Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная тэатральная прэмія — уваход у савецкі фармат


Нядаўна былі ўручаныя ўзнагароды трэцяй Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Сёлета іх атрымалі толькі дзяржаўныя тэатры ды іх супрацоўнікі. Зрэшты, гэта было чакана, бо з моманту ўтварэньня прэміі цалкам зьмяніўся мэханізм фармаваньня журы, прычым з цывілізаванага, заходняга варыянту тэатральная прэмія вярнулася да «найлепшых» практык савецкіх часоў.

Сымбалічна, што праілюстравала гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна ўручала ўзнагароду «Рускаму тэатру» (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя М. Горкага) і вырашыла пажартаваць:

«Хоць журы працавала ў адсутнасьці міжнароднага назіраньня, думаю, выбар быў свабодным, дэмакратычным». Але ж тут не да сьмеху, бо прэмія сапраўды стала такой жа свабоднай ды дэмакратычнай, як і іншыя мерапрыемствы, у якіх бярэ ўдзел спадарыня Ярмошына.

Разьвялі тут дэмакратыю!

А ў 2011 годзе, калі Нацыянальная тэатральная прэмія толькі нараджалася, усё вельмі абнадзейвала. На фармат узнагароды паўплывалі сцэнарыст Андрэй Курэйчык ды тагачасны міністар культуры Павел Латушка. І так ці інакш, а вынік атрымаўся годны. Была створана так званая акадэмія, куды ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх тэатральных калектываў, крытыкі, грамадзкія дзеячы — агулам болей 150 чальцоў. Для не такой ужо і вялікай тэатральнай сфэры Беларусі — цалкам прадстаўнічае журы, меркаваньні якога сапраўды адлюстроўвалі адзнакі прафэсіяналаў. Дарэчы, і галасы іх лічылі таемна, пад зьнешнім кантролем. То бок працэс быў калі не эўрапейскім (традыцыя ўсё ж адсутнічае), то стаяў на цывілізаваным шляху.

У 2011 і 2012 гадах схема папрацавала ў такім самым выглядзе, а потым на год зьнікла — занадта ўжо шакавалі Мінкульт ды блізкіх да яго «заслужаных» тэатралаў вынікі. Бо атрымалася такая дэмакратычная прэмія, якая ігнаравала сумнеўныя традыцыі (накшталт абавязковых узнагарод юбілярам) і прысуджала ўзнагароды без аглядкі на статусы, а выключна за творчыя дасягненьні. А пры таемным галасаваньні вялікай колькасьці людзей нават немагчыма знайсьці «вінаватых»!

І вось у 2014 годзе прэмію ўручаюць зноў, але ж фармат цалкам зьмяніўся.

Ня столькі нацыянальная, колькі дзяржаўная

Ні пра якія «акадэміі» ці «грамадзкасьць» гаворка ўжо ня йдзе, цяпер журы — гэта «правераныя» 11 чалавек. Старшыня Беларускага саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, які якраз сёлета атрымаў узнагароды, нават не хавае сваіх адносін да меркаваньня шырокіх тэатральных колаў:

«Я ж заўсёды быў супраць натоўпу. Мне ж падаецца, што выбіраць пераможцаў павінны мэтры, і іх ня трэба багата. Можа дзесяць, можа пятнаццаць чалавек».

Цікава ўзгадаць, што яшчэ ў кастрычніку пісаў сцэнарыст Андрэй Курэйчык: «З па-сапраўднаму нацыянальнай апусьцілі ў фармат тыповага местачковага фэстывальчыку... Замест самавітай і магутнай акадэміі, якая аб’ядноўвала б эліту беларускага тэатру... — журы зь дзясятка чалавек, якія кіруюцца і залежаць ад волі міністэрства, кіраўніка СТД Дударава, ад двух-трох галоўных тэатраў краіны... А вось прыватнаму тэатру даваць нацпрэмію ні ў якім разе нельга, гэта не па-дзяржаўнаму». І не адна ўзнагарода Дударава, і адсутнасьць прэмій у прыватных тэатраў, і зручны да зьнешняга кіраваньня фармат журы — усё гэта так і атрымалася.

Зрэшты, калі ўжо шукаць па-сапраўднаму яркія тэатральныя праекты году, дык гэта «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча, што паставіў прыватны «Тэатар Ч». Спэктакль атрымаў узнагароды ў Літве ды шыкоўныя адзнакі ў літоўскай ды беларускай прэсе. Але ж узнагароды Нацыянальнай тэатральнай прэміі атрымліваюць іншыя спэктаклі — і нават Дудараў прызнаецца, што глядзеў далёка ня ўсе з іх (што ўжо казаць пра звычайных гледачоў).

Дык мэтры ці грамадзкая акадэмія?

Зрэшты, вернемся да пытаньня Дударава — хто ж павінен вырашаць лёс тэатральных прэмій? Зірнем на досьвед краінаў, у якіх вельмі розная культурная палітыка, але ж вялікія тэатральныя традыцыі.

У Вялікабрытаніі галоўная тэатральная прэмія — Laurence Olivier Awards. Яе ўручае «Тэатральная супольнасьць Лёндану», парасонавая арганізацыя тэатраў Вэст-Энду. Зрэшты, да працы прыцягваюцца і адмыслоўцы зь іншых тэатраў, такіх як Old Vic, Young Vic, Royal Court Theatre. Журы складаецца як з ананімных экспэртаў, так і з прадстаўленых публічна.

У ЗША падобная прэмія — Tony Awards. Арганізатарамі зьяўляюцца грамадзкая арганізацыя «Амэрыканскае тэатральнае крыло» ды «Брадвэйская ліга», бізнэс-саюз брадвэйскай тэатральнай індустрыі. Яе камітэт з 24 чалавек складаюць прадстаўнікі гэтых і яшчэ чатырох грамадзкіх арганізацый. А ўжо ён вылучае чальцоў журы (дарэчы, на трохгадовы тэрмін): у сёлетнім сэзоне іх было 50. Але і гэта ня ўсё, бо агулам у гэтым годзе права голасу мелі 868 дзеячаў, у тым ліку, напрыклад, з грамадзкай арганізацыі прэсавых крытыкаў ды тэатральнай рады амэрыканскага таварыства кастынгу.

У Францыі такую ролю адыгрывае Ўзнагарода Мальера (Les Molières), якой займаецца тэатральная асацыяцыя (АРАТ) пры падтрымцы Міністэрства культуры (у гэтай краіне роля дзяржавы ў культурных справах традыцыйна высокая). Зрэшты, тут і скандал: прыватныя тэатры вінавацілі прэмію ў непразрыстасьці. Але ж іх заўвагі былі ўлічаныя, і Генасамблея АРАТ павялічылася з 80 да 447 чальцоў, у яе зьявіўся новы прэзыдэнт, Irène Ajer, асоба незалежная ад вырабу або распаўсюду тэатральнай прадукцыі.

Высновы, так бы мовіць, відавочныя. Зьмяншэньне колькасьці журы, непразрыстасьць яго працы, арганізацыя прэміі Мінкультам ды Мінгарвыканкамам — гэта крокі насуперак сусьветнаму тэатральнаму досьведу, якія вядуць беларускую Нацыянальную тэатральную прэмію толькі назад, у савецкую мінуўшчыну.

Вадзім Мажэйка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG