзеня абыдзецца ў 673 даляры з чалавека ў гатэльным нумары (люкс — 718 даляраў) і 725 даляраў з кожнага ў катэджы. Пяць начэй у прамежку ад 3 да 8 студзеня будуць каштаваць 897 даляраў кожнаму ў тым жа двухмясцовым нумары (люкс — 973 даляры) і 984 даляры ў катэджы. Удвая даўжэйшыя сьвяткаваньні ў «Сілічах» могуць каштаваць да 2000 даляраў з госьця.

Крыху больш сьціплыя тарыфы выставіла прыватная гарналыжная база «Лагойск», якая належыць буйному бізнэсоўцу Юрыю Чыжу і знаходзіцца літаральна ў дзясятку кілямэтраў ад «Сілічаў». Тым ня меней, трохмясцовы нумар, пачынаючы ад 30 сьнежня, абыдзецца ў 200 даляраў за суткі на кампанію, двухпакаёвы домік стартуе ад 300 даляраў.

Жыхарка Менску Юлія разам зь сяброўкамі зьбіраецца на Новы год у Карпаты. Паводле яе слоў, адпачынак у гарах Украіны, што выгадна адрозьніваецца ад штучных схілаў Лагойшчыны, на парадак таньнейшы:

«Драгабрад» — даволі папулярны ва Ўкраіне гарналыжны курорт, месьціцца крыху далей за Букавель. Езьдзім ужо ня першы раз. Дык вось пяць дзён, уключна з Новым годам, два гады таму каштавалі нам 300 даляраў. Гэта з двухразовым харчаваньнем і сьвяточным сталом у навагоднюю ноч. Сёлета, у сувязі з падзеньнем грыўні, мы паглядзелі, фактычна такія ж самыя ўмовы нам будуць каштаваць 165 даляраў на чалавека. Гэта за пяць дзён пражываньня, з харчаваньнем і г.д. Асабіста не глядзела, што сёлета з Польшчай, але знаёмыя ў адзін голас кажуць, што нашмат таньней, чым у Беларусі. Да Татраў больш складана дабірацца, але каб быў выбар, то гэта адназначна ня «Сілічы», бо «Сілічы» — гэта космас. Нават зьезьдзіць туды проста пакатацца ў вольны дзень — лішні раз падумаеш. Так, узяць сям’ю з трох чалавек, то дарога, арэнда абсталяваньня, пад’ёмнікі — а пад’ёмнік патрэбны часта, бо гэта ня горы, а пародыя на іх — мінімум у сотню даляраў за дзень абыдзецца«.

У ранейшыя гады перад працяглымі вакацыямі аншляг беларускім «горным курортам», як і санаторыям, і аграсядзібам, рабілі заможныя расейцы. Сёлета попыт заўважна зьменшыўся, і, як скардзяцца ўдзельнікі турыстычнага рынку, мае месца нязвыклая для апошніх гадоў зьява — адмова ад ужо забраніраваных тураў. Ці не пераацанілі ўласныя здольнасьці беларускія апэратары — пра гэта разважае кіраўнік Беларускага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстар:

«Калі яны выставілі такія кошты — значыць, на нешта разьлічваюць. Але агульная тэндэнцыя расейскага рынку, якую мы цяпер назіраем, сьведчыць аб тым, што яны актыўна манітораць адпачынак у сваёй краіне, прыкладаюць да гэтага вялікія намаганьні ў мэтах эканоміі валюты, усіх іншых выдаткаў, якія расейскі турыст на сёньня дазволіць сабе ня можа. Увогуле на гэты момант адзначаецца агульная тэндэнцыя падзеньня колькасьці выездаў расейцаў у іншыя краіны».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, хочуць адпачываць прынамсі за расейскія рублі, не за іншую валюту?»

«Так, прынамсі за свае расейскія рублі. Бо з улікам таго, што інфляцыя пакуль не апярэджвае абясцэньваньне рубля як такога, можна прагназаваць, што большая частка патэнцыйных турыстаў застанецца ў Расеі. Іншымі словамі, агульная тэндэнцыя азначылася ў той бок, што масавага прыезду расейцаў у гэтым годзе, як летась, не чакаецца. А што засьведчыць практыка? Як кажуць, куранятаў па восені лічаць, але і ўзімку таксама».

Экспэрты прадказваюць застой ня толькі дзяржаўным курортам і здраўніцам, але і аграсядзібам, большасьць якіх былі ў чаканьні нашэсьця з усходу. Як кажа кіраўніца аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, многія гаспадары па інэрцыі выставілі звышкошты, якія адпужваюць нават тых, хто дагэтуль грошы не лічыў: асобныя фальваркі ацэньваюць свае паслугі ў больш чым тысячу даляраў за суткі. Але цяпер ня той час, кажа суразмоўца, каб нажывацца на турыстах з Расеі:

«Не зважаючы на сытуацыю ў Расеі, некаторыя гаспадары яўна пераацанілі свае апэтыты. Цяпер расейцы спрабуюць гандлявацца, бо браніравалі па адных цэньніках, а зь пералікам курсу ўсплываюць зусім іншыя сумы. Ня так гэта цяпер проста, як было яшчэ некалькі гадоў таму. У іх на турыстычным рынку ўвогуле ўсё дрэнна. Збанкрутавалі 14 вялізных турапэратараў, 130 тысяч чалавек зь ліку рэальных кліентаў пацярпелі. Таму ў іх цяпер страх што тычыцца перасоўваньня за межы краіны: ні на якія чартэры яны ўвогуле ня хочуць саджацца, хочуць мець рэгулярныя рэйсы і гарантаваны квіток у абодва бакі. Таму, з аднаго боку, у адсутнасьці альтэрнатывы з задавальненьнем паехалі б у Беларусь, а зь іншага боку — які ў гэтым сэнс, калі давядзецца выкладаць неадэкватныя грошы? Тады ўжо лепей дома».

Паводле статыстыкі амбасады Расеі ў Менску, на мінулыя навагоднія сьвяты, калі канфлікт Расеі з Украінай выглядаў лякальным, як мінімум некалькі дзён у Беларусі правялі блізу мільёну расейцаў. З улікам амаль 50-працэнтнага ад пачатку году абясцэньваньня расейскага рубля ахвотных пераплачваць за беларускія цэньнікі стала істотна меней.

XS
SM
MD
LG