Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лён — гэта наш беларускі кырт.

Так, менавіта кырт. У Айзэка Азімава ёсьць такі раман — «Касьмічныя плыні». Плянэта Флярына знакамітая на ўсю Галяктыку сваім кыртам, расьлінай, зь якой робяць неверагодна прыгожыя тканіны. Таму Флярына — цудоўны ласунак для усіх хцівых заваёўнікаў, якія ніяк ня могуць пакінуць яе ў спакоі.

«...Кырт! Цар, імпэратар, бог тканін! З хімічнага гледзішча гэта ўсяго толькі гатунак цэлюлёзы. Хімікі прысягаліся гэтым. Але нават з усімі сваімі інструмэнтамі і тэорыямі яны не маглі патлумачыць, чаму на Флярыне і толькі на Флярыне з усёй Галяктыкі цэлюлёза робіцца кыртам...»

Што б там ні казалі пра тое, што беларусы — вясковая нацыя, урбанізм усё мацней уядаецца ў нашыя мазгі — як хімічны сродак, як кіслата. Гарадзкі беларус, які ў падлеткавым узросьце зачытваўся фантастычнымі раманамі, ведае пра кырт значна больш, чым пра лён. Ён наогул мала знаёмы зь зямлёй, на якой жыве. Ня здольны адрозьніць валошку ад званочка, з таемнай ведай пра тое, што чабор «пахне» — ён асуджаны да скону блытаць дрэвы, краскі і інсэктаў і, далібог, некалі пераблытае адрыну з адронным каляйдарам.

Беларусь — таксама плянэта. У чаканьні новых барбараў яна спрабуе абзавесьціся стратэгічнай сыравінай — мы ж толькі і марым, каб нас хтосьці заваяваў. Ці не з патаемнай думкаю пра тое, што лён — гэта беларускі кырт, мясцовыя ўладары патрабуюць вярнуць ільну былую веліч, і з усіх тэлеэкранаў, газэтаў і сайтаў чуецца дзікі крык, Заклён пра Лён:

«Чаму ад ільну дагэтуль невялікая аддача?

Лён — адзін з сымбаляў краіны!

Уладар патрабуе адрадзіць колішнюю славу беларускага льну!

Чыноўнікі далі Ўладару справаздачу за правалы ў ільняной галіне!

Шклоў зробіцца сэрцам ільногадоўлі Магілёўскай вобласьці!

У дачыненьні да былога дырэктара льнозаводу распачатая крымінальная справа!»

Народ да льну ставіцца з падазрэньнем. Вось нейкая пакупніца — апазыцыянэрка, напэўна — кажа проста ў камэру, што беларуская льняная тканіна жорсткая, ня тое што ў французаў. Што яна вярзе? Няйнакш, лён з туалетнай паперай пераблытала. Проста беларусам зайздросна. Што французы могуць ведаць пра лён? Іхная доля: віно, жабкі і афрыканцы. Кырт расьце толькі ў нас.

«...Але кырту было мала, вельмі мала. Фактычна ўвесь ураджай ішоў на тканіну, зь якой выраблялася самае казачнае адзеньне ў Галяктыцы. Флярына адзявала арыстакратыю на мільёне плянэтаў, так што ўраджай даводзілася разьмяркоўваць надта асьцярожна...»

Але вось насаты візір, «прэм’ер-міністар», абяцае, што лён зробіць беларускую эканоміку здаровай. Намажуць хворыя месцы льняным алеем — і раны загояцца. Можна яшчэ ўліваць ёй у рот па лыжачцы перад сном. І спадзявацца, што не званітуе. Галоўнае — правяраць, як там сэрца Магілёўскай вобласьці? Яшчэ пульсуе?

Хаця беларускі лён здольны і не на такое.

Калі верыць паэтам і пісьменьнікам, у беларусаў нават валасы льняныя. Так глыбока ён пусьціў у нас свае карані. Недзе там, унутры беларуса, дзе бульба сустракаецца з ільном, пануе сапраўдная гармонія. Ільняная, як сурвэтка, і танная, як бульба.

Калі ўжо казаць пра літаратуру, дык нашыя паэты міма льняной плянтацыі прайсьці ніяк не маглі.

Поўны пасьмяротны збор вершаў Анатоля Сыса мае назву «Лён» — і гэта адна з найлепшых кніжак у беларускай паэзіі. Але Сыс сам прыдумаў сабе папярэднікаў — бо і ў мінулым стагодзьдзі льняная плянтацыя была тым месцам, куды імкнулася наша літаратура.

Нацыянальная па зьмесьце і камуністычная па форме (ці ўсё ж наадварот?), яна грэла беларускага паэта, карміла яго, паіла і лашчыла ўсімі сваімі тычынкамі і песьцікамі. Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад пяціканцовай кветкі?

Напрыклад, у Купалы ў хрэстаматыйным вершы «Кырт» цудоўная расьліна так ачмурае двух маладых людзей, што яны губляюць чалавечае аблічча і робяцца ячэйкай грамадзтва.

У гэтым творы вядзецца пра дзяўчыну, якая пасеяла на калгасным полі лён. Далей паралельна апісваюцца працэс вырошчваньня і збору льну і працэс паступовага ўзрастаньня гарманальнай актыўнасьці маладой сялянкі. Ільном займаецца яна — а паблізу ўвесь час маячыць такі сабе Брыгадзір Міхась, заняты пераважна тым, што лічыць капы, падміргвае, кладзе руку на жаночы стан і дазваляе цалаваць сябе на бягу. Такі працавіты мужчына прыйшоўся дзяўчыне даспадобы:

«Зьмяла ў мяльніцы я лён, Адтрапала лён траплом, Засьвяціў, як цудны сон, Лён шаўковым валакном. Промень ясны загуляў Па страсе і па сьцяне, Хату новую стаўляў Брыгадзір мой для мяне».

«Ой ты, кырт мой чысты, валакністы, залацісты», — захапляецца гэтая жанчына. Зусім як гераіня Азімава, арыстакратка з расы ўладароў, якая марыць напісаць кнігу па гісторыі кырту, зьлётаць у калёніі, правесьці сэзон у полі, некалькі месяцаў на фабрыцы... Яна ня хоча быць падобнай да іншых дамаў свайго кола, якія лічаць, што кырт расьце на прылаўках фірмовай крамы «Кырцік» на праспэкце Незалежнасьці.

Яна хоча ведаць праўду. І кырт, то бок лён, можа ёй дапамагчы. Бо гэта таксама яго ўласьцівасьць. Як і абарона чалавека ад злых духаў і іншых Брыгадзіраў. Лён робіць чалавека лепшым — нават супраць ягонага жаданьня. Грамадзянін або грамадзянка, якія носяць ільняную вопратку, нагадваюць ільняныя лялькі-абярэгі — некалі такія дзіўныя істоты з ільну і іншых матэрыялаў, быццам госьці зь іншых плянэтаў, жылі ў шмат якіх беларускіх хатах, памагаючы «па хазяйству». Лялькі «дзень-ноч», «памочніцы», «неразлучнікі»... Цяперашнія народныя майстры любяць вышываць на гэткіх ляльках розныя пазытыўныя надпісы па-ангельску — калі папера ўсё сьцерпіць, дык лён і пагатоў.

А яшчэ вядома, што неглюбскі льняны даматканы ручнік упрыгожвае нейкую з заляў ААН. Узяць бы і павесіць яго на месца цяперашняга дзяржаўнага сьцяга. Хай вісіць і хаця б так аднаўляе гістарычную справядлівасьць у брызэнтавую эпоху. Да лепшых, ільняных і кыртавых часоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG