Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабіна Брыло зь Менску напісала, што ня можа «мысьліць пра “нас” у катэгорыі нацыі». Маўляў, беларусы да сваіх падступныя, беларусы беларусаў дураць, зьневажаюць і б’юць.

Цяпер, між іншым, большасьць беларусаў ня мысьляць пра сябе ў катэгорыі нацыі. Такі вынік працы дзяржаўнай ідэалягічнай машыны за 20 гадоў: ад дзіцячага садка да труны можна прайсьці «па жызьні», ані разу ня ўспомніўшы, што ты беларус. Калі ні разу не выяжджаць за межы краіны. А калі выехаць, можна пабачыць, што і палякі, і немцы, і французы часта ня менш за нашых паводзяцца да суайчыньнікаў падступна. Толькі вам яны ніколі ня скажуць, што ад гэтага яны не палякі, ня немцы і не французы. І таму, дарэчы, нам ня кідаюцца ў вочы праявы іхнай падступнасьці, бо яны мысьляць катэгорыяй нацыі, а гэта, так бы мовіць, справы сямейныя, і парадак у сваёй сям’і кожны мусіць наводзіць сам, без пабочных.

Рэч у тым, што Сабіна Брыло зь Менску бярэ толькі палову катэгорыі нацыі, нібы мысьліць толькі паловай галавы – той, якая «для ўнутранага карыстаньня». Беларус можа сказаць пра сваю нацыю ўсё, што ён пра яе думае. Але ёсьць і другая палова: для ўсіх іншых мы – беларусы, і ніяк інакш. Таксама мы беларусы – для нашых дзяцей, якіх гадуем і выхоўваем не бязроднымі ніхтамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG