Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стывэн Хокінг: Машыны пагражаюць існаваньню чалавецтва


Адзін з найбольш вядомых фізыкаў-тэарэтыкаў Стывэн Хокінг лічыць, што спробы стварэньня чалавекам штучнага інтэлекту могуць закончыцца пагібельлю чалавечага роду.

Гэтую перасьцярогу навуковец сфармуляваў, адказваючы на пытаньне журналіста Бі-Бі-Сі пра новую тэхналёгію, якая выкарыстоўвае элемэнты штучнага інтэлекту і дазваляе яму абменьвацца галасавымі паведамленьнямі з навакольным асяродзьдзем .

Стывэн Хокінг хварэе на аміятрафічны склероз і ад 1962 году вымушаны карыстацца крэслам-вазком. У 1982 годзе, пасьля апэрацыі выдаленьня трахеі, ён страціў здольнасьць гаварыць. Сябры тады падаравалі Хокінгу кампутарны сынтэзатар мовы, якім ён кіраваў пры дапамозе мышцы шчакі.

Нядаўна камунікацыйныя кампаніі Intel і Swiftkey распрацавалі новую сыстэму сынтэзаваньня голасу для Хокінга, у якой кампутар вывучае спосаб думаньня навукоўца і падказвае яму словы, якія ён можа скарыстаць у маўленьні.

Прафэсар Хокінг сказаў, што прымітыўныя формы штучнага інтэлекту, якія былі распрацаваныя да гэтага часу, аказаліся вельмі карыснымі для чалавека, але ён баіцца наступстваў стварэньня чагосьці, што можа параўняцца з чалавечым інтэлектам або і перавысіць яго.

«Людзі, якія абмежаваныя павольнай біялягічнай эвалюцыяй, ня змогуць канкураваць і будуць замененыя [машынамі]» — сказаў брытанскі фізык кампаніі Бі-Бі-Сі.

Машыны, як лічыць Хокінг, пры пэўным узроўні тэхналёгіі могуць набыць здольнасьць самастойна зьмяняць сваю канструкцыю ў бок штораз большага ўскладненьня, і адбывацца гэта будзе з штораз большай хуткасьцю.

XS
SM
MD
LG