Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША заклікаў узмацніць санкцыі супраць Расеі і даць Украіне зброю


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША большасьцю ў 411 галасоў супраць 10 прыняла рэзалюцыю пад нумарам 758, якая асуджае жорсткім чынам дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі пад кіраўніцтвам Ўладзімера Пуціна, які вядзе палітыку агрэсіі супраць суседніх краін, накіраваную на палітычнае і эканамічнае дамінаваньне.

Як паведамляе Голас Амэрыкі, аўтар рэзалюцыі — кангрэсмэн-рэспубліканец ад штату Ілінойс Адам Кінзінгер.

Гэтай рэзалюцыяй Палата прадстаўнікоў падтрымлівае намаганьні прэзыдэнта Парашэнкі і ўкраінскага народу ў зацьвярджэньні міру, уключаючы поўны вывад расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі, поўны кантроль над мяжой, раззбраеньне сэпаратыстаў і баевікоў, абмежаваньне магчымасьцяў Расейскай Фэдэрацыі выкарыстоўваць энэргетычны экспарт і гандлёвыя бар’еры ў якасьці зброі, спыненьне ўмяшаньня Расейскай Фэдэрацыі ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

Рэзалюцыя асуджае палітычную, эканамічную і ваенную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, Грузіі і Малдовы, парушэньне іх сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. У ёй гаворыцца пра тое, што агрэсія Расеі ва Ўкраіну зьяўляецца парушэньнем Статута ААН і Будапэшцкага мэмарандуму, а таксама ўяўляе сабою пагрозу міжнароднаму міру.

Рэзалюцыя заклікае Расейскую Фэдэрацыю спыніць незаконную анэксію Крыма, падтрымку сэпаратыстаў і вывесьці ваенныя сілы з гэтага рэгіёну. А таксама — вывесьці свае ваенныя сілы з Украіны, Грузіі і Малдовы, спыніць падтрымку іх сэпаратыстаў і парушаць верасьнёўскі пратакол аб спыненьні агню.

Палата прадстаўнікоў заклікае прэзыдэнта ЗША даць украінскаму ўраду неабходнае ўзбраеньне для абароны, паслугі і выведвальныя дадзеныя. І заклікае НАТО спыніць усё вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй. А таксама заклікае прэзыдэнта ЗША супрацоўнічаць з саюзьнікамі для таго, каб нелегальная анэксія Крыма ня прызнавалася, увесьці дадатковыя санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі і яе кіраўніцтва.

Палата прадстаўнікоў заклікае прэзыдэнта ЗША ў кансультацыі з Кангрэсам перагледзець ваенную гатоўнасьць ЗША і НАТО; заклікае Украіну і ЭЗ і іншыя эўрапейскія краіны падтрымаць дывэрсыфікацыю крыніц энэргіі, а прэзыдэнта ЗША і Дзяржаўны дэпартамэнт — распрацаваць стратэгію супрацьстаяньня расейскай прапагандзе.

XS
SM
MD
LG