Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі вайсковец з Коўна шпіёніў на карысьць Беларусі — прадаваў дадзеныя пра сяброў па зброі


Санінструктар Літоўскага войска шпіёніў на карысьць беларускіх спэцслужбаў. Вайсковец, які нарадзіўся і жыў у Коўне, за грошы зьбіраў інфармацыю пра ўзброеныя сілы Літвы, у тым ліку пра сакрэтныя падразьдзяленьні.

Узьнікла небясьпека здароўю і жыцьцю некаторых вайскоўцаў. Шпіён быў затрыманы ў студзені сёлета, у сераду справа перададзеная ў суд.

28-гадовы літовец А. О. Амаль пяць гадоў зьбіраў інфармацыю пра Літоўскае войска, а інфармацыю перадаваў супрацоўніку беларускіх спэцслужбаў. Як цьвердзяць крыніцы, яны сустракаліся ў Літве — паведамляе Довідас Панцэравас на сайце 15min.lt.

«Усе дадзеныя зьбіраліся пра нашы збройныя сілы, асобаў на дзейнай службе, будынкі і іншую важную інфармацыю», — сказаў намесьнік старшага пракурора аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Генпракуратуры Літвы Раймондас Пятраўскас.

Дасудовае сьледзтва было распачата сёлета ў студзені па атрыманьні інфармацыі Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі, сабранай шляхам доўгатэрміновай выведкі.

У тым самым месяцы падазраваны ў шпіёнстве быў затрыманы. Ён пагадзіўся супрацоўнічаць і выказаў шкадаваньне з прычыны сваіх дзеяньняў.

Узьнікла пагроза жыцьцю

Будучы шпіён пачаў службу ў Літоўскім войску ў 2007 годзе — службу праходзіў у вучэбным палку, дысьлякаваным у Рукле.

Да 2008 году быў старшым шарагоўцам Літоўскіх добраахвотных сілаў. Прафэсійны кантракт скасаваны ў сакавіку 2014 году. Тады ён быў санітарным інструктарам мотапяхотнага батальёну імя Альгерда.

Падчас службы падазраваны нічым сярод іншых не выдзяляўся: абавязкі выконваў добра, спагнаньняў ня меў, пару разоў заахвочваўся падзякамі начальства, меў званьне старшага шарагоўца.

«Ён ня меў магчымасьці карыстацца засакрэчанай інфармацыяй. Ён мог перадаць інфармацыю толькі пра тое, што бачыў у сваёй штодзённай працы, на вучэньнях. Сёньня цяжка сказаць, якая дакладна была нанесеная шкода», — сказаў памочнік галоўнакамандуючага Літоўскім войскам палкоўнік Вальдэмарас Рупшыс.

Афіцэр ня выключыў магчымасьці, што падазраваны ў шпіянажы ўдзельнічаў у міжнародных манэўрах.

Паводле пракурора Пятраўскаса, канстатавана, што шпіён учыніў вельмі вялікую шкоду, нават узьнікла пагроза здароўю і жыцьцю некаторых асобаў — ён перадаў беларускай выведцы інфармацыю пра сакрэтныя падразьдзяленьні Літоўскага войска.

Хутчэй за ўсё дадзеныя пра сакрэтных вайскоўцаў ён зьбіраў менавіта падчас манэўраў.

«Несумяшчальна з статусам вайскоўца»

«Дзейнасьць, у якой падазраваная згаданая асоба, несумяшчальная з статусам вайскоўца і расцэньваецца як парушэньне вайсковай прысягі», — пракамэнтаваў сытуацыю галоўнакамандуючы Літоўскім войскам генэрал-маёр Ёнас Вітаўтас Жукас.

«Разам з тым гэты выпадак паказвае, што ва ўзаемадзеяньні зь іншымі ўстановамі аховы бясьпекі, мы можам эфэктыўна раскрываць такія выпадкі», — сьцьвярджае галоўнакамандуючы. Гэта першая гэткая справа ў сыстэме абароны Літвы.

Паводле галоўнакамандуючага, кіраўніцтва абароннага ведамства будзе ўсяляк узмацняць прэвэнцыю шпіянажу і ахову інфармацыі. Будзе актыўней весьціся інфармаваньне асабовага складу пра магчымую небясьпеку шпіянажу і пра адказнасьць пры захаваньні службовай інфармацыі.

Шпіянаж на карысьць Беларусі

У лістападзе ў суд была перададзеная яшчэ адна крымінальная справа, у якой грамадзянін Літвы абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць беларускіх спэцслужбаў. Літовец Р. Л. працаваў у дзяржаўнай установе «Паветраная навігацыя» і зьбіраў інфармацыю пра палёты — як цывільныя, гэтай і вайсковыя.

Ён быў затрыманы дзевяць месяцаў таму, а расьсьледаваньне супрацоўнікі выведкі вялі каля трох гадоў.

Выведную апэрацыю, падчас якой быў затрыманы літовец, што працаваў на Менск, правёў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі. Дасудовае сьледзтва выканалі супрацоўнікі бюро Літоўскай крымінальнай паліцыі, каардынацыю ажыцьцяўляла Генэральная пракуратура Літвы.

Згаданыя дзьве апэрацыі між сабой не зьвязаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG