Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Русы паехаў у Маскву здымаць забарону на беларускае мяса і малако


Праблема паставак беларускага харчаваньня ў Расею абмяркоўваецца сёньня на перамовах у Маскве.

Пра гэта паведаміў журналістам у Менску начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, беларускую дэлегацыю ўзначальвае віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Плянуецца сустрэча з віцэ-прэм’ерам ураду Расеі Аркадзем Дварковічам і кіраўніком «Рассельгаснагляду» Сяргеем Данквертам, паведамляе БелаПАН.

На мінулым тыдні «Рассельгаснагляд» увёў забарону на пастаўкі харчовай прадукцыі каля двух дзесяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Расейскае ведамства выявіла ў беларускіх таварах шкодныя мікраарганізмы, геном віруса афрыканскай чумы сьвіней і антыбіётыкі.

Як сказаў журналістам Аляксей Багданаў, паводле папярэдняй інфармацыі, «Рассельгаснагляд» можа зьняць забарону на пастаўкі ў Расею прадукцыі «Бабулінай крынкі» і Калінкавіцкага мясакамбіната.

«Мы наогул ставілі такую пазыцыю, што неабходна» адкрыць" усе прадпрыемствы. Але, па дамоўленасьці з расейскім бокам, мы разглядаем менавіта тыя прадпрыемствы, якія ў найменшай ступені былі абкладзеныя парушэньнямі«, — паведаміў прадстаўнік беларускага Мінсельгасхарча.

«Наша задача — максымальна апэратыўна вярнуць сытуацыю у спакойнае і, галоўнае, прававое рэчышча, і ўрэгуляваць яе за сталом перамоваў. Упэўненыя, што ў беларускага боку дастаткова і фактаў, і прававых аргумэнтаў. Каб зрабіць гэта», — заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне, якія захады робіць зьнешнепалітычнае ведамства нашай краіны дзеля вырашэньня гандлёвага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй.

Дзьмітры Мірончык падкрэсьліў, што Міністэрства замежных спраў, беларуская амбасада ў Маскве аказваюць усё неабходнае садзейнічаньне галіновым ведамствам для хутчэйшага вырашэньня праблемных пытаньняў беларуска-расейскага гандлю і ў сфэры транзыту.

Дзьмітры Мірончык сказаў, што зараз рыхтуецца разгляд гэтых пытаньняў групай высокага ўзроўню Савета Міністраў саюзнай дзяржавы, і гэта павінна адбыцца 9 сьнежня, а таксама на паседжаньні Савета Эўразійскай эканамічнай камісіі 10 сьнежня. «Пры неабходнасьці гэта пытаньне будзе пастаўленае і на паседжаньні Эканамічнага савета СНД 12 сьнежня», — сказаў Дзьмітры Мірончык.

Напярэдадні, 3 сьнежня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што забаронай на пастаўкі беларускіх тавараў Расея пайшла на парушэньне ўсіх дамоўленасьцяў у Мытным саюзе і павяла сябе непрыстойна.

Лукашэнка даручыў на працягу 10 дзён ўрэгуляваць сытуацыю з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею і яе транзытам праз расейскую тэрыторыю ў іншыя краіны.

«Калі Расея ня хоча, каб нейкія тавары ішлі праз яе транзытам у Казахстан, Узбэкістан, Кітай, Манголію, Турэччыну і іншыя краіны, няхай яна займаецца забаронай гэтага транзыту. Але ня мы», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG