Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ пра збор дапамогі «абаронцам Данбасу»: «Тут няма нічога такога»


У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пацьвердзілі, што на «Беларуськаліі» зьбіраюць дапамогу для «абаронцаў шахцёрскага Данбасу», і заявілі, што прафсаюзная арганізацыя мае права на гэта.

У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пацьвердзілі, што на «Беларуськаліі» зьбіраюць дапамогу для «абаронцаў шахцёрскага Данбасу», і заявілі, што прафсаюзная арганізацыя мае права на такую дзейнасьць.

Акцыю дапамогі «абаронцам шахцёрскага Данбасу» вырашыў правесьці афіцыйны прафсаюз «Беларуськалія» — «Белхімпрафсаюз».

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня прафсаюзу Ігар Навумовіч, да іх зьвярнулася беларуская філія фонду «Сваіх не кідаем», якая «акрэдытаваная ў Менску». Прафсаюз абмеркаваў гэты зварот на сходзе і вырашыў арганізаваць акцыю дапамогі.

На думку прэсавага сакратара Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юліі Фядотавай, гэтага тлумачэньня Ігара Навумовіча дастаткова.

Паводле абвестак, якія разьвесілі актывісты «Белхімпрафсаюзу», Фонд дапамогі зьбірае цёплую форму і берцы, цёплыя пальчаткі, шкарпэткі і шалікі, футболкі, цяльняшкі і іншае.

Юлія Фядотава пацьвердзіла Свабодзе, што на «Беларуськаліі» зьбіраюць дапамогу для жыхароў Данбасу:

«Мы ведаем, што там зьбіраюць дапамогу, але чуць пра гэтыя рэчы мне дзіўна. Увогуле, прафсаюзная арганізацыя можа самастойна вырашыць прапанаваць камусьці дапамогу. Напрыклад, дзіцячаму дому. Яны маюць права заклікаць супрацоўнікаў свайго прадпрыемства прынесьці алоўкі, сшыткі, лінейкі ці фінансавую дапамогу. Людзі па добрай ахвоце здаюць рэчы і грошы, а пасьля ад імя прафсаюзнай арганізацыі аказваецца дапамога. У гэтым няма нічога такога. Прафсаюзы могуць дапамагчы ня толькі дзецям, але і дарослым, якія маюць патрэбу. Напрыклад, мы дапамагаем вэтэранам, пэнсіянэрам. Калі прафсаюзная арганізацыя вырашыла, што яна хоча дапамагчы камусьці, яна можа гэта зрабіць. Так, мае права зьбіраць дапамогу і дапамагаць таму, каму вырашыла».

Старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў на «Беларуськаліі» Сяргей Чаркасаў пацьвердзіў Свабодзе, што на прадпрыемстве зьявіліся аб’явы з заклікам ахвяраваць прыцэлы і амуніцыю:

«Так, такія аб’явы вывесілі на прадпрыемстве. Сярод іншага зьбіраюць прыцэлы, прылады начнога бачаньня, яшчэ нешта. Гэта ініцыятыва „Белхімпрафсаюза“. Арганізацыя, якую я ўзначальваю, да гэтай акцыі ня мае ніякага дачыненьня. Я катэгарычна супраць таго, каб на прадпрыемстве праводзіліся такія акцыі, лічу, што прафсаюзныя суполкі ні ў якім разе ня могуць падтрымліваць нейкі з бакоў ва ўзброеным канфлікце».

Сяргей Чаркасаў адзначыў, што казаць пра нейкую рэакцыю на аб’яву з боку супрацоўнікаў «Беларуськалія» пакуль рана — абвесткі зьявіліся толькі ўчора.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук цяпер шчыльна займаецца высьвятленьнем таго, чаму на «Беларуськаліі» зьявіліся аб’явы пра збор сродкаў так званым «абаронцам Данбасу»:

«Сёньня мы будзем мець арыгіналы гэтых абвестак. Зразумела, што людзі ў Салігорску, якія цьвяроза мысьляць, проста хапаюцца за галаву, калі іх бачаць».

Прафсаюзныя рухі ня маюць права даваць палітычныя ацэнкі ці займаць адзін з бакоў канфлікту, лічыць Аляксандр Ярашук:

«Незалежны прафсаюз ніколі не ініцыяваў дыскусіяў адносна ўкраінскіх падзеяў, не навязваў ніякага меркаваньня. Прафсаюзы — гэта частка грамадзтва, якая адлюстроўвае самыя розныя меркаваньні: хтосьці падтрымлівае Расею, хтосьці — Украіну, хтосьці — ДНР і ЛНР. Прафсаюзы ня маюць права ствараць унутраны канфлікт на падставе рознасьці меркаваньняў, умешвацца і лезьці ў сытуацыю, адкрыта аддаючы перавагу нейкаму боку. Міжнародны прафсаюзны рух ніколі не дазваляў сабе даваць палітычныя ацэнкі, таму што ў прафсаюзах людзі аб’яднаныя паводле прафэсіі, а не паводле ідэалягічных ці палітычных поглядаў», — адзначыў Аляксандр Ярашук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG