Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: Украінскае «Міністэрства праўды» не пераможа фэйкі з Данбаса


Павал Шарамет
Павал Шарамет

«Калі такое міністэрства Ўкраіне сапраўды трэба, то яго стварэньне варта было пачынаць рыхтаваць, як толькі прыйшла новая ўлада, а не „ляпіць“ Міністэрства інфармацыі за некалькі дзён, каб працаўладкаваць сваяка прэзыдэнта», — мяркуе мэдыяэкспэрт Павал Шарамет.

Міністэрства інфармацыі, якое плянуюць стварыць ва Ўкраіне, будзе займацца актыўным супрацьстаяньнем інфармацыйнай агрэсіі Расеі і прасоўваньнем іміджу Ўкраіны ў сьвеце. Міністрам інфармацыйнай палітыкі стане народны дэпутат Юры Стэць.

Галоўнай мэтай новага ведамства стане распрацоўка і рэалізацыя праграмы інфармацыйнай бясьпекі, гэта значыць, забесьпячэньне жыхароў Украіны дакладнай інфармацыяй зь першакрыніц.

Інфармацыйныя фэйкі, якія суправаджаюць у расейскіх мэдыях баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, можна перамагчы толькі дэманстрацыяй праўды, паляпшэньнем жыцьця ва Ўкраіне, а таксама паляпшэньнем узроўню працы ўкраінскіх журналістаў, лічыць каардынатар сайту «Беларускі партызан» і адзін з аўтараў сайту «Українська правда» Павал Шарамет:

«Адказваць на расейскую прапаганду ўкраінскай контрапрапагандай абсалютна няправільна і неэфэктыўна. Нельга перамагчы хлусьню, прыдумляючы прыгожыя шакуючыя контрахады. А хлусьню расейскіх СМІ можна перамагчы толькі праўдай, але не „міністэрствам праўды“ ».

На думку журналіста, спроба стварэньня Міністэрства інфармацыі, якое мае займацца контрапрапагандай, асуджаная на правал:

«Досьвед „халоднай вайны“ паказаў, што Савецкі Саюз распаўся не з-за Радыё Свабода, не з-за радыё „Голас Амэрыкі“ і не з-за самвыдата. Каляпс адбыўся, бо сыстэма зжыла сябе і развалілася пад цяжарам эканамічных праблемаў. Праблема зь Міністэрствам інфармацыі ва Ўкраіне, якое ўкраінскія журналісты ўжо празвалі „міністэрствам праўды“, заключаецца ў тым, што нельга добрыя справы рабіць кепскімі мэтадамі. Калі такое міністэрства сапраўды трэба, то яго стварэньне трэба было рыхтаваць з таго часу, які прыйшла новая ўлада, а не „ляпіць“ Міністэрства інфармацыі за некалькі дзён, каб працаўладкаваць сваяка прэзыдэнта», — лічыць Павал Шарамет.

Тэхналёгія вырабу інфармацыйных фэйкаў такая, што самі ж журналісты вельмі хутка іх выкрываюць — абвяржэньне зьяўляецца на працягу некалькіх гадзінаў. Разам з тым, сацыялёгія паказвае, што людзі вераць у хлусьню, якую ім паказваюць. На думку Паўла Шарамета, так адбываецца таму, што хлусьня і любая прапаганда заўсёды вастрэйшая і ярчэйшая, чым праўда жыцьця.

«Паводле сацыялягічных зьвестак, дзьве траціны расейцаў і беларусаў падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны, вераць і Пуціну, і Лукашэнку, вераць у хлусьню, якую трансьлююць тэлеканалы».

Кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімер Фясенка ўпэўнены, што контрапрапаганда ня будзе ўваходзіць у задачы міністэрства — з гэтым спраўляюцца актывісты ў сацыяльных сетках:

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Выкрываньне інфармацыйных фэйкаў робяць журналісты і без аніякіх міністэрстваў. Гэтым займаюцца карыстальнікі сацыяльных сетак, прафэсійныя журналісты, актывісты. Часта для гэтага дастаткова знайсьці першапачатковы здымак ці відэа і параўнаць з тым, які нядобрасумленныя журналісты выдаюць за навіну».

На думку палітоляга, новае міністэрства мусіць вырашаць праблему інфармацыйных атак з боку расейскіх тэлеканалаў у самой аснове — не дапускаць трансьляцыі такіх мэдыяў на тэрыторыі Ўкраіны. Таксама міністэрства будзе дбаць пра тое, каб за мяжой, найперш у гатэлях, былі падключаныя ўкраінскія каналы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG