Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«... я сядзеў у адчыненай кавярні на Мэдысан-авэню і раптам убачыў кіно. Літаральна на мяне ішлі пэрсанажы, знаёмыя па любімых фільмах. І толькі пазьней я заўважыў, што за імі не кацілася на колах камэра: Ўудзі Ален і Міа Фэроў проста гулялі».

Гэтак Пётра Вайль, які сышоў з жыцьця пяць гадоў таму, пачынае эсэ «Экранны час Ўудзі Алена».

А для мяне сам Вайль быў легендарным пэрсанажам легендарнай нью-ёрскай кампаніі (ці, магчыма, лепей сказаць, інтэлектуальнай творчай супольнасьці) – дзе першымі нумарамі, безумоўна, былі Даўлатаў і Бродзкі. І тое, што ў агульным калідоры праскай рэдакцыі «Свабоды» цягам амаль дзесяці гадоў я сустракаў Вайля дзесятак разоў на дзень, што часта даводзілася гутарыць пра нейкія рэдакцыйныя справы, - ад гэтага адчуваньне легэндарнасьці не прытуплялася.

Хаця, канешне, Пётра Вайль – фігура самадастатковая і бяз фактару датычнасьці да кагосьці іншага. У літаратуры рызыкоўна расстаўляць аўтараў па ранжыру, але цяпер ужо зразумела, што ў расейскай літаратуры ў эсэістыцы роўнага Вайлю – няма.

Гэта пацьвярджае і кніга «Свобода — точка отсчёта», якая выйшла ў Маскве ў выдавецтве «Астрель» і куды Эльвіра Вайль сабрала публікацыі дваццаці гадоў.

Вайль зьдзіўляе і дыяпазонам інтарэсаў (кіно, спорт, жывапіс, літаратура, палітыка) і глыбінёй ведаў, той свабодай і лёгкасьцю, зь якой ён апэруе сотнямі імёнаў і гістарычных падзеяў. Але што прыкметна: ніякага снабізму, лёгкі, бліскучы стыль, парадаксальнасьць думкі – як і ў іншых кнігах Вайля.

Вайль сапраўды валодаў абсалютнай інтэлектуальнай свабодай – свабодай ад ідэалёгіяў і стэрэатыпаў, што дазваляла яму падарожнічаць па часе і прасторы. Тут, як і ў «Гении места», геаграфія – зямны шар.

Пры тым, што, як прызнаецца Вайль, «пісаць жа заўсёды агідна. Я думаю, што чалавек, які з задавальненьнем сядае пісаць – ненармальны. Альбо завершаны графаман, альбо проста «крануты». (Нешта падобнае, дарэчы, я чуў і ад Васіля Быкава – што часам вельмі цяжка сябе прымусіць пісаць).

Уласьцівасьць сабраных у кнізе твораў Вайля – кожны абзац уяўляе своеасаблівае мікра-эсэ. Падаецца, якраз такая канцэнтрацыя энэргетыкі думкі і стылю робіць гэтыя, вельмі часта напісаныя «з нагоды» тэксты – актуальнымі і сёньня.

Хаця можна знайсьці і наўпроставыя рэмінісцэнцыі з нашым часам. Эмацыйным ударам быў для мяне самыя апошнія радкі самага апошняга эсэ Пятра Вайля, прысьвечанага 40-годзьдзю савецкай інтэрвэнцыі ў Чэхаславаччыну – апошняга і ў ягоным жыцьці, і ў кнізе:

«На нейкім мармуры альбо, наадварот, віламі па вадзе, каб вечна насіла прыбоем, варта б напісаць фразу, адчаканіную Аляксандрам Галічам сорак гадоў таму на шмат гадоў наперад: «Граждане, Отечество в опасности! Наши танки на чужой земле!».





  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG