Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне расейскага рубля стварае ў пэўным сэнсе новую сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі і прымушае па-новаму ацаніць розныя сцэнары прэзыдэнцкіх выбараў.

У гэтыя дні мы ўсе (чарговы раз) становімся сьведкамі гістарычных працэсаў. Здаецца, ніхто пакуль не зьвярнуў увагу на ўнікальную сытуацыю, калі ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў беларускія заробкі і пэнсіі могуць перавысіць расейскія. Паводле дадзеных на верасень гэтага году, сярэдняя пэнсія ў Расеі складае каля 10900 расейскіх рублёў. Калі раней, пры стабільным курсе ў раёне 36 рублёў за даляр — гэта было каля 300 даляраў, то цяпер, па курсе 54 рублі, гэта 200 даляраў! Тым часам у Беларусі сярэдняя пэнсія ў лістападзе склала 2 мільёны 643 тысячы, то бок каля 250 даляраў.

Сярэдні заробак у Расеі — каля 33 тысяч рублёў (пры гэтым трэба разумець, што больш за палову насельніцтва атрымлівае да 20 тысяч, а высокая сярэдняя лічба ўтвараецца ў тым ліку дзякуючы некалькім працэнтам людзей зь вельмі вялікімі даходамі). І калі да падзеньня рубля гэтая лічба выглядала для беларусаў неяк завоблачна, то цяпер гэта празаічныя 610 даляраў. У Беларусі сярэдні заробак у кастрычніку — 6 мільёнаў 377 тысяч, то бок 590 даляраў. Яшчэ пару пунктаў падзеньня расейскага рубля, і заробкі беларусаў аўтаматычна абгоняць расейскія.

Цяпер у Расеі перамогаў ужо няма, Расея пачынае бяднець, а рубель валіцца – за што любіць такую краіну практычнаму і цынічнаму беларусу?

Няма ніякіх падставаў лічыць, што бліжэйшым часам эканамічныя справы Расеі палепшацца, нават прагнозы афіцыйных расейскіх ведамстваў прадугледжваюць падзеньне вытворчасьці ў наступным годзе. Курс 60 рублёў за даляр на канец году многія экспэрты называюць вельмі аптымістычным сцэнаром. Паводле расейскіх аналітыкаў, эканамічны крызіс, рэцэсія былі непазьбежным вынікам працэсаў апошніх гадоў, а падзеньне коштаў на нафту і заходнія санкцыі супраць Расеі гэты працэс толькі паскорылі і ўзмацнілі.

Калі беларусы — дзякуючы СМІ і асабістым кантактам — усьвядомяць новую сытуацыю, то іхняе стаўленьне да Расеі непазьбежна пачне мяняцца. Паспрабую адзначыць некаторыя найбольш відавочныя наступствы гэтага працэсу. Перш за ўсё, як я перакананы, прывабнасьць Расеі ў вачах шараговага беларуса працягне падаць. Паводле сацыёлягаў, пік любові да Расеі, які наступіў у момант анэксіі Крыму, ужо пройдзены. Расея перамагала, і беларусы, якія любяць пераможцаў (урэшце, гэта ўласьціва многім народам, але, магчыма, беларусам у большай ступені), Расею горача палюбілі. Цяпер у Расеі перамогаў ужо няма, Расея пачынае бяднець, а рубель валіцца — за што любіць такую краіну практычнаму і цынічнаму беларусу?

Падзеньне расейскага рубля стварае кардынальна новае ўяўленьне пра расейцаў у беларускай масавай сьвядомасьці. Фактычна ўсе апошнія 20 гадоў расейцы абгрунтавана ўспрымаліся як больш заможныя, у масавым стаўленьні да іх панавала прыблізна такая фармулёўка: «заробкі ў іх, канешне, большыя, затое ў нас дарогі лепшыя, парадку больш і алігархаў няма». Цяпер у гэтай формуле сярмяжнай мудрасьці зьнікае тое амаль адзінае, што падабалася ў Расеі масаваму беларусу.

Выглядае, што пасьля некалькі гадоў адноснага зацішша мы ўступаем у эпоху новых гандлёвых войнаў з Расеяй.

Далей. Падзеньне заробкаў у Расеі ў даляравым вылічэньні прывядзе да рэзкага памяншэньня беларускіх гастарбайтэраў. Навошта рызыкаваць, ехаць у чужую краіну за сотні кілямэтраў ад дому, жыць і працаваць часта ў невыносных умовах — каб атрымаць у выніку не нашмат болей, чым на радзіме. Дзясяткі, а то і сотні тысячаў беларусаў, пераважна працоўнага, актыўнага ўзросту вернуцца з Расеі ў сваю краіну. Які ўплыў гэта зробіць на рынак працы, на сацыяльную стабільнасьць? — Пакуль цяжка сказаць. Але факт, што гэта дадатковы выклік і праблема для беларускай улады, бо гадамі праблемы беспрацоўя і сацыяльнай напружанасьці аўтаматычна вырашаліся працоўнай міграцыяй самых актыўных грамадзянаў.

Наступны аспэкт — на фоне праблемаў зь бюджэтам відавочна будзе павялічвацца эканамічны эгаізм расейскіх уладаў. Цяперашні канфлікт зь беларускімі прадуктамі — гэта толькі першыя ластаўкі. На фоне зьніжэньня даходаў уласнага насельніцтва любыя захады супраць Беларусі будуць успрымацца больш пазытыўна і бізнэсам, і расейскім насельніцтвам — маўляў, «самім не хапае». Урэшце, ролі будуць мяняцца, бо з-за падзеньня рубля цяпер ужо Беларусь будзе вымушаная адбівацца ад нелегальнага імпарту праз Расею танных заходніх і ўсходніх тавараў. Выглядае, што пасьля некалькіх гадоў адноснага зацішша мы ўступаем у эпоху новых гандлёвых войнаў з Расеяй.

Падзеньне расейскай валюты ўжо цяпер ускладніла жыцьцё беларускіх экспартэраў. Зьнікае галоўная перавага беларускага экспарту ў Расеі — танны кошт. Ужо ў кастрычніку беларусы прадалі ў Расею больш у таварным вылічэньні, але атрымалі за гэта менш грошай. Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі яшчэ 11 лістапада заяўляў, што Беларусь не выйграé, а нават страчвае ад экспарту ў Расею з-за дэвальвацыі расейскага рубля (які быў тады 45). Даходы бюджэту ад экспарту ў Расею відавочна зьнізяцца, а сытуацыя на прадпрыемствах, завязаных выключна на Расею, кардынальна пагоршыцца, што адпаведным чынам будзе ўплываць на настроі іхніх супрацоўнікаў.

...Агульным месцам стала казаць, што прэзыдэнцкая кампанія 2015 году ня можа мець ніякіх сюрпрызаў, што яе хада і вынік загадзя прадвызначаныя. Аднак падзеньне рубля і тыя чыньнікі, якія ўсплываюць у гэтай сувязі, ствараюць у пэўным сэнсе новую сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Падаецца дастаткова імаверным, што кампанія пройдзе на фоне антырасейскай рыторыкі з боку афіцыйнага Менску, на фоне гандлёвых войнаў, пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, росту сацыяльнай напружанасьці і зьмены ўспрыняцьця Расеі з боку большасьці насельніцтва. Таму — ня так усё і адназначна, як здавалася яшчэ некалькі месяцаў таму.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG