Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах, чые вучні езьдзілі ў расейскія ваенізаваныя лягеры, прайшлі ператрусы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Літвы правялі ператрусы ў двух расейскамоўных віленскіх школах, вучні якіх езьдзілі ў ваенізаваныя лягеры ў Расеі.

Як паведамляе літоўскі партал DELFI ператрусы адбыліся ў гімназіі імя Васіля Качалава і ў сярэдняй школе імя Соф’і Кавалеўскай.

«Так, у названых вамі школах працуюць супрацоўнікі Галоўнага камісарыяту паліцыі Віленскай акругі,» — паведамілі DELFI у аддзеле камунікацыі камісарыяту. Паводле галоўнага пракурора Віленскай акруговай пракуратуры Рамуціса Янцявічуса, абвінавачаньні пакуль нікому не прад’яўленыя, затрыманых таксама няма, а правядзеньню ўрокаў у школах ператрусы не перашкодзілі.

Гімназія імя Васіля Качалава і сярэдняя школа імя Соф’і Кавалеўскай патрапілі ў поле зроку праваахоўных органаў пасьля зьяўленьня інфармацыі аб тым, што школьнікі гэтых адукацыйных устаноў езьдзяць у арганізаваныя ў Расеі ваенізаваныя лягеры.

Пракурор Рамуціс Янцявічус казаў, што віленская паліцыя праводзіць ператрусы «ў адміністрацыйных памяшканьнях школ» — у кіраўнікоў і аднаго настаўніка. Акрамя таго, ператрусы правялі і дома ў некаторых асобаў.

«У пракуратуры ніякіх прэтэнзій да школьнікаў няма,» — падкрэсьліў Янцявічус. Паводле яго, расейскія СМІ паведамляюць, што школьнікаў падазраюць у здрадзе Радзіме. «Гэта глупства і поўны абсурд,» — сказаў Янцявічус.

Паводле яго, пракуратура праводзіць расьсьледаваньне паводле 118 артыкулу Крымінальнага кодэксу Літвы — аказаньне дапамогі іншаму дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літоўскай Рэспублікі.

Пракурор не адмаўляў, што цікавіцца і работнікамі расейскай амбасады, паведамляе DELFI.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG