Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЭФА забараніла футбольным клюбам Крыма ўдзельнічаць у расейскіх спаборніцтвах з 2015 года


Выканаўчы камітэт УЭФА прыняў рашэньне забараніць крымскім клюбам ўдзельнічаць у расейскіх спаборніцтвах з 1 студзеня 2015 года. Пра гэта паведамляе прэс-служба Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый.

Акрамя таго, Расейскі футбольны саюз ня можа арганізаваць любыя футбольныя турніры ў Крыму бяз згоды УЭФА і Фэдэрацыі футбола Ўкраіны.

За гэтым рашэньнем, з пункту гледжаньня футбола Крым надалей і да асобнага абвяшчэньня разглядаецца як «спэцыяльная зона».

Да гэтага часу УЭФА толькі не прызнаваў вынікаў матчаў футбольных клюбаў з Крыма ў расейскіх спаборніцтвах, але не забараняў такіх матчаў.

Пасьля анэксіі Крыма Расеяй клюбы паўвострава пачалі выступаць пад эгідай Расейскага футбольнага саюзу, што выклікала пратэсты ва Ўкраіне.

16 сакавіка 2014 года на тэрыторыі Крыма і Сэвастопаля адбыўся так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, які стаў падставай для Расеі аб’явіць аб ўключэньні Крыма ў свой склад. Сусьветная супольнасьць, у прыватнасьці, Ўкраіна, Эўрапейскі Зьвяз і ЗША, не прызналі гэта галасаваньне і лічаць, што Расея анэксавала Крым.

XS
SM
MD
LG