Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі чакаць абяцаны Лукашэнкам заробак у тысячу даляраў? Няўжо зь 1 студзеня?»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прыхільна выказваўся на адрас беларускай мовы, і нават абяцаў, што месца яе ў грамадзкім ужытку павінна пашырыцца. Увесну на тле вайны ва Ўкраіне ён абвясьціў, што калі развучымся размаўляць па-беларуску, то перастанем быць нацыяй... Зрэшты, ніякіх заўважных, рэальных крокаў у справе дэрусіфікацыі грамадзкага жыцьця пасьля гэтага зроблена не было. А нядаўна кіраўнік Беларусі, нібы просячы ў кагосьці прабачэньня за свае ранейшыя прабеларускія выказваньні, зноў паўтарыў даўні звыклы тэзіс — пра тое, што ненавідзіць нацыяналістаў.

Але рэвэрансы Лукашэнкі ў бок беларускай мовы не засталіся незаўважанымі. Выказваюцца пра іх у сваіх лістах і слухачы Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допіса.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў піша:

«Лукашэнка расчыніў перад сабой бездань і зазірнуў у глыбіні, маштабы якіх ён, можа, нават сам не ўяўляе. Гэта бездань здольная накрыць магутным цунамі нават яго, які лічыць сябе ўсемагутным.

Сапраўды, з аднаго боку — «шанаваньне каранёў і самабытнасьці», з другога — "недапусьцімасьць ні ў коям случае русафобіі па-прыбалційскі«...Тут і ў ідэалягічную прастрацыю можна ўпасьці, а то і ў банальную шызафрэнію. У выніку ня станеш ні Чэхіяй, ні Літвой, а вось дзікае падазрэньне Масквы выклічаш — у неляяльнасьці, а то і бандэра-фашызме. Вось тады і завісьнеш у вакуўме, а Масква пачне карэктаваць — паводле прыкладу Крыму ці Данбасу.

Асабіста для мяне адно ясна: Расея ніякіх паўнацэнных адраджэньняў у сябе пад бокам, у створаным з такімі цяжкасьцямі Эўразійскім саюзе не дапусьціць (калі, канечне, за стандарт адраджэньня лічыць мадэль тых краінаў Усходняй Эўропы, якія ў 2004 годзе ўступілі ў Эўразьвяз).»

Не дапусьціць, спадар Алесь, — але толькі ў тым выпадку, калі ў яе на тое будуць заставацца рэсурсы. Масква і на пачатку 90-х гадоў зусім не зьбіралася адпускаць на волю з такімі цяжкасьцямі на працягу многіх вякоў заваяваныя імпэрскія ўскраіны: да апошняй магчымасьці русіфікавала іх, засяляла рускамоўнымі перасяленцамі, трымала ў абцугах мясцовых іншадумцаў і дысыдэнтаў... Але як толькі зьнясілела, як толькі скончыліся нафтадаляры і пачаліся ўнутраныя бойкі за ўладу ў Крамлі — усе 14 былых «рэспублік-сёстраў» кінуліся ўроссып хто куды.

Цяпер мы назіраем, як Расея пасьля двух дзесяцігодзьдзяў адносна сытага існаваньня зноў слабее. І чым скончацца яе сутаргавыя спробы ўтрымаць пад сваім кантролем калі не былую імпэрыю, дык хоць бы невялікія кавалкі яе — вялікае пытаньне. Пры гэтым ня варта забываць, што Расея нават пасьля распаду 1991 году ўсё яшчэ застаецца шматнацыянальнай імпэрыяй. У выпадку, калі фінансавая магутнасьць і палітычны плыў Крамля чарговы раз аслабнуць — новыя лініі разлому могуць узьнікнуць ужо ў зусім іншых месцах — на Паўночным Каўказе, у Паволжы, у Сыбіры і на Далёкім Усходзе... Маскве будзе не да Беларусі, калі сваю незалежнасьць абвесьцяць, напрыклад, Татарстан, Башкартастан, Дагестан, Бурація ды Якуція...

Украінская тэма гучыць і ў наступным лісьце. Барыс Руцько зь Менску — адзін з тых, хто ўсяляк падтрымлівае расейскую палітыку адносна Крыму і Данбасу і асуджае дзеяньні афіцыйнага Кіева. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

«Цяперашняя ўлада ва Ўкраіне — незаконная, нелегітымная, паколькі яна атрымана ў выніку ўзброенага дзяржаўнага перавароту. ЗША і ўвогуле Захад чакае помста за ўсе тыя грахі, якія яны нарабілі ва Ўкраіне.

Калі Парашэнка зноў наважыцца пачаць вайну ў Наваросіі, то Кіеў чакаюць фатальныя наступствы. Будуць тысячы і тысячы трупаў украінскіх салдат. Бо ў Наваросію прыедуць сотні тысяч добраахвотнікаў. Расейская Фэдэрацыя проста пакуль што стрымлівае гэты наплыў. А можа ж і перастаць стрымліваць. І тады ўкраінскія сілавыя структуры проста перастануць існаваць, іх чакае поўны разгром.

Калі б расейскія войскі сапраўды былі ўведзены ў Наваросію, дык Парашэнка і кампанія даўно ўжо ўцяклі б на Захад, а расейскі салдат стаяў на мяжы з Усходняй Эўропай. Але гэтага няма, бо Расея — не агрэсар. Агрэсары — гэта ЗША, Захад і НАТО, які ажыцьцяўляюць агрэсіўны зьнешнепалітычны курс.

Выйсьце ў Парашэнкі цяпер адно: стварыць Фэдэратыўную рэспубліку Ўкраіну. Патрэбна кардынальная чыстка грамадзтва і ўлады ад фашыстаў і выгнаньне з краіны ўсіх супрацоўнікаў заходніх спэцслужбаў».

Пра так званую «нелегітымнасьць украінскай улады», спадар Руцько, перастала гаварыць нават расейская прапаганда, а Вы гэтага, здаецца, проста не заўважылі. Якая нелегітымнасьць, калі ў краіне адбыліся дэмакратычныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, калі на шматпартыйнай аснове сфармаваны кааліцыйны ўрад?

Даволі дзіўна ў кожным Вашым лісьце чытаць сьцьвярджэньні пра агрэсію Захаду і міралюбівую Расею. Нібы для кагосьці зьяўляецца сакрэтам тое, хто ўзбройвае, корміць, апранае сэпаратыстаў на паўднёвым усходзе Ўкраіны, хто пасылае туды свае вайсковыя аддзелы і падбухторвае экстрэмістаў у іншых рэгіёнах Украіны.

Мікола Канаховіч з Пружанаў, як і многія іншыя нашы сталыя слухачы, аўтары шматлікіх допісаў у рэдакцыю, атрымаў у падарунак выдадзеную сёлета кнігу «Лісты на Свабоду». Прачытаўшы яе, зьвярнуў асаблівую ўвагу на зьмешчаныя ў кнізе допісы Міхаіла Лекаха з Рыгі і Паўла Радзюкевіча зь Вільні — актыўных слухачоў Свабоды, якія, шмат гадоў жывучы за межамі Беларусі, захапляюцца палітыкай першага беларускага прэзыдэнта і цяперашнімі беларускімі рэаліямі. Мікола Канаховіч з нагоды прачытанага піша:

«Калі вам, спадарства, так дрэнна жывецца на тым сьмярдзючым, прагнілым, бесчалавечным Захадзе — дык чаму вы пакінулі сваю квітнеючую гістарычную радзіму? Навошта пакутуеце ў голадзе, холадзе і зьдзеках? Хутчэй вяртайцеся да каранёў, у свой шчасьлівы кут!

Але я чамусьці ўпэўнены, што вяртацца вы не зьбіраецеся. Атрымалі прытулак у чужых краінах — дык будзьце па-чалавечы ўдзячныя латыскаму ды літоўскаму народам. Вас жа там ніхто ня цягне ў паліцэйскі пастарунак, калі пачуе ад вас латыскую ці літоўскую мовы. А вось асабіста ў мяне лукашэнкавы служкі аднялі рэшткі здароўя толькі за тое, што я ў сваёй роднай краіне размаўляю на дзяржаўнай беларускай мове і карыстаюся нацыянальнай сьвятыняй — бел-чырвона-белым сьцягам.

Штомесяц толькі на лекі я вымушаны выдаткоўваць 20-25 працэнтаў пэнсіі. А яшчэ ж трэба харчавацца, апранацца, плаціць за жытло...

Калі ім так даспадобы дыктатура і яе «дасягненьні», ахвотна памяняўся б з гэтымі спадарамі і жытлом, і пэнсіяй, і мэдычным абслугоўваньнем, і нашай камунальнай службай. Але ці захочуць яны мяняцца?«

Сапраўды, спадар Мікола, шанцаў на тое, што яны захочуць пераехаць з Рыгі ды Вільні да вас у Пружаны — ня надта шмат. Увогуле, выпадкі, калі этнічныя беларусы вяртаюцца на гістарычную радзіму з краінаў Эўразьвязу — адзінкавыя. Прычыны гэтага — відавочныя: і заробкі, і пэнсіі, і наогул узровень жыцьця на Захадзе непараўнальныя зь Беларусьсю.

Што праўда, краіны Балтыі, які доўгі час уваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, а потым СССР — далёка ня самая заможная частка Эўразьвязу — са сваімі эканамічнымі ды сацыяльнымі праблемамі. І яны таксама сутыкаюцца з вострай праблемай працоўнай эміграцыі, асабліва моладзі. Вось толькі ўцякае тая моладзь зусім не ў Беларусь і не ў Расею, а выключна ў заходнім кірунку.

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Івана Пагодзіна з Магілёва, які згадаў колішняе абяцаньне ўлады наконт сярэдніх заробкаў беларусаў, дадзенае перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году. Слухач піша:

«8 сьнежня 2010 году, выступаючы на чарговым Усебеларускім народным сходзе, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што сярэднія заробкі ў Беларусі да 2015 году наблізяцца да 1000 даляраў. Гэта я вельмі добра запомніў, бо дужа заманлівая была абяцанка.

І вось 2015 год ужо грукаецца ў дзьверы. Атрымаў я ў лістападзе свой чарговы заробак — тры з паловай мільёны рублёў (а гэта трохі больш за 300 даляраў), і хачу спытацца ў паважанага Аляксандра Рыгоравіча: дык калі чакаць тысячу? Няўжо зь 1 студзеня? Ці бліжэй да выбараў?

А калі тое абяцаньне было чарговым перадвыбарчым падманам, то хто павінен панесьці адказнасьць за пустазвонства і нахабную хлусьню?»

Савецкія людзі ня раз чулі фантастычныя абяцаньні з вуснаў сваіх лідэраў. Мікіта Хрушчоў абяцаў пабудаваць камунізм да 1980 году; Леанід Брэжнеў цьвёрда намерваўся выканаць харчовую праграму да 2000-га і накарміць савецкі народ каўбасой; Міхаіл Гарбачоў да таго ж 2000-га маляваў перад савецкімі сем’ямі пэрспэктывы поўнага забесьпячэньня асобнымі кватэрамі і дамамі.... Тыя даўнія абяцаньні даваліся на аддалены пэрыяд — самі абяцальшчыкі да сьветлай будучыні альбо не дажылі, альбо на той час ужо страцілі ўладу.

А вось Аляксандар Лукашэнка сустракае адведзены самому сабе для дасягненьня неверагоднай для беларусаў зарплаты тэрмін у тым жа прэзыдэнцкім крэсьле... Яму б адсунуць гэту сьветлую мэту гадоў на 20-25 наперад — тады б і апраўдвацца не давялося....

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG