Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З «Граніту» звольнілі прафсаюзнага актывіста за тое, што не апрануў куртку


Уладзімер Крываў

Уладзімер Крываў

З Уладзімерам Крывавым адміністрацыя прадпрыемства «Граніт» разьвіталася, не працягнуўшы зь ім працоўны кантракт.

Фармальнай падставай для гэтага стала адзінае парушэньне тэхнікі бясьпекі ўвесну гэтага году:

«У канцы зьмены ішоў расьпісвацца да майстра бязь верхняй курткі. За гэта зрабілі заўвагу і вынесьлі загад па прадпрыемству... Для іх гэта, відаць, важкая прычына...» — распавядае звольнены рабочы.

Уладзімер пісаў заявы на імя генэральнага дырэктара прадпрыемства Эдуарда Гаўрылковіча, у суполку афіцыйнага прафсаюзу з просьбай працягнуць зь ім кантракт. Атрымаўшы адпіскі, схадзіў на прыём да дырэктара:

«Ён даў мне зразумець, што, маўляў, умелі падняць народ — умейце адказваць... Ён пра тую куртку нават і ня ўзгадваў...»

Уладзімер Крываў распавёў Радыё Свабода, што адпрацаваў на «Граніце» 20 гадоў — спачатку сьлесарам, потым кіроўцам БелАЗа. За гэты час, кажа рабочы, да яго працы не было ніякіх сур’ёзных заўваг:

«Спагнаньняў, акрамя вось гэтага не было... Прэміі былі розныя — за эканомію паліва, за эканомію шынаў, за вялікі прабег без капітальнага рамонту аўтамабіля... У мінулым годзе заняў восьмае месца па колькасьці рэйсаў па вывазе граніту сярод двухсот кіроўцаў».

Цяпер Уладзімер Крываў шукае працу, але з гэтым, кажа, у Мікашэвічах праблемы.

Уладзімер жанаты, мае двое няпоўнагадовых дзяцей. Фактычна, сям’я засталася бяз сродкаў для існаваньня, жонка Ўладзімера таксама цяпер ня мае працы.

Па камэнтар наконт звальненьня Ўладзімера Крывава Свабода зьвярнулася да намесьніка генэральнага дырэктара «Граніту» па пэрсанале, сацыяльных пытаньнях і ідэалягічнай працы Маргарыты Серавокай. Яна паведаміла, што Крываў звольнены ў сувязі са сканчэньнем кантракту, і не захацела патлумачыць, навошта звальняць пасьпяховага рабочага:

«Са сканчэньнем тэрміну дзеяньня кантракту... Кантракт скончыўся... Ёсьць такі артыкул у Працоўным кодэксе. Пішыце, калі ласка, пісьмовы запыт на імя генэральнага дырэктара, і калі генэральны дырэктар палічыць патрэбным адказваць, тады будзем вам тлумачыць...»

Кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч мяркуе, што Ўладзімера Крывава звольнілі, каб прадухіліць магчымыя хваляваньні рабочых у будучыні:

«Кіраўніцтва прадпрыемства дзейнічае на апераджэньне. Робяць такую подласьць у выглядзе непрацягваньня кантракту зь нефармальнымі лідэрамі... І Ўладзімер Крываў ня першы, разам зь ім звольнілі яшчэ шматдзетнага бацьку, які адпрацаваў 28 гадоў... Улетку звольнілі хлопца — кіроўцу БелАЗа, таксама, аднаго зь лепшых паводле паказчыкаў вытворчасьці працы. Адміністрацыя звальняе лепшых працаўнікоў прадпрыемства».

У сьнежні 2011 году некалькі сотняў працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

Акрамя Ўладзімера Крывава, з прадпрыемства звольнілі актывістаў БНП Алега Стахаевіча, Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага, Людмілу Літвінку, Віталя Пашэчку, Леаніда Дубаносава ды іншых рабочых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG