Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец


Павал Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы.

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ.

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997–2004 гг. Адзін з арганізатараў І Кангрэсу беларускай моладзі, нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!», перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь», абароны Курапатаў.

У 1999–2003 гг. — намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 г. — старшыня Маладога Фронту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, аўтар шэрагу кніг.

Сустаршыня стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Міліцыя і КДБ затрымлівалі Севярынца больш за 40 разоў; агулам ён правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і быў аштрафаваны на 3,5 тыс. даляраў. У 1998 г., калі супраць Севярынца распачалі крымінальную справу за арганізацыю вулічных беспарадкаў, правёў два месяцы ў сьледчым ізалятары на Валадарскага.

31 траўня 2005 г. Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. Асудзілі на тры гады абмежаваньня волі, з улікам амністыі тэрмін скарацілі да двух гадоў. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. 22 траўня 2007 г. суд прыняў рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Севярынца вязьнем сумленьня.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 г. і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Пазьней справу перакваліфікавалі ў арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

16 траўня 2011 г. судзьдзя Заводзкага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Выйшаў на волю ў кастрычніку 2013 году.

XS
SM
MD
LG