Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці дазволілі пікет да Дня правоў чалавека, а ў Баранавічах — забаранілі


Уладзімер Вялічкін
Уладзімер Вялічкін

Як паведамляе Вясна, двухгадзінная акцыя (з 13.00 да 15.00) адбудзецца ў берасьцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 10 сьнежня, калі споўніцца 66 гадоў з моманту прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Як паведаміў ініцыятар пікету, праваабаронца Уладзімір Вялічкін, хаця да заяўкі на пікет не была прыкладзена дамова з адміністрацыяй гэтага парку на прыборку тэрыторыі (бо дырэктар установы адмовіўся ад заключэньня такой дамовы), акцыя дазволена берасьцейскімі ўладамі, пра што сьведчыць ліст за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Генадзя Барысюка.

Паводле словаў Уладзіміра Вялічкіна, падчас пікету плянуецца ня толькі ўзгадваць гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, але і прыцягнуць увагу да існаваньня ў Беларусі палітычных зьняволеных, патрабаваць ад уладаў хутчэйшага вызваленьня гэтых асобаў.

У той самы час Баранавіцкі гарвыканкам забараніў правядзеньне 10 сьнежня пікету. Заяўнікамі акцыі выступілі мясцовыя праваабаронцы Сяргей Гоўша і Вячаслаў Болбат. Афіцыйны адказ на іх заяўку падпісаны намесьнікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Дзьмітрыем Касьцюкевічам. Як вынікае зь ліста, улады ўбачылі ў дзеяньнях заяўнікаў акцыі парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах і рашэньня гарвыканкаму "Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы". На думку чыноўнікаў, парушэньне, у прыватнасьці, заключаецца ў тым, што арганізатары пікету не накіравалі копію заяўкі ў праваахоўныя органы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG